weather17

USD 1.9457

EURO 2.314

RUR(100) 3.344

search

Міністр, дапамажыце з працай – у Ганцавічах ХОЧУЦЬ!

З надзеяй і аптымізмам многія беспрацоўныя Ганцаўшчыны чакалі прапаноў, каб працаўладкавацца да 1 мая. Такую «жэстачайшую» задачу ставіў сам Прэзідэнт.

Тыя, хто трапіў у лік “дармаедаў”, не верылі, што такое магчыма. Дый мала хто ўвогуле верыў, што ў адначассе ўсіх могуць працаўладкаваць.

Да таго ж колькасць беспрацоўных расце ў Беларусі трэці месяц запар. На 1 красавіка, па дадзеных Міністэрствы працы і сацыяльнай абароны, беспрацоўнымі былі 43 426 чалавек. Гэта на 664 чалавекі больш, чым у сакавіку. Выканаць такую амбіцыёзную задачу за кароткі перыяд на 100% – гэта з разраду навуковай фантастыкі. Толькі не для беларускіх чыноўнікаў! Можна толькі радавацца, што ва ўрадзе ёсць безнадзейныя аптымісты. Сярод іх міністр працы і сацабароны Беларусі Ірына Касцевіч. Яе заява выклікала шчырае здзіўленне.

Думаю, не толькі ў мяне аднаго. Каментуючы выкананне даручэння Прэзідэнта пра працаўладкаванне ўсіх беспрацоўных да 1 мая, яна заявіла: “Мы дайшлі да кожнага чалавека. За красавік працаўладкавалі больш 85 тысяч чалавек, – і падкрэсліла: – Хто жадаў, то, вядома, быў працаўладкаваны”. Каму гэта вядома, міністр не ўдакладніла. А вось што дайшлі да кожнага чалавека, то, магчыма, нейкім чынам і дайшлі.

Адзначу, што ў Ганцавічах прадстаўнікі мясцовай улады сапраўды вельмі стараліся. Каб дапамагчы знайсці вакансіі для тых, хто жадае працаўладкавацца, праводзілі кірмашы, збіралі прадстаўнікоў бізнесу, спраўляючыся пра магчымасці стварэння новых рабочых месцаў на іх прадпрыемствах, і сапраўды абавязалі работнікаў з розных арганізацый абысці тысячы адрасоў, каб выявіць, ці жадае чалавек працаваць.

Таму міністр працы і сацабароны Беларусі Ірына Касцевіч не магла выдаць на гара такую заяву проста «ад балды», як іншы раз выказваюцца высокія чыноўнікі ва ўрадзе. Тут жа павінны быць дакументальныя падставы і справаздачы з усіх гарадоў і рэгіёнаў краіны. І ладна б яна сказала, што не ўсё ўдалося. Не! Міністр нават запэўніла: “Усе, хто жадаў, былі працаўладкаваны!” Гэта для чаго – каб Прэзідэнт не сумняваўся, што яго даручэнні выконваюцца бездакорна, ці са страху? Міністр хоць і падняла настрой, але ж сумненне ў пачутым засталося.

Вырашыў праверыць: апытаць людзей, якія не маюць працы, і зрабіў апытанне на сайце GANC-CHAS.BY і ў групах сацыяльных сетак праз інтэрнэт.

На нашым сайце з 26 прагаласаваўшых 14-ці асобам не прапаноўвалі, 10 адмовіліся і два чалавекі атрымалі працу. У сацыяльнай групе “Ганцавічы” ў “Вконтакте” з 53 чалавек, якім за 18 гадоў, 48 чалавек (90,6%) з тых, хто не мае працы, адказалі, што ім не прапаноўвалі працаўладкавацца. Двое адмовіліся ад прапанаваных вакансій, а двое згадзіліся. Павіншуем іх. Хоць нехта атрымаў працу. Усё ж ёсць карысць.

У сацгрупе “Ганцавічы” ў “Аднакласніках” з 35 чалавек 33-м асобам, якія не маюць працы, не прапаноўвалі, а двое адмовіліся.

Можа, спадарыні міністру падалі дадзеныя без уліку ганцаўчан? Пра наш раён часта забываюць кіраўнікі высокага рангу. Аляксандр Рыгоравіч за 23 гады, на жаль, сюды не даехаў. Дык, можа, міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч дапаможа людзям знайсці працу?

Заадно адкажа тым, хто ХОЧА працаваць, і дапаможа нашаму пакутліваму раёну адкрыць новыя рабочыя месцы. Каб не бадзяліся дзесяцігоддзямі ў пошуках працы па прасторах іншых краін і абласцей Беларусі мужчыны, пакідаючы сем`і, каб не гадаваліся дзеці без бацькоў.

Тым больш і Прэзідэнт шмат кажа пра тое, што трэба падтрымліваць невялікія рэгіёны, шукаць і накіроўваць інвестыцыі. Вось дапамажыце, спадарыня міністр, пабудаваць хоць адно новае прадпрыемства ў Ганцавічах, дзе знойдуць працу хаця б дзве-тры сотні чалавек. Не на словах, а на справе. У Ганцавічах ХОЧУЦЬ працаваць!

Из рубрики
comments powered by HyperComments