weather

USD 2.1008

EURO 2.347

RUR(100) 3.3592

search

Жыхар Баранавічаў жорстка збіў маці і выкінуў яе з кватэры паміраць

Збітая жанчына, якую сын выштурхаў з пакоя, некалькі гадзін праляжала на падлозе ў агульным калідоры маласямейкі, але ніхто з суседзяў не выклікаў медыкаў. Ад атрыманых траўмаў гараджанка памерла. Трагедыя адбылася ў адной з малосемеек ў Паўночным мікрараене ўвечары 10 жніўня.

Як паведаміў пракурор г. Баранавічы Аляксей Більдзейка, цела 46-гадовай жанчыны каля чатырох раніцы 11 жніўня ў калідоры дома выявіў сусед.

Паводле папярэдняй інфармацыі, вечарам 10 жніўня паміж загінулай і яе 26-гадовым сынам пасля сумеснага распівання спіртных напояў успыхнула сварка. Мужчына стаў збіваць маці. Па словах пракурора, сын нанёс маці шматлікія ўдары па галаве і тулаве, пасля чаго выкінуў яе ў калідор, дзе праз некалькі гадзін жанчына памерла.

«Гараджанка працяглы час праляжала на падлозе. І я думаю, што людзі хадзілі, бачылі — калідор у доме вялікі, кватэр шмат — але чамусьці ніхто не дапамог жанчыне, не паведаміў аб тым, што здарылася. Як такое магло адбыцца? Чаму людзі настолькі абыякава паставіліся да чужой бяды? Не разумею», — здзіўляецца Аляксей Більдзейка.

Па дадзеных пракурора, мужчына працаваў грузчыкам, раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку ў п’яным выглядзе, а таксама быў судзімы за пагрозу забойства. Гараджанін затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. У дачыненні да яго 11 жніўня пракуратурай распачата справа па п. 6 ч. 2 арт. 139 КК (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю).

comments powered by HyperComments
Из рубрики