weather

USD 2.0584

EURO 2.2803

RUR(100) 3.0864

search

П’яныя «рэкорды» Ганцавіч

«Ураджайнымі» на п’яных вадзіцеляў аказаліся ў інспектараў ДАІ мінулыя выхадныя, калі ў Ганцавічах праходзіла святкаванне Дня беларускага пісьменства.

За два дні, 3–4 верасня і раніцу 5 верасня, на тэрыторыі раёна было затрымана 22 чалавекі, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане.

За кароткі прамежак часу такой рэкорднай колькасці вадзіцеляў, якія былі за рулём “пад мухай”, за апошнія 10 гадоў ніхто ў ДАІ прыпомніць не змог. Паказальна, што з 22  вадзіцеляў 20 чалавек – гэта жыхары Ганцавіцкага раёна. Сярод іх два вадзіцелі  затрыманы паўторна на працягу года, яны будуць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Геаграфія затрыманняў шырокая – п’яныя кіроўцы ездзілі ў Агарэвічах, Будчы, В. Круговічах, Дзяніскавічах, па дарозе паміж Хатынічамі і Раздзялавічамі, у вёсцы Ганцавічы і самім горадзе.

Даешся дзіву, чым думалі людзі, калі садзіліся за руль,  выпіўшы спіртнога, ведаючы, што літаральна праз сотню-другую метраў у Ганцавічах стаяць міліцэйскія патрулі? Толькі даішнікаў з іншых аддзелаў міліцыі было каля 60 чалавек.

Не лішнім будзе нагадаць, што з 12 жніўня 2011 года ў сілу ўступіла Пастанова Савета Міністраў №497, згодна з якой доля алкаголя зменшылася да 0,3 праміле (раней было 0,5 праміле).

Таму вадзіцелям трэба сур’ёзна паразважаць, ці варта нават увечары ўжываць спіртное, рызыкуючы застацца без правоў і заплаціць немалы штраф – лепш  выпіць газіроўкі. Выбар ёсць заўсёды.

comments powered by HyperComments
Из рубрики