weather6

USD 1.9577

EURO 2.3106

RUR(100) 3.4011

search

Жахлівыя падрабязнасці смерці салдата

3 кастрычніка Аляксандра Коржыча  знайшлі павешаным у вайсковай частцы пад Барысавым, дзе ён праходзіў тэрміновую службу. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён здзейсніў суіцыд. Карэспандэнты Свабоды пагутарылі з Сяргеем Дзятлам, блізкім сябрам, а таксама мужам стрыечнай сястры загінуўшага.

Фото: svaboda.org

Блізкія 21-гадовага Аляксандра Коржыча перадалі ў рэдакцыю Радыё Свабода фотаздымкі цела загінулага, на якім відаць вялікія гематомы на галаве і тулаве. Сям'я і сябры ня вераць у афіцыйную вэрсію і дабіваюцца расьследаваньня.

Суразмоўца кажа, што ня верыць у афіцыйную вэрсію, як і ўсе сябры Аляксандра. Яны зьбіраюць усе магчымыя доказы таго, што Аляксандар Коржыч не зьбіраўся накладаць на сябе рукі, а таксама факты пра тое, што ў ягонай часьці была «дзедаўшчына». У панядзелак, 9 кастрычніка, сябры загінулага паедуць ў Сьледчы камітэт і пракуратуру дабівацца належнага расьсьледаваньня.

Як распавёў Сяргей Дзяцел, да войска Аляксандар Коржыч працаваў на станцыі тэхнічнага абслугоўваньня, рамантаваў аўтамабілі. Суразмоўца кажа, што Аляксандр вельмі любіў аўтамабілі і добра разьбіраўся ў іх. Перад сыходам у войска ён прадаў сваю машыну, каб па вяртаньні купіць іншую.

Аляксандар Коржыч быў адзіным дзіцём у сям’і, найбліжэйшай, апроч бацькоў, яму была стрыечная сястра, з мужам якой, Сяргеем Дзятлам, пагутарылі карэспандэнты Свабоды.

За два тыдні да сьмерці абяцаў маці прыйсьці ў звальненьне

«Яму ад войска ўвесь час адтэрміноўкі давалі, у яго былі праблемы з сэрцам. А апошні раз выдалі позву, прызналі годным. Ён сказаў, што бегаць ня будзе, адслужыць гэтыя паўтара года, і не будзе ніякіх праблем.

Перад тым як ісьці ў войска, пачаў рамонт у кватэры, паставіў кухню новую... А за два тыдні да сьмерці тэлефанаваў маці і казаў, што яму абяцаюць звальненьне на 3 дні, то ён прыедзе і даробіць адкосы на вокнах.

Апошнія гады я зь ім зьблізіўся, ён стаў больш дарослы, усім дапамагаў, хто да яго зьвяртаўся, і мне дапамагаў. Ён ніколі не адмовіў нікому. Трэба некуды паехаць хоць уначы — без праблемаў».

 З карткі Аляксандра Коржыча ў час яго службы здымалі грошы ў розных гарадах

«Калі ён сыходзіў у войска, то з сабой узяў банкаўскую картку. На ёй было каля 500 рублёў. Усё выявілася таму, што гэтая банкаўская карта была прывязаная да ягонага айфона, які ён пакінуў у сябра перад сыходам у войска. У прыкладаньні на тэлефоне было бачна, што з гэтай карты ўсё здымаецца і здымаецца, і, у прынцыпе, зараз гэта можна ўжо поўнасьцю ўсё адсачыць. Зьняцьцё грошай адбывалася ў розных месцах — і ў Жодзіне, і ў „Барысаў-Арэне“, і ў Менску.

Ужо потым выявілася, што ўвесь час яму пераводзілі грошы — сваякі і сябры. Ён тэлефанаваў і прасіў у каго 30 рублёў, у каго 50. Але ў той час ніхто ня ведаў, што так шмат іх пераводзіцца. У яго было на карце 500 рублёў, і дзесьці 400 яшчэ накідалі сябры. Ну вось — дзесьці 900 рублёў за 4 месяцы ў яго „пайшло“.

Нам пасьля ўжо распавялі іншыя салдаты, што суткі знаходжаньня ў гэтай частцы, каб цябе не білі, „каштуюць“ 15 рублёў. Гэтыя грошы трэба плаціць сяржантам. Куды далей гэтыя грошы сыходзяць, ніхто ня ведае. У галаве не ўкладаецца, што так можа быць.

Калі мама да яго езьдзіла, то ён ёй распавядаў, што грошы вымагаюць. Пра фізычны гвалт не казаў. Здавалася, усё было нармальна, але апошнія два тыдні да сьмерці ён перастаў тэлефанаваць зусім. А калі і тэлефанаваў, то зь нейкіх чужых тэлефонаў. Пасьля таго, як знайшлі яго мёртвым, пры ім тэлефону не было. А ягоны тэлефон апынуўся ў аднаго зь сяржантаў. Гэта мне сказаў камандзір, калі мы зь ім гутарылі. У ліставаньні зь сябрамі ён паведамляў, што яму 4 тыдні заставалася да пераводу ў Слонім, казаў, што гэтыя 4 тыдні датрывае і перавядзецца адтуль».

 «Яго не маглі знайсьці»

«Яны яго не маглі знайсьці, ён зьнік, і яны яго шукалі 5 дзён па частцы. 26 верасьня яго выпісалі з мэдроты, а пра ягоную сьмерць паведамілі 3 кастрычніка. Мы задавалі пытаньне, чаму нічога не паведамлялі сваякам за гэтыя дні, нам сказалі, што ў мэдроце думалі, што ён ужо ў частцы, а ў частцы думалі, што ён яшчэ ў мэдроце.

Нам не хацелі паказваць цела. Калі мы прыехалі ў Барысаў, першае пытаньне, якое нам задалі, — «як вы так хутка змаглі дабрацца?» Мы 410 кілямэтраў праехалі за тры гадзіны. Маме патэлефанавалі дзесьці ў 21.40, яна патэлефанавала нам, прыехалі сябры яго, і мы праз хвілін трыццаць ужо выехалі. І прыехалі ў 2.30 ночы. Яны нас не чакалі. Яны ведалі, што бацька Сашы не жыве з мамай, ведалі, што мама адна.

Нас запрасіў адзін з камандзіраў. Усе апускаюць вочы долу. Ніхто нічога не тлумачыць. Нам казалі, што едзьце, маўляў, дадому, мы яго прывязем. Мы запярэчылі, што ня зьедзем, пакуль нам яго не пакажуць. Уначы нам не паказалі ані яго, ані месца, маўляў, працуе Сьледчы камітэт. Мы заначавалі ў Барысаве і запатрабавалі раніцай, каб нам паказалі яго. Нам паказалі яго толькі а 17-й гадзіне».

Што такое «сабачая сьмерць»?

«На галаве ў яго крывападцёк, і нейкія незразумелыя нібыта тоненькія адтуліны, як быццам яго шылам ці нечым такім калолі.

Ананімны вайсковец паведаміў нам, што яго знайшлі павешаным са зьвязанымі нагамі і на галаве было нешта кшталту балаклавы — у іх гэта называецца «сабачая сьмерць». Накідваецца рэмень, які зацягваецца на шыі, а расьцягнуць яго немагчыма, таму што такі мэханізм там.

Я сам доктар, калі паказалі яго, першае пытаньне да судовага мэдыка было, чаго такая странгуляцыйная баразна. Калі чалавек сам вешаецца, яна ня можа быць аднолькавай па ўсёй акружнасьці. Калі ж чалавека душаць, у яго атрымоўваецца завершаная странгуляцыйная баразна. А калі чалавек вешаецца, яна больш выяўляецца сьпераду, а ззаду — меней, таму што ціск ззаду меншы.

Потым, калі запыталі ў сьледчага, каб патлумачыў, што здарылася, ён нам адказаў, што тут і тлумачыць няма чаго — гэта суіцыд».

«Ужо ня першы выпадак»

«Гэта ўжо ж ня першы выпадак такі ў гэтай частцы за год. І маёй жонцы тэлефануюць цяпер маці хлопцаў, якія загінулі да гэтага. І ўсё — адзін у адзін.

Хлопчык, які загінуў да Аляксандра, незадоўга патэлефанаваў бацькам, распавёў ім пра сваю сытуацыю, бацька патэлефанаваў начальніку часткі, прыгразіў, што калі не разьбяруцца, то зьвернецца ў пракуратуру. Праз дзьве гадзіны сын ператэлефанаваў, што пытаньні ўсе ўрэгуляваныя, усё добра. А праз 12 гадзін бацькам патэлефанавалі і паведамілі, што ён павесіўся.

Калі было пахаваньне, прыехалі ж сюды і вайскоўцы. Пачалі зьбірацца Сашавы сябры, і калі ўжо ў двары не было дзе паркавацца, стаяла пад сотню чалавек, то прыехала міліцыя і стала паміж вайскоўцамі і людзьмі. Вельмі баяліся, што будзе самасуд.

Мама — просты чалавек, яна слаба разумее, як дабівацца. У яе зараз адна толькі мэта — каб Сашу адпелі. Бо ніхто адпяваць не захацеў. А я і сябры Сашы — мы будзем займацца расследаваннем».

Из рубрики
comments powered by HyperComments