weather

USD 2.0566

EURO 2.281

RUR(100) 3.1056

search

Уборка дрэў на могілках у Люсіна: альпіністы пачалі працу, вяскоўцы паднялі гвалт

Зрэзаць аварыйныя дрэвы, а драўніну выкарыстаць для будаўніцтва мясцовага храма – такое камерцыйнае рашэнне прынялі жыхары вёскі Люсіна на агульным сходзе. Але калі альпіністы пачалі сваю працу, вяскоўцы паднялі гвалт, зразумеўшы, што недзе пралічыліся: спецыялісты валілі дрэвы як дзелавую драўніну – ад камля, і тыя падалі вялікімі хлыстамі паміж магіл.

Фото: Святлана Малышка

Некаторыя вяскоўцы непакояцца, хто верне ім урон, калі дрэвы, падаючы, паб`юць помнікі ці пагнуць агароджы.

«Ратуйце! На могілках у Люсіна працуюць вандалы! Яны рэжуць дрэвы, і тыя падаюць абы-як, а што, калі помнікі даражэзныя пашкодзяць? Што нам рабіць? Мо міліцыю вызываць?» – такое пытанне задаў расхваляваны вясковец Мікалай Рылка, які першы патэлефанаваў у рэдакцыю.

Фото: Святлана Малышка

Пасля ў рэдакцыю пачалі скардзіцца і іншыя абураныя жыхары вёскі. Здарэнне адбылося на мінулым тыдні. Вяскоўцы па прыкладу жыхароў іншых вёсак вырашылі прыбраць з могілак старыя дрэвы, каб не баяцца падчас непагоды, што яны рухнуць на помнікі.

Запрошаныя з Пінска альпіністы паспелі прыбраць 15 сосен. Калі спілаваныя дрэвы падалі на зямлю, сваімі разлапістымі галінамі яны пагнулі агароджу на адной з магіл і перакулілі стары помнік. Вядома, гэта занепакоіла вяскоўцаў, і яны адразу пачалі біць ва ўсе званы.

Фото: Святлана Малышка

«Што ж яны робяць? Захламілі ўсе могілкі. А хто за імі прыбіраць будзе, хто людзям урон верне, які нарабілі гэтыя спецыялісты?» – абуралася мясцовая бабуля.

ЗДАВАЦЬ ГРОШЫ АХВОТНІКАЎ МАЛА

Стараста вёскі Любоў Занька даволі эмацыйна патлумачыла:

«Напэўна, лямантуюць тыя, хто грошы не здаваў і ніякім чынам не ўдзельнічаў у добраўпарадкаванні могілак. А я дык ніякай праблемы не бачу. Ну ўпалі галіны на некаторыя магілы, але ж не пашкодзілі нічога, дык на могілках вельмі шчыльна пахаванні размешчаны. Прыбраць смецце і галлё вяскоўцы павінны самі: выйсці і папрацаваць. Ніхто ж не хоча, хаваюцца за спіны адзін аднаго, толькі скардзіцца і ўмеюць».

Фото: Святлана Малышка

Яна патлумачыла, што праблема не ў тым, як працуюць альпіністы, а ў тым, што людзі неахвотна здаюць грошы: адны кажуць, што няма і здадуць пазней, ёсць і такія, што наогул не хочуць здаваць.

«Я толькі палову вёскі прайшла, а такога наслухалася... Калі падымалі пытанне ўборкі дрэў, усе былі згодныя, а калі дайшла чарга здаваць грошы, дык ахвотнікаў мала», – паскардзілася стараста.

І дадала:

«Збіраем па 20 рублёў з двара. Хіба ж гэта вялікія грошы цяпер? Тым болей у ягадную пару».

Але некаторыя даюць дзясятку і кажуць:

«Няма больш. Я бяру і гэтак, а што рабіць? Павінны ж мы неяк закончыць прыбіраць могілкі...»

НЯМА АКТЫЎНАЙ ЖЫЦЦЁВАЙ ПАЗІЦЫІ

Фото: Святлана Малышка

Старшыня сельвыканкама Вячаслаў Шкут таксама гаварыў вельмі эмацыйна.

«Ну хто ў нас можа скардзіцца? Помнікі там не пашкоджаны, гэта хлусня! Агароджа, згодны, пакамечана, але яна будзе адноўлена за кошт тых, хто валіць дрэвы, у нас так у дамове напісана», – сказаў Вячаслаў Аляксандравіч.

Ён сказаў, што ўсе дакументы ў парадку: ёсць падпісаны дагавор з альпіністамі, ёсць ведамасць па зборы грошай ад насельніцтва з подпісамі, ёсць таксама і дакументы, колькі дрэў спілавалі і колькі грошай ім за гэта заплацілі. Ён патлумачыў, што пытанне добраўпарадкавання могілак набалелае, вяскоўцы з году ў год паднімаюць яго на сходах.

Паразмаўляўшы з калегамі (старшынямі сельвыканкамаў), у якіх ужо ёсць досвед, як лепей прыбраць аварыйныя дрэвы, сёлета ў Люсіна былі запрошаны спецыялісты з Пінска. Ён расказаў, што добраўпарадкаванне могілак – справа на перспектыву, бо ў некаторых сосен верхавіны ўжо пажоўклі, пачалі ўсыхаць, і праз некалькі год яны самі пачнуць падаць.

Фото: Святлана Малышка

Ён дадаў, што хоць альпіністы налічылі 93 аварыйныя дрэвы, на могілках іх значна больш. Шмат сосен расце ля могілкавай агароджы, прасла адняў – і можна зрэзаць гэтыя сосны без праблем. Альпіністы паабяцалі гэтую працу выканаць як «бонус» – без грошай. Як сказаў старшыня, на сходзе ў сакавіку людзі былі згодны скінуцца грашыма і прыбраць могілкі пасля працы альпіністаў.

«А калі дайшло да справы, дык прыйшло чалавек дваццаць, а іншыя лічаць, што калі здалі грошы, то сваю місію выканалі», – сказаў ён.

Старшыня патлумачыў: каб нікому з вяскоўцаў не было крыўдна, што адзін пераплачвае, а іншы ніякіх грошай не здаў, то было прынята рашэнне ўсю суму разбіць на колькасць падворкаў у Люсіна і Палоні (жыхары Палоні таксама хаваюць нябожчыкаў на люсінскіх могілках). І дадаў, што ўдзел у зборы грошай прынялі многія грамадзяне з іншых населеных пунктаў, у каго пахаваны на люсінскіх могілках сваякі.

Фото: Святлана Малышка

«А свае, на жаль, здаюць слаба. Кожнага трэба падштурхнуць, папрасіць», – сказаў Вячаслаў Аляксандравіч.

З гэтай нагоды было вырашана правесці ў вёсцы яшчэ адзін сход 17 ліпеня.

«Спадзяюся, што на гэты раз мы дагрукаемся да сумлення вяскоўцаў і ўсе разам закончым пачатую справу. Бо працы там ого-го колькі многа: усё лета будзем корпацца, і дай бог да позняй восені скончыць», – падсумаваў ён.

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики