weather

USD 2.0511

EURO 2.2768

RUR(100) 3.1859

search

ФОТАВЫСТАВА «ГАНЦАВІЧЫ-2015. Фотасправаздача па матэрыялах летняй экспедыцыі»

З 16 красавіка па 15 траўня ў памяшканні кінатэатра «Маладосць» (вул. Кастрычніцкая, 18) будзе праходзіць фотавыстава «ГАНЦАВІЧЫ-2015. Фотасправаздача па матэрыялах летняй экспедыцыі».

У чэрвені-ліпені 2015 г. РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» зладзіла этнаграфічную экспедыцыю ў Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці, якая ахапіла ўсе населеныя пункты Ганцавіцкага, а таксама асобныя вёскі Клецкага, Лунінецкага, Ляхавіцкага і Салігорскага раёнаў. Галоўнай мэтай выправы было вывучэнне духоўнай і матэрыяльнай культуры, збор інфармацыі па фальклоры, а таксама пошук носьбітаў традыцыі з мэтай навучання. У экспедыцыі ўзяло ўдзел каля 30 чалавек, сярод якіх людзі розных узростаў і прафесій: этнографы, праграмісты, мастакі, студэнты, а таксама маладыя даследчыкі з Польшчы і Літвы.

За тры тыдні працы ўдзельнікі выправы сабралі багаты аўдыа, відэа і фота матэрыял. Раён даследавання ўразіў добрай захаванасцю традыцыйнай культуры: мясцовыя старажылы яшчэ памятаюць абрадавыя і бяседныя песні, з ахвотай распавядаюць пра гісторыю і звычаі сваёй мясцовасці, а таксама з пашанай захоўваюць рэчы, якія тут перадаюцца з пакалення ў пакаленне: ручнікі і посцілкі, элементы традыцыйнага строю.

У лістападзе 2015 г. дадзеная выстава экспанавалася ў памяшканні РМГА «СЭТ» у г. Мінску. Цяпер пазнаёміцца з ёй маюць магчымасць і жыхары Ганцавіцкага раёна.

 

Пра СЭТ:

 СЭТ – рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне, заснаванае ў 1995 г. Арганізацыя акрэдытаваная пры ЮНЭСКА ў якасці эксперта па нематэрыяльнай культурнай спадчыне. За час існавання таварыства правяло больш за 20 этнаграфічных экспедыцый у розныя раёны Беларусі, стварыла ўласны навуковы архіў і этнаграфічныя калекцыі. Фальклорна-этнаграфічны архіў СЭТ налічвае каля 2 тыс. гадзін аўдыё- і відэазапісаў, больш за 50 тыс. фотаздымкаў. СЭТ яднае людзей, якія шчыра цікавяцца традыцыйнай беларускай культурай. Сябры таварыства – людзі рознага ўзросту і роду заняткаў: студэнты, выкладчыкі, навукоўцы, майстры, мастакі.

 


Кантакты:

Сяргей Макарэвіч

тэл: +375 1646 22148

e-mail: crafts.hancaviczy@gmail.com


comments powered by HyperComments
Из рубрики