weather17

USD 1.9457

EURO 2.314

RUR(100) 3.344

search

Прапанову Міністэрства энергетыкі Беларусі раздзялаўцы забракавалі

Катэгарычным адказам і лесам рук «супраць» пры адкрытым галасаванні адрэагавалі жыхары вёскі Раздзялавічы на прапанову замяніць газавыя пліты на электрычныя ў шматкватэрных дамах. Нязгоду пераходзіць з газазабеспячэння на электрычныя прыборы аднагалосна падтрымалі на сходзе, які прайшоў на мінулым тыдні ў Раздзялавіцкім Доме культуры.

Жыхары в. Раздзялавічы прагаласавалі супраць прапановы  замяніць газавыя пліты на электрычныя.
Жыхары в. Раздзялавічы прагаласавалі супраць прапановы замяніць газавыя пліты на электрычныя. / Фото: Пётр Гузаеўскі

Вяскоўцы, якіх у зале Раздзялавіцкага Дома культуры сабралася 86 чалавек, яшчэ да пачатку сходу былі эмацыйна і рашуча настроены супраць і літаральна з першых хвілін выступлення перабівалі прадстаўніка газавай службы, які спрабаваў данесці інфармацыю да іх.

Як патлумачыў вядучы інжынер філіяла «Ганцавіцкі раён газазабеспячэння» УП «Баранавічырайгаз» Рыгор Іванцоў, людзям прапануецца перавесці пяці-павярховыя дамы на электрапліты, а астатніх, хто карыстаецца газам з рэзервуараў, на газабалонныя ўстаноўкі.

«Гэта не наша ініцыятыва, мы і самі не вельмі гарым жаданнем праводзіць такія работы, – разважліва спрабаваў тлумачыць Рыгор Паўлавіч, хоць пад зычныя галасы пратэстуючых раздзялаўцаў рабіць гэта было няпроста. – Нам прыйшло пісьмо, каб гэтую прапанову мы вынеслі на абмеркаванне і даведаліся, як адносяцца людзі...»

Начальнік Ганцавіцкіх электрасетак  філіяла «Баранавіцкія электрасеткі» РУП «Брэстэнерга» Ігар Букса растлумачыў, што пераход на электрапліты звязаны з хуткім увядзеннем у строй новай АЭС.
Начальнік Ганцавіцкіх электрасетак філіяла «Баранавіцкія электрасеткі» РУП «Брэстэнерга» Ігар Букса растлумачыў, што пераход на электрапліты звязаны з хуткім увядзеннем у строй новай АЭС. / Фото: Пётр Гузаеўскі

Але дагаварыць прадстаўнік газавай службы не змог – раздзялаўцы патрабавалі паказаць пісьмо, яго нумар і подпіс, хто яго даслаў. Адзін з жыхароў, зразумеўшы, што пісьма ў іх з сабой няма, дэманстратыўна пакінуў залу, кінуўшы: «То ў такім разе і гаварыць тут няма пра што».
Старшыня сельсавета Генадзь Перашчук усё ж змог заклікаць людзей да парадку, але эмоцыі вяскоўцаў пераважвалі, іншы раз выступоўцы падымаліся і гаварылі адразу ўдваіх. Але было відавочным адзінства ў іншым – практычна ўсе раздзялаўцы, зразумеўшы сутнасць прапановы, выказвалі нязгоду.

Надзея Рабцэвіч задала пытанне, чаму спынена газіфікацыя ў аграгарадках.
Надзея Рабцэвіч задала пытанне, чаму спынена газіфікацыя ў аграгарадках. / Фото: Пётр Гузаеўскі

Здагадкі некаторых вяскоўцаў, што такім чынам філіял «Ганцавіцкі раён газазабеспячэння УП «Баранавічырайгаз» спрабуе збавіцца ад нявыгадных паслуг, Рыгор Іванцоў абверг.

Сапраўдную прычыну пераходу з газазабеспячэння на электраэнергію агучыў начальнік Ганцавіцкіх электрасетак філіяла «Баранавіцкія электрасеткі» РУП «Брэстэнерга» Ігар Букса.

Па словах Ігара Сцяпанавіча, звязана гэта з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы: пасля ўводу у эксплуатацыю трэба нейкім чынам размяркоўваць яе вытворчыя магутнасці. У сувязі з прадстаячым уводам у эксплуатацыю АЭС разглядаецца і пытанне аб згортванні праграмы газіфікацыі сельскіх населеных пунктаў.

Як вы-светлілася, пытанне тычыцца не толькі жыхароў больш чым сарака дамоў з Раздзялавіч (вуліцы Міра, Савецкай, Дружбы, Кастрычніцкай), але і жыльцоў двухпавярховых дамоў у вёсках Вялікія Круговічы і Дзяніскавічы, якія карыстаюцца прывазным газам з рэзервуараў.

Нягледзячы на тое, што ўсе расходы па пераабсталяванні газавых пліт на электрычныя будзе праводзіцца не за кошт жыльцоў, вяскоўцы былі незадаволены і наперабой выказвалі аргументы, што гэта ўсё роўна павялічыць іх расходы. А тое, за чый кошт будзе праводзіцца пераабсталяванне на балонныя ўстаноўкі, увогуле не агучвалася.

Каб замяніць газавыя пліты на электра-пліты, патрэбны тэхнічныя ўмовы, якія падрыхтуе ЖКГ. Неабходна замяніць усю электраправодку і шчыткі, заплаціць за праектную дакументацыю, закупіць электрапліты – а гэта патрабуе каласальных выдаткаў.

Прагматычныя раздзялаўцы ўжо падлічылі, што газ для іх значна танней, чым электраэнергія. Бо амаль усе трымаюць хатнюю жывёлу, а тарыфы на электраэнергію такія, што львіная доля зарплат і пенсій пойдзе на аплату энергазабеспячэння.

«Раней нам заяўлялі, што для ўсіх аграгарадкоў Ганцаўшчыны распрацавана праграма газіфікацыі, называлі тэрміны, калі прыродны газ будзе праведзены ў Хатынічы, Раздзялавічы. Час мінуў, а нічога гэтага няма. Зараз нас хочуць прымусіць пераходзіць на электрапліты!» – сказала Надзея Рабцэвіч. Яе падтрымалі і астатнія вяскоўцы. «А хто купіць нашыя газавыя пліты, амаль новыя, якія вы прымусілі замяніць, бо быццам бы яны ўжо свой тэрмін адпрацавалі?!» – чуўся голас з задніх радоў.

Нягледзячы на шум і крыкі, некаторыя жыхары ўсё ж сачылі, каб сход не ператвараўся ў балаган, а меў канструктыўны зыход. Уладзімір Цыброў прапанаваў паставіць пытанне на галасаванне.

Амаль усе вяскоўцы паднялі рукі, што супраць пераходу на электрычныя пліты і хочуць пакінуць усё як ёсць. А калі ёсць неабходнасць чысткі газавых рэзервуараў, то аб фінансаванні можна пагутарыць асобна.

Пасля сходу вяскоўцы працягнулі размову з вядучым інжынерам Ганцавіцкага раённага газазабеспячэння Рыгорам Іванцовым.
Пасля сходу вяскоўцы працягнулі размову з вядучым інжынерам Ганцавіцкага раённага газазабеспячэння Рыгорам Іванцовым. / Фото: Пётр Гузаеўскі

Па выніках агульнага сходу Хатыніцкі сельвыканкам павінен падрыхтаваць для Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь адказ і агучыць грамадскую думку жыхароў в. Раздзялавічы. А раздзялаўцы сказалі «НЕ!»

Из рубрики
comments powered by HyperComments