weather4

USD 2.0296

EURO 2.3915

RUR(100) 3.4501

search

Дыялог народа са старшынёй райвыканкама

Былы старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч увёў у практыку штогод сустракацца з  гаспадарчым актывам раёна, кіраўнікамі. Новы кіраўнік раёна Уладзімір Бялоў выкарыстаў яшчэ адзін фармат і першым зрабіў крок, запрасіўшы на дыялог народ. Першая такая сустрэча адбылася ў мінулую суботу ў ГДК    г. Ганцавічы. 

Фото: Пётр Гузаеўскі

У зале сабралася больш за 100 чалавек, у асноўным работнікі аддзела адукацыі, якіх папрасілі прыйсці па некалькі чалавек ад кожнай установы. Таксама тут прысутнічалі кіраўнікі службаў раёна.

Перед пачаткам дыялогу на працягу прыкладна 15 хвілін У. Бялоў сцісла пазнаёміў прысутных з вынікамі працы арганізацый і прадпрыемстваў за 10 месяцаў 2017 года. Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў, што не ўсё так дрэнна, ёсць шмат станоўчых вынікаў і паказчыкаў. За гэты перыяд выкананы 10 з 14 паказчыкаў, якія сведчаць пра стан сацыяльна-эканамічнага становішча Ганцавіцкага раёна.

Большасць ганцаўчан, якія прыйшлі на размову з кіраўніком раёна, былі з аддзела адукацыі і Ганцавіцкай ЦРБ. 
Большасць ганцаўчан, якія прыйшлі на размову з кіраўніком раёна, былі з аддзела адукацыі і Ганцавіцкай ЦРБ.  / Фото: Пётр Гузаеўскі

Так, павялічыліся паказчыкі экспарту прадукцыі, рознічнага гандлю, вырасла выручка рэалізаванай прадукцыі на 16,5%, атрымана 3 млн рублёў чыстага прыбытку. На ўсіх прадпрыемствах праводзіцца праца па зніжэнні ўзроўню затрат і нарошчванне вытворчасці прадукцыі і паслуг. Створана 123 новыя рабочыя месцы пры заданні 140 на 2017 год. Намінальная сярэднямесячная зарплата за студзень-кастрычнік склала 576 рублёў.

Для тых, хто яшчэ шукае працу, кіраўнік раёна агучыў інфармацыю пра новыя рабочыя месцы, якія плануецца адкрыць у Ганцавічах.
У снежні плануе адкрыцца магазін “Еўраопт” з 16-ю новымі рабочымі месцамі. Кампанія “Санта Рытэйл” у наступным годзе плануецца адкрыць 5 новых прадпрыемстваў і 140 новых рабочых месцаў.

У. Бялоў: “Калі сказаць коратка, то сітуацыя не такая ахавая – сярэдняя, і ёсць над чым працаваць. Я стаўлю асноўнай задачай звярнуць увагу на эканоміку. Рад праблем мы здольны і можам вырашаць, але патрэбна і падтрымка, у першую чаргу, насельніцтва”.

Першым быць цяжка

Пасля свайго выступлення старшыня папрасіў задаваць пытанні. У зале наступіла цішыня... “Што, няма пытанняў? Я адказаў на ўсе?» – з усмешкай спытаў Уладзімір Бялоў. Ён разрадзіў сітуацыю і адказаў на пытанне пра стан дарог: пэўныя намаганні прыкладаюцца, і па меры магчымасцяў яны вырашаюцца.

Жыхарка вёскі Ганцавічы Наталля Махцей просіць вырашыць праблему з пад’ездам да свайго прысядзібнага ўчастка.
Жыхарка вёскі Ганцавічы Наталля Махцей просіць вырашыць праблему з пад’ездам да свайго прысядзібнага ўчастка. / Фото: Пётр Гузаеўскі

Знайшлася яшчэ адна смелая жанчына, Ала Аляксандраўна Сергіеня, настаўнік пачатковых класаў СШ №3, якая задала такое пытанне: “Уладзімір Уладзіміравіч, вы ўжо азнаёміліся з сістэмай адукацыі раёна? Якія Вашы ўражанні і пажаданні, на што нам звярнуць увагу?”

“З сістэмай адукацыі я знаёмы даўно. Вучыўся у СШ №3 і ў ліцэі, у цэлым Ганцавіцкі раён я ведаю”, – адказаў У. Бялоў, пасля чаго людзі ў зале засмяяліся.
Жанчына з вёскі Ганцавічы (вул. Пінская) Наталля Міхайлаўна Махцей звярнулася з просьбай вырашыць праблему: вакол яе хаты зааралі поле, і яна не можа нічога падвезці на свой падворак.

“Я першы раз звяртаюся да вас. Праводжу прыродны газ, а нічога нельга падвезці. Хачу, каб вы мне памаглі”, – прасіла яна.

Старшыня паабяцаў разабрацца з гэтым пытаннем. І далей запрасіў задаваць пытанні, але ахвотнікаў зноў не было.

Ганцаўчанку Марыю Іокіш хвалявалі пытанні арганізацыі працы медработнікаў і добраўпарадкавання могілак.
Ганцаўчанку Марыю Іокіш хвалявалі пытанні арганізацыі працы медработнікаў і добраўпарадкавання могілак. / Фото: Пётр Гузаеўскі

Дыялог старшыні з рэдактарам «ГЧ»

“Бачу, “Ганцавіцкі час” тут прысутнічае і з “Савецкага Палесся” галоўны рэдактар, можаце задаваць пытанні… Пётр Паўлавіч, у вас, пэўна, ёсць пытанні?” – Бялоў звярнуўся да аўтара гэтага артыкула, і мне падалі мікрафон.

Шчыра кажучы, я прыйшоў на гэтае мерапрыемства, каб паслухаць, якія пытанні будуць задаваць людзі, бо з кіраўніком раёна дамовіўся на інтэрв’ю ў бліжэйшы час. Але калі старшыня райвыканкама сам запрасіў задаваць пытанні, а ў зале яшчэ вагаліся і маўчалі, то я скарыстаўся магчымасцю.

П. Гузаеўскі: Вы сказалі, што жадаеце, каб раён развіваўся, каб рос дабрабыт людзей. Шмат залежыць ад кіраўнікоў, якія зараз узначальваюць арганізацыі і прадпрыемствы. Асабліва я звяртаю ўвагу на кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якім, на маю думку, вельмі цяжка, не ўсё ў іх атрымліваецца. Ці зможаце вы рэалізаваць свае планы з дзеючымі кіраўнікамі?

У. Бялоў: Калі коратка, то канешне, вы правільна заўважылі, што наш раён сельскагаспадарчы і нават у яго межах кожны ў розных умовах – землі розныя, магчымасці розныя. І кожны барахтаецца як можа. Сёння ўсім цяжка. Але асноўным сродкам у эканоміцы ў нас з’яўляюцца працаўнікі сяла, людзі.

Прафесійныя якасці кожнага кіраўніка ацаніць я, у прынцыпе, магу, але не лічу патрэбным. У мяне ёсць рад задумак, якія будуць рэалізоўвацца ў бліжэйшы час, на працягу года. Шмат залежыць і ад маладых спецыялістаў, кадравага патэнцыялу. Я адназначна скажу, што адзін у полі не воін. І зарплаты не тыя, якія хацелася б людзям мець, але іх трэба зарабіць. Перспектыва, канешне, ёсць! Галоўнае, каб людзі хацелі працаваць і разумелі, што ў сельскай гаспадарцы спачатку трэба ўкласці працу, і тады будзе аддача.

Кіраўнік раёна чытае «Ганцавіцкі час» уважліва

Уладзімір Бялоў пасля свайго адказу спытаў, ці можа ён задаць пытанне рэдактару, бо чытае “Ганцавіцкі час”. Я не стаў пярэчыць і адказаў, што могуць задаваць любыя пытанні ўсе жадаючыя, якія прысутнічаюць у зале.

Пытанняў было шмат, у асноўным па артыкулах, якія друкаваліся у “Ганцавіцкі часе”: пра тратуары, якіх аж тры праклалі на вуліцы Мантажнікаў; пра артыкул, які тычыўся медыцыны; пра трэнера-педагога, ад якога школьніца стала цяжарнай; пра прадпрыемства “Аластрэ” і лясгас і іншыя. Дыялог доўжыўся больш за 20 хвілін.

Пра тры тратуары на вуліцы...

Напрыклад, па артыкулу пра будаўніцтва тратуараў на адной вуліцы, дзе аўтар напісала крыху з іроніяй, я адказаў, што гэта цудоўна менавіта для жыхароў той вуліцы. Але ж гэта нерацыянальнае выкарыстанне сродкаў. І калі на адной вуліцы тры тратуары, а на некаторых па калена гразі, то даручэнне Прэзідэнта прывесці ў парадак за тры-чатыры гады ўсе мясцовыя дарогі выканаць будзе немагчыма.

Дырэктар камунгаса Аляксей Галяк адказаў на пытанне аб тым, як жыхары Ганцаўшчыны будуць аплочваць камунальныя паслугі ў наступным годзе.
Дырэктар камунгаса Аляксей Галяк адказаў на пытанне аб тым, як жыхары Ганцаўшчыны будуць аплочваць камунальныя паслугі ў наступным годзе. / Фото: Пётр Гузаеўскі

Былі пытанні наконт таго, што “Ганцавіцкі час” напісаў аднабока артыкул, які тычыўся медыцыны.

Я звярнуўся да ўсіх кіраўнікоў, якія былі ў зале і сказаў, каб любы з іх назваў хоць адзін артыкул, калі б нават пры праблемным пытанні нехта з іх адказаў і патлумачыў сітуацыю – вось матэрыял у “ГЧ” выйшаў аднабокі і неаб’ектыўны. У зале наступіла цішыня… Таму, калі кіраўнікі, да якіх звяртаюцца карэспандэнты, не будуць адказваць на пытанні, то і артыкулы няхай чакаюць аднабокія і вінавацяць толькі сябе. І тады і няма чаго скардзіцца.

Кіраўніку раёна, відаць, спадабалася задаваць пытанні галоўнаму рэдактаму “ГЧ”, на што я не прамінуў з жартам адказаць: “Я бачу, у нас змяніўся фармат сустрэчы і на пытанні ўжо адказвае не старшыня райвыканкама, а галоўны рэдактар “ГЧ”.

Народ у зале ажывіўся і заўсміхаўся, на што У. Бялоў сказаў, што калі тут дыялог з народам, то і ён мае права задаваць пытанні. З гэтым нельга спрачацца, бо сапраўды падчас дыялогу можна спрабаваць знайсці нейкія рашэнні.

Медыкі стараюцца, але не ўсё ідзе гладка

У адрас медустановы прагучалі нараканні наконт праходжання медкамісій і аплаты. Марыя Іокіш выказалася: «Не патрапіць да лекараў. Нядаўна мужу прыйшлося чатыры разы праходзіць медкамісію: на працу, на кіроўцу, для дазволу на нашэнне зброі і яшчэ на нешта там. У выніку мы не толькі плацілі за кожную з іх, дык яшчэ і ўрачоў праходзілі чатыры разы па крузе. Урачы адны і тыя ж! Усе людзі ў адну чаргу – і дарослыя, і дзеці. Людзі злуюцца, доктар да канца змены так стамляецца, што ўжо не разумее, чаго да яго прыйшлі».

Вадзім Сашко: «Гэта, напэўна, зоркі так сышліся. Я, напрыклад, кіроўчую камісію праходзіў 15 гадоў таму, на працу – 20 гадоў з лішнім назад, на нашэнне зброі таксама дзесьці шэсць гадоў таму. Чаму вам столькі прыйшлося праходзіць за адзін раз – не ведаю. Лекары сапраўды стамляюцца. Яны не прымаюць, як належыць, па 40 чалавек па талонах, а па 100. Ёсць нормы, у нас не можа быць тры акулісты, чатыры лоры і дзесяць хірургаў.

Вось, да прыкладу, ЛОР: працавала дзяўчына, яе ўсё задавальняла, збіралася заставацца, але злятала на адпачынак у Турцыю, сустрэла там сваё каханне. Паверце, я не мог ёй забараніць з’ехаць у Турцыю. Цяпер працуе там.

Што тычыцца даступнасці ЛОР-дапамогі, то мы знайшлі выйсце: запрасілі доктара з Баранавіч. Ён прыязджае па суботах, працуе з 9.00 да 14.00, прымае ад 35-ці да 45-ці пацыентаў, плюс абслугоўвае хворых на стацыянары. Калі нешта не паспявае, стараецца перанакіраваць у Баранавічы. На кожны дзень для ганцаўчан выдзяляецца адзін дзіцячы талон і тры талоны для дарослых. Гэта значыць, 20 чалавек у тыдзень мы можам адпраўляць на бясплатны прыём у Баранавічы».

Да галоўнага ўрача былі і іншыя пытанні, на якія ён адказваў. Але з яго адказаў было зразумела, што праблемы ўсе вырашыць адначасна немагчыма.

Напрыканцы У. Бялоў сказаў: "Магчыма, у гэтым адкрытым дыялогу і ёсць недахопы. Мы не кажам, што гэта апошні дыялог. Напэўна, увядзём такія сустрэчы з народам у практыку".

Падсумоўваючы сустрэчу кіраўніка раёна з народам, магу сказаць, што радуе аптымізм новага старшыні райвыканкама, яго энергія і жаданне прыўнесці змены, яго, на мой погляд, правільны акцэнт канцэнтравацца ў першую чаргу на развіцці эканомікі раёна. Бо калі прадпрыемствы пачнуць больш зарабляць, будзе ў кожнай арганізацыі распрацавана новая сістэма матывацыі працы работнікаў, калі хітрыя эканамісты не будуць аптымізаваць выдаткі толькі за кошт зарплаты работнікаў, то, можа, і народ заўважыць перамены.

Агульныя паказчыкі росту цікавяць нямногіх. Адзін з асноўных паказчыкаў – рост дабрабыту жыхароў. Людзям цікава, колькі яны кожны месяц прынясуць грошай у сям’ю. Бо калі ў параўнанні з мінулым годам у многіх зарплата знізілася, то гэта самы вялікі мінус і радасці ад экспарту і даходаў ад продажу тавараў і паслуг неяк не адчуваецца.

Шчыра хочацца, каб жыхары Ганцаўшчыны пачулі Уладзіміра Бялова, усе згуртаваліся і дапамаглі. Вось толькі я рэаліст, і сумніў у мяне вялікі ў тым, што тыя, хто прыстроіўся і пры найменшых высілках атрымлівае нейкія стабільныя матэрыяльныя сродкі, рэзка пачне шавяліцца і думаць пра людзей. Зышлі тыя савецкія людзі з велізарным энтузіязмам і прагай да працы, а сярод новага пакалення вопытных менеджараў-упраўленцаў малавата...

Из рубрики
comments powered by HyperComments