weather

USD 2.1141

EURO 2.3904

RUR(100) 3.2817

search

Ганцавіцкі раён да слабога «дзясятка» не прылічылі

На сайце “Наша ніва” прачытаў артыкул “Пятнаццаць раёнаў Беларусі, якія варта было б ліквідаваць”. Загаловак адразу напружыў, бо было спачатку непрыемнае прадчуванне, што аўтар ўзгадае і пра Ганцавіцкі раён. З нецярпеннем прабегшыся па назвах тых 15 раёнаў, якія, па меркаванні аўтара, можна скасаваць як адміністрацыйныя цэнтры, я парадаваўся, што не знайшоў там Ганцавіцкага.

Чуткі пра ліквідацыю раёна перыядычна накатвалі хваля за хваляй. Толькі лянівы не казаў, што Ганцавіцкі раён расфарміруюць, раскідаюць, разарвуць на часткі і далучаць да іншых раёнаў. А прадпасылкі час ад часу ўзнікалі, бо ліквідаваліся прадпрыемствы, закрываліся ўстановы, мяняліся кіраўнікі, змяншалася насельніцтва, людзі прадавалі хаты і кватэры.

Назіранні такія не з прыемных, асабліва, калі не адчуваецца зменаў да лепшага. Аўтар артыкула Зміцер Панкавец не асмеліўся Ганцавічы “ліквідаваць” як райцэнтр. Магчыма, таму, што хоць наш раён не мае даўняй гісторыі і створаны штучна, але на інфармацыйнай прасторы Беларусі пра Ганцавічы чуваць значна часцей, чым пра большыя гарады. І не толькі з-за розных здарэнняў, але і дзякуючы дасягненням нашых таленавітых землякоў.

А можа, таму, што, будучы знаёмы з аўтарам, я расказваў розныя гісторыі і заўсёды казаў, што Ганцавіцкі раён – гэта незвычайная тэрыторыя. А яшчэ жартаваў, што нашы людзі мірныя і добрыя, але калі хто пакрыўдзіць іх, то пасля паходу на балота крыўдзіцеля могуць і не знайсці…

Журналіст “Нашай нівы” разважае, якія ж райцэнтры могуць знікнуць, прыводзячы пэўнае абаснаванне. Вось спіс 15 раёнаў, некаторым з якіх сапраўды існуе пагроза знікнуць з карты Беларусі. Аднак далёка не з усім тым, што піша чалавек са сталіцы, можна пагадзіцца.

БЕРАСТАВІЦКІ РАЁН (15 440 ЧАЛАВЕК)

Гэты раён быў утвораны ў 1940 годзе, адразу пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Тады ён меў назву Крынкаўскі. За апошнія 23 гады яго насельніцтва скарацілася на чвэрць. Адлегласць ад Вялікай Бераставіцы да Ваўкавыска складае 36 кіламетраў.

БЕШАНКОВІЦКІ РАЁН (15 469)

Вузкі і прадаўгаваты раён ва ўсходняй частцы Віцебскай вобласці. З гэтай тэрыторыі родам канцлер ВКЛ Леў Сапега. На сёння Бешанковіцкі раён займае чацвёртае месца знізу па ўзроўні заробкаў у краіне. За гады кіравання А. Лукашэнкі насельніцтва тут таксама зменшылася на трэць. Бешанковіцкі раён, лічыць аўтар, можна было б падзяліць між Шумілінскім, Сенненскім, Чашніцкім і Віцебскім.

ВОРАНАЎСКІ РАЁН (24 911)

Калісьці Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці прырос за кошт іншага: у 1962 годзе да яго быў далучаны Радунскі раён, які скасавалі за непатрэбнасцю. Воранаўскі раён унікальны тым, што больш за 80% мясцовага насельніцтва лічаць сябе палякамі. Яго прапануюуь далучыць да Лідскага раёна, у якім палякаў не нашмат меней.

ДРЫБІНСКІ РАЁН (9661)

Ужо двойчы ў гісторыі ўлады ліквідоўвалі Дрыбінскі раён — у 1931-м і 1959-м. Аднак у 1989-м Дрыбін зноў стаў адміністрацыйным цэнтрам у сувязі з масавым пераездам у рэгіён жыхароў Краснапольскага раёна, які адносіцца да забруджанай радыяцыяй тэрыторыі. Гэты раён трапляе ў спісы тых рэгіёнаў, якія найхутчэй выміраюць. Дрыбінскі раён можна падзяліць між Горацкім, Шклоўскім і Мсціслаўскім.

ЕЛЬСКІ РАЁН (15 128)

Ці шмат вы чуеце навін з Ельскага раёна? Апошняе, што ўспамінаецца, як туды з Мінска вывезлі актывістак Femen. У 1960-я ад Ельскага раёна адлучыўся Нараўлянскі. Насельніцтва Ельскага раёна імкліва змяншаецца. Раён мог бы быць падзелены між Мазырскім, Лельчыцкім і Нараўлянскім.

ЖАБІНКАЎСКІ РАЁН (24 329)

Ад Жабінкі да Брэста менш за 30 кіламетраў. Жабінкаўскі раён багаты вытворчасцю: там ёсць цукровы, камбікормны, торфабрыкетны заводы. Насельніцтва яго таксама не змяншаецца, але вялізная колькасць людзей проста ездзіць на працу ў Брэст. Чаму б раён і афіцыйна не замацаваць за абласным цэнтрам?

КАПЫЛЬСКІ РАЁН (27 901)

Выглядае ці не самым слабым раёнам Мінскай вобласці. Насельніцтва рэгіёна змяншаецца вельмі імкліва. У горадзе фактычна няма ніякай буйной вытворчасці, апрача завода слуцкіх сыроў. Сёння Капылю патрэбная ці моцная перазагрузка, ці ліквідацыя. Раён можа быць падзелены між Салігорскім, Слуцкім, Стоўбцоўскім, Нясвіжскім.

КАРМЯНСКІ РАЁН (13 213)

У Кармянскага раёна таксама няпростая гісторыя. Яго перадавалі то да Рагачоўскага, то да Чачэрскага. Раён вельмі моцна пацярпеў ад наступстваў аварыі на ЧАЭС. Каб Карма засталася ў межах Гомельскай вобласці, раён можа быць падзелены ўсё паміж тымі самымі Рагачоўскім і Чачэрскім раёнамі. Гэта другі самы бедны раён у краіне. Летась сярэднія заробкі там складалі ўсяго 524 рублі за месяц.

КАРЭЛІЦКІ РАЁН (19 691)

У 1962-м Карэліцкі раён ужо ліквідоўвалі. Раён з’яўляецца аб’ектам цікаўнасці турыстаў з Беларусі і замежжа, бо тут знаходзіцца Мірскі замак. У выпадку рэформы далучыць можна да Нясвіжскага альбо да Навагрудскага раёнаў. КІРАЎСКІ РАЁН (19 106) Гэты раён утварылі, узяўшы пакрыху ў Бабруйскага, Клічаўскага, Быхаўскага і Рагачоўскага. Назва раённага цэнтра абсалютна штучная, яго назвалі ў гонар першага сакратара Ленінградскага абкама Сяргея Кірава. Асаблівага сэнсу ў існаванні асобнай адміністрацыйнай адзінкі з цэнтрам у Кіраўску няма.

КРУГЛЯНСКІ РАЁН (13 827)

У дачыненні да Круглянскага раёна ліквідацыя была б зусім не першай: раён скасоўвалі ўжо двойчы, але потым аднаўлялі. Раён невялікі, стратэгічнага значэння не мае і можа быць лёгка падзелены між Шклоўскім, Крупскім і Талачынскім раёнамі.

ЛЁЗНЕНСКІ РАЁН (15 734)

Лёзненскі раён – адзін з самых імкліва выміраючых у краіне. Можа быць падзелены між Віцебскім, Аршанскім і Дубровенскім раёнамі.

ЛОЕЎСКІ РАЁН (11 799)

Займае пятае месца сярод самых бедных раёнаў краіны. Хоць тут праходзіць мяжа з Украінай, працякае Дняпро, Лоеў не стаў прыцягальным цэнтрам для жыхарства. Раён можа быць падзелены між Рэчыцкім і Брагінскім.

ЛЯХАВІЦКІ РАЁН (25 436)

У Ляхавічах ёсць малаказавод, вырабляюць кансервы, робяць брыкет, апрацоўваюць лён. Гэта зусім не самы дэпрэсіўны раён Беларусі, але зусім блізкае геаграфічнае размяшчэнне ад Баранавічаў робіць Ляхавіцкую адміністрацыйную адзінку не зусім мэтазгоднай у сённяшняй Беларусі.

ШАРКАЎШЧЫНСКІ РАЁН (14 781)

Вядомы найперш тым, што афіцыйна з’яўляецца самым бедным раёнам краіны. Гэта адзіны рэгіён, дзе заробкі летась былі меншымі за 500 рублёў. У Шаркаўшчынскім раёне ёсць фантастычна прыгожы заказнік «Ельня», але зарабляць на турызме там яшчэ не навучыліся.

Аўтар з “Нашай нівы” не выдзеліўся арыгінальнасцю, паразважаўшы пра магчымае скасаванне 15 райцэнтраў. Ужо многія палітыкі выказвалі прапановы, што для Беларусі 118 раёнаў – гэта зашмат. Але пакуль улады не наважыліся на расфарміраванне райцэнтараў.

Першыя спробы рэфармаваць адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі былі прыняты ў БССР у 80-я гады. Аднак распрацаваныя рашэнні так і не былі ўвасобленыя ў жыццё спачатку з-за Чарнобыльскай аварыі, а потым з-за распаду СССР.

На выбарах 2010 года некалькі кандыдатаў у прэзідэнты ўздымалі пытанне адміністрацыйнай рэформы Беларусі. Хтосьці з іх выступаў з прапановамі падзяліць Беларусь на 14 паветаў, кожны з якіх ўключае 8-9 раёнаў. Акрамя паветаў, у якасці асобных адзінак выступяць цяперашнія абласныя цэнтры, пяць з якіх будуць мець статус вольных гарадоў, а таксама сталічны горад Мінск.

Былі і іншыя рэфарматары, якія казалі, што ў аснове новага тэрытарыяльнага падзелу павінен ляжаць найперш эканамічны прынцып. Паводле іх тэорыі ўтварэнне новай адміністрацыйнай адзінкі павінна адбывацца вакол буйнага прамысловага цэнтра. Такіх у Беларусі, акрамя Мінска, 15 гарадоў: Полацк (з Наваполацкам), Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Гомель, Мазыр (з Калінкавічамі), Пінск, Брэст, Баранавічы, Гродна, Ліда, Маладзечна, Барысаў і Слуцк (з Салігорскам).

Вакол гэтых гарадоў, можна фармаваць новыя рэгіёны плошчай ад 10 да 16 тыс. кв. км. У выніку замест сённяшніх шасці абласцей і 118 раёнаў можна мець 16 новых рэгіёнаў і 60 раёнаў, якія ў іх уваходзяць. Гэта дазваляе паменшыць у два разы колькасць рэгіянальных адміністрацый і чыноўнікаў.

Вось з апошнім нельга не пагадзіцца. Можа, расфарміроўваць райцэнты і не так актуальна, а колькасць чыноўнікаў трэба змяншаць. Ведаем, што за апошнія гады аптымізацыя была, але скарацілі не тых, каго трэба. Таму работы па прарэджванні бюракратычнага апарату, цэлых аддзелаў і ведамстваў яшчэ непачаты край.

Хочацца ад чытачоў пачуць, якія пасады, аддзелы можна скараціць, каб нічога не змянілася. Чакаем вашы пісьмы на адрас piter@ tut.by

Материалы по теме
Из рубрики
comments powered by HyperComments