weather

USD 2.5534

EURO 3.0175

RUR(100) 3.3398

search

У Беларусі могуць адмяніць карты растэрміноўкі. Што прынясуць новаўвядзенні ў крамах

Пакупнікам, якія планавалі ў бліжэйшы час набыць тавары ў растэрміноўку, трэба паспяшацца. Многія магазіны прыпыняюць растэрміноўкі і крэдытаванні або значна скарачаюць тэрміны на пакупку тавараў. Не выключана, што тавары ў крэдыт і растэрміноўку могуць падаражаць...

 У Беларусі могуць адмяніць карты растэрміноўкі
У Беларусі могуць адмяніць карты растэрміноўкі

Уладальнікаў некаторых магазінаў па тэлефоне і пісьмова ўжо папярэдзілі, што правілы мяняюцца. А тлумачаць гэта банкі “изменениями конъюнктуры рынка , а также учитывая рекомендации Национального банка…”.

З чым гэта звязана і чым гэтая “рэкамендацыя” абернецца для пакупнікоў? Нацбанк парэкамендаваў знізіць да 4% памер любога ўзнагароджання, якое выплачваюць банкам арганізацыі гандлю. Банкі ўспрынялі рэкамендацыі Нацбанка як загад.

Беларусбанк зусім адмовіўся ад прадукту «растэрміноўка без пераплаты». ВТБ паведаміў, што спыняе працу па картах «Чарапаха» на ранейшых умовах і прадастаўленне растэрміноўкі на набыццё тавараў фізічнымі асобамі ў партнёраў, пакінуўшы прадастаўленне крэдыту на спажывецкія патрэбы.

У Ганцавічах у магазіне “ТЕХНО”, дзе жыхары раёна актыўны куплялі тавары ў растэрміноўку, на бягучым тыдні часова прыпынены продаж тавараў у крэдыт і растэрміноўку якраз з-за пазіцыі Нацбанка.

Па словах дырэктара інтэрнэт-магазіна, яны пакуль не падпісалі прапанаваны ВТБ банкам дагавор аб змене ўмоваў і ён працягвае дзейнічаць на папярэдніх умовах з растэрміноўкай да паўгода.

У буйных сеткавых інтэрнэт-магазінах тэрміны растэрміноўкі таксама змяншаюцца, а ў некаторых ўвогуле прыпынілі продаж тавараў у растэрміноўку.

ТАВАРЫ Ў РАСТЭРМІНОЎКУ: КАМУ ВЫГАДНА І ХТО ПЛАЦІЦЬ?

Браць тавары ў растэрміноўку на доўгі тэрмін стала звыклай і, на першы погляд, выгаднай справай для пакупнікоў. Нават пры невялікай зарплаце можна было купіць дарагі халадзільнік, тэлевізар ці камп’ютар, выплачваючы штомесячна пад’ёмную сумму.

У той час, калі сабраць грошы, каб унесці суму наяўнымі грашыма ў адначассе, ніяк не атрымлівалася. Для магазінаў выгада была толькі ў тым, што прадавалася больш тавараў, а калі большы абарот – большы прыбытак. А банкі зараблялі на так званых растэрміноўках не слаба.

Высветлілася, што часам магазіны і іншыя аб’екты рознічнага гандлю выплачвалі да 30% ад кошту тавару ў выпадку афармлення пакупкі ў растэрміноўку на доўгі тэрмін.

ЭКСПЕРТЫ: НЕ БЫЛО Б РАСТЭРМІНОЎКІ, ТАВАРЫ БЫЛІ Б ТАННЕЙШЫЯ

Сітуацыю вакол гэтага пытання для “ГЧ” пракаментаваў эксперт, старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб:

“Сёння банкі актыўна супрацоўнічаюць з магазінамі. З аднаго боку, здаецца, што растэрміноўкі вельмі зручныя для тых, хто імі карыстаецца. З іншага боку, гэта прыводзіць да сур’ёзных страт для ўсіх астатніх пакупнікоў. Па сутнасці, растэрміноўка, якую прапаноўваюць магазіны сёння, гэта не растэрміноўка, а крэдыт, які дае банк юрыдычнай асобе. Цана для тых, хто бярэ тавар адразу, і для тых, хто ў крэдыт – аднолькавая. Працэнты плаціць банку магазін. А працэнты за крэдыт магазіны ўключаюць у цану тавару. Калі б не было карт растэрміноўкі, то тавары ў краме каштавалі б танней".

Яшчэ адзін незалежны фінансавы аналітык Юлія Лакаткова падкрэслівае:

“Нацбанк выпусціў пастанову, сутнасць якой у тым, што, калі магазін прадае тавары ў растэрміноўку, яна аўтаматычна закладвае павышэнне цаны. Для стрымлівання інфляцыйных працэсаў Нацбанк вырашыў, што трэба ўсе растэрміноўкі скараціць. Таму што, чым большы тэрмін растэрміноўкі, які прадастаўляе магазін, тым больш той працэнт, які ён плаціць банку”.

Па яе словах, калі Нацыянальны банк сапраўды занепакоіўся высокімі памерамі камісій, якія банкі атрымліваюць ад гандлю за продаж тавараў у растэрміноўку, то, магчыма, беларускую эканоміку чакаюць не самыя лепшыя часы. Бо ў сітуацыі з “нафтагазавай вайной” можа быць нечаканы абвал беларускага рубля і банкі пры больш доўгай растэрміноўцы звыш трох месяцаў могуць страціць свой хуткі прыбытак.

Таму кароткая растэрміноўка – гэта абарона банкаў, якія перажываюць не лепшыя часы. Для простых пакупнікоў новаўвядзенні могуць таксама стаць нечаканасцю, бо трэба будзе думаць, за што і як выплачваць трохмесячны крэдыт. Але верагодней, што яшчэ больш зацягваць свой рэмень беларусам усё ж у чарговы раз прыйдзецца.

СПУЖАЛІСЯ ЗАКРЭДЫТАВАНАСЦІ НАСЕЛЬНІЦТВА ЦІ РОСТУ ІНФЛЯЦЫІ?

Ёсць таксама меркаванні, што “рэкамендацыя” Нацбанка звязана з вялікай даўгавой нагрузкай для насельніцтва. Пакупнікі бяруць у крэдыт і ў растэрміноўку тавары, часам не разлічваючы свае фінасавыя магчымасці. Беларусы запазычылі звыш 14 млрд рублёў (!).

Да таго ж, нафтагазавы канфлікт паміж нашай дзяржавай і расійскім бокам прымушае трымаць руку на пульсе. Калі паскорыцца рост цэн, гэта можа пацягнуць за сабой рост інфляцыі, абясцэньванне беларускага рубля, што выклікае рызыку страт для крэдытных арганізацый.

Таму, магчыма, мера Нацбанка накіравана і для захавання прагнознага ўзроўню інфляцыі, якая прагназуецца ўрадам Беларусі ў 2020 годзе ў межах 5%. Менавіта такую лічбу назваў прэм’ер-міністр Сяргей Румас у лістападзе мінулага года.

Відавочна, што пры змяншэнні тэрмінаў абароты ў магазінах спажывецкіх тавараў зменшацца. Але няма худа без дабра. Тут могуць быць і станоўчыя вынікі: зменшыцца рост цэн на спажывецкія тавары. Але каб купіць танней, грошы прыйдзецца адкладваць і плаціць адразу.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики