weather

USD 2.4475

EURO 2.8771

RUR(100) 3.2997

search

На што разлічваюць ганцаўчане, калі ня будзе расійскага газу

Эксперты прагназуюць новую «газавую вайну» паміж нашай дзяржавай і Расіяй. Беларусь да гэтага часу не мае падпісанага кантракту на бягучы год па пастаўках расійскага прыроднага газу. Часовы кантракт падпісаны толькі на два зімовыя месяцы – студзень і люты.

Фото: Аляксандр Пазняк

Такое здарылася ўпершыню за ўсю гісторыю беларуска-расійскіх узаемаадносін. І галоўнае пытанне не ў тым, што некага там «паставілі ракам», а як гэтая вялікая палітыка ўрэшце адаб`ецца на кожным з жыхароў Беларусі і, у прыватнасці, Ганцавіцкага раёна.

ГІСТОРЫЯ ГАЗАВАГА КАНФЛІКТУ

«Наперадзе нас чакае новая газавая вайна з Расіяй, бо пытанне з коштамі і пастаўкамі газу знаходзіцца ў падвешаным стане. Пытанне тут палітычнае, бо наперадзе для Беларусі складаныя часы ва ўмовах ціску на наш суверэнітэт з усходняга боку», – патлумачыла некалькі дзён назад на сустрэчы з рэгіянальнымі журналістамі аглядальнік «Белрынку» Таццяна Манёнак, якая спецыялізуецца па пытаннях энергетыкі і нафтахімічнай прамысловасці.

Як расказала эксперт, у 2011 годзе Беларусь пазбавілася ўласнай газатранспартнай сістэмы. Пад расійскім ціскам беларускі «Белтрансгаз» быў прададзены «Газпраму» і ператварыўся з красавіка 2013 года ў «Газпрам трансгаз Беларусь». Пасля гэтага ў студзені 2012 года расійскі бок перавёў Беларусь з еўрапейскай сістэмы цэнаўтварэння і прывязаў да расійскай.

Згодна дамовам 2013-2014 гадоў, газ для Беларусі пачаў разлічвацца па формуле, якая дзейнічала для спажыўцоў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. Аднак неўзабаве абваліліся сусветныя кошты на нафту, а потым на газ.

У выніку вызначаная цана расійскага газу для Беларусі стала большай, чым для Германіі, дзе заўсёды былі самыя высокія кошты на блакітнае паліва.

Таму з 1 студзеня 2016 года наша краіна ў аднабаковым парадку перайшла на новую аплату. У той час кошт на газ для Беларусі складаў каля 132 долараў за тысячу кубаметраў, а зыходзячы з новай формулы роўнадаходных цэн беларускі бок пачаў плаціць за расійскі газ 73 долары.

Аднак неўзабаве выбухнуў моцны канфлікт, пераадолець які Беларусь змагла толькі ў красавіку 2017 года. Пасля гэтага ў наступным годзе для нашай краіны была ўсталявана фіксаваная цана на газ у суме 129 долараў за тысячу кубічных метраў, на 2019 год – 127 долараў.

Фото: Аляксандр Пазняк

Такая ж цана закладзена ў бюджэт краіны на бягучы 2020 год. Напрыканцы мінулага года стала вядома, што Расія жадае павысіць цану на газ для Беларусі да 152 долараў за тысячу кубічных метраў (амаль на 20%), што пакуль не здарылася. Беларускі бок неаднаразова спрабаваў дамагчыся зніжэння кошту на газ і «саскочыць» па аплаце з долара на расійскі рубель, што было б значна выгадней.

Таксама былі спробы наблізіць цэны на паліва да ўзроўню Смаленскай вобласці, і тлумачылася гэта ключавой умовай інтэграцыі дзвюх краін.

ГАЗІФІКАЦЫЯ ГАНЦАВІЦКАГА РАЁНА

У Ганцавіцкім раёне першая газабалонная ўстаноўка з`явілася ў 1966 годзе. Звадкаваны газ жыхары горада пачалі атрымліваць з 1970 года. А актыўная газіфікацыя мясцовасці пачалася толькі з 2006 года. На працягу апошніх гадоў праз Ганцавічы пралегла 200 км сетак прыроднага газу, створана каля 70 вялікіх і малых кааператываў, газіфікаваны амаль увесь горад.

Блакітнае паліва дайшло да вёсак Ганцавічы, Ельня, Любашава, Агарэвічы, Кукава. Планавалася, што газ дойдзе і да Хатынічаў, Раздзялавічаў, Люсіна, Малькавічаў. Але ў сувязі з будаўніцтвам Астравецкай БелАЭС гэтыя планы былі замарожаны, бо, як мяркуецца, патрэбы ў газе заменіць электрычнасць.

ГОЛАС НАРОДА

Што думаюць ганцаўчане аб недамоўленых пытаннях адносна газу? Чым ацяпляюцца жыхары прыватнага сектару ў горадзе? Ці гатовы плаціць людзі за блакітнае паліва значна больш, чым плацяць сёння?

З такімі пытаннямі мы завіталі ў дамы на шэрагу вуліц Ганцавічаў. Жыхары аднаго з дамоў па вуліцы Чапаева Дзмітрый Мікалаевіч Пятроў і Соф`я Міхайлаўна Вялічка ацяпляюць свой дом дровамі. Газавага ацяплення яны не маюць. На звадкаваным газе мае суразмоўцы рыхтуюць толькі ежу.

 

Караліна Адамаўна Цвірко, якая таксама жыве на гэтай вуліцы, сказала, што ў іх доме праведзены газ. Але яму ёсць альтэрнатыва – дзве печкі.

 

Наступная мая суразмоўца, маладая маці Лізавета Асташэўская, падкрэсліла, што ў іх немалая камуналка – у межах 200 рублёў, значную частку якой складае газавае ацяпленне.

 

На дапамогу дзяржавы пры вялікіх коштах разлічвае пенсіянерка Лідзія Пятроўна Плотка, якая пражывае па вуліцы Грыцаўца. З дровамі жанчыне можа дапамагчы сын, які працуе ў Брэсцкім лясгасе.

А яшчэ яна спаслалася на прэзідэнта, які прапаноўваў набываць катлы, што будуць працаваць на беларускай таннай электрычнасці. Свой дом яна ацяпляе газам, бо пячнога ацяплення не хапае і кухня з пярэднім пакоем заўсёды застаюцца халоднымі.

 

Пры гэтым Лідзія Пятроўна паказала сшытак, дзе вядзе запісы па аплаце камунальных паслуг.

"Я маладая шматдзетная маці, жыву ў доме плошчай 182 квадратныя метры. У нашым доме ёсць як цвёрдапаліўны кацёл, так і газавае абсталяванне. Але карыстаемся пераважна апошнім. Спачатку мы ацяплялі дом дровамі і брыкетам. У зімовы перыяд нам было неабходна 3 прычэпы дроў (гэта каля 500 рублёў) і два прычэпы брыкету (гэта да 300 рублёў)".

 

"Летам гэтая лічба, канешне, значна меншая. З газавым ацяпленнем нам зручней. А яшчэ і наша газавая служба заўсёды дапаможа з вырашэннем розных пытанняў".

Што будзе пасля лютага месяца, застаецца яшчэ невядомым. Але, як выказаўся адзін з суразмоўцаў, які пажадаў застацца невядомым, у складанай сітуацыі беларусаў будуць выратоўваць лясы, плошча якіх складае больш за 60% тэрыторыі раёна, а таксама цёплая зіма.

Шмат ганцаўчан, хто карыстаецца газавым ацяпленнем, маюць і звычайныя печы. А некаторыя жыхары пры даступных дровах палічылі непатрэбным пераходзіць на іншую крыніцу ацяплення. Большасць жыхароў горада не ведае пра нафта-газавы канфлікт.

Таму невядома, як павядзе сябе наша грамадства пры чарговым павышэнні коштаў на газ і нафтапрадукты альбо пры пагрозе страты суверэнітэту, калі на нас пачне ціснуць Расія. Людзі ў пераважнай сваёй колькасці гатовы плаціць нават за звышдарагі газ.

Галоўнае, каб у хаце было цёпла, а на вуліцы па-ранейшаму было мірна, без вайны.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики