weather

USD 2.546

EURO 3.0173

RUR(100) 3.3034

search

«Жніво 2020» на Ганцаўшчыне: вынікі ўборкі ўмоўныя, але яны ёсць

Завяршаецца чарговы аграрны год, і працаўнікі сельскай гаспадаркі спраўляюць дажынкі. У Ганцавіцкім раёне свята адзначылі у Будчы 19 верасня. Да гэтага часу ўжо адбыліся абласныя дажынкі, дзе адзначылі і ганцавіцкіх хлебаробаў. Якія вынікі ганцавіцкага жніва і хто сярод перадавікоў? 

 «Жніво 2020» на Ганцаўшчыне: вынікі ўборкі ўмоўныя, але яны ёсць
«Жніво 2020» на Ганцаўшчыне: вынікі ўборкі ўмоўныя, але яны ёсць

Гэтая тэма хвалюе чытачоў «Ганцавіцкага часу», якія паспыталі сельскага жыцця і цяжкай працы хлебароба. Таму абазначаныя пытанні журналіст пераадрасавала начальніку райсельгасхарчу Аляксандру Маркаву. Але 4 верасня ён не змог грунтоўна адказаць.

Кіраўнік патлумачыў, што ганцавіцкія землі бедныя, а клімат экстрэмальны, таму мець высокія сельскагаспадарчыя паказчыкі складана. Параіў не параўноўваць з суседнімі раёнамі, дзе прыродная ўрадлівасць зямлі значна вышэйшая. Ён зазначыў, што ў гаспадарках нядрэнныя паказчыкі па надоях. А вынікамі па ўборцы параіў цікавіцца на наступным тыдні. Аргументаваў тым, што дадзеныя патрэбна пераправерыць і ўдакладніць.

8 верасня ён падзяліўся аператыўнай інфармацыяй па ўборцы зернабабовых ў гаспадарках раёна, назваў толькі траіх намінантаў на ўзнагароджанне на абласных дажынках, спасылаючыся, што астатніх трэба яшчэ ўдакладняць. Цераз два дні чыноўнік быў здзіўлены з`яўленню журналіста.

«Вы сюды, як на працу, ходзіце», – адзначыў Аляксандр Маркаў і змяніў версію адказа.

Першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Маркаў Аляксандр Уладзіміравіч
Першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Маркаў Аляксандр Уладзіміравіч

«Даведаецеся пра перадавікоў, калі будуць узнагароджваць на дажынках», – сказаў Аляксандр Уладзіміравіч і не патлумачыў, чаму нельга было абазначыць гэтую пазіцыю з адразу.

Журналіст паабяцала, што аб гэтым хамелеонаўскім прыёме чытачы даведаюцца. А пра вынікі жніва расказалі самі хлебаробы.

ЯК СПРАВЫ Ў ХАТЫНІЧАХ?

Па словах старшыні ААТ «Хатынічы» Міхаіла Сергіені, справы ў гаспадарцы ладзяцца, бо хатынаўцы вельмі працавіты народ.

«У нас усе камбайнеры па характару трудаголікі, і я не хацеў бы кагосьці выдзяляць асобна», – сказаў кіраўнік гаспадаркі і дадаў, што павагі заслугоўваюць і тыя, хто працуе на ўборцы і вывазцы рапса, бо яны робяць не менш важны ўнёсак ў агульную справу.

Усё гэта дазваляе гаспадарцы развівацца. У гэтым сезоне намалацілі і прадалі 525 тон рапса. На зіму ўжо засеялі гэтай культурай 300 гектараў. Каб зменшыць нагрузку на тэхніку, гаспадарка ўзяла ў лізінг новы камбайн, касілку і прычэпнае абсталяванне. Паказчыкі растуць.

Напрыклад, у параўнанні з мінулым годам валавы збор зерня павялічыўся на 400 тон. Атрымалі ўраджайнасць 25 цэнтнераў з гектара, што на два цэнтнеры вышэй за мінулагодні.

«На раслінаводстве шмат грошай не заробіш, таму развіваем жывёлагадоўлю», – кажа кіраўнік.

У гаспадарцы паспрабавалі вырошчваць гібрыднае жыта, якое неабходна для таго, каб прыгатаваць канцэнтраваныя кармы, што дазваляе павысіць рэнтабельнасць жывёлагадоўлі. У мінулым годзе ад каровы ў сярэднім надойвалі 6000 тон малака, у бягучым – ужо на 602 тоны больш. Пагалоўе жывёлы павялічылі на 200 галоў, дойных кароў – на 56 галоў, каб запоўніць малочна-таварную ферму «Ясянёва».

«Сёння час такі, што людзі хочуць працаваць у сваёй вёсцы. Кожны дзень прыходзіць чалавек і просіцца на працу, таму трэба адчыняць новыя працоўныя месцы», – лічыць Міхаіл Сергіеня.

Зараз у гаспадарцы працуе 136 чалавек. Людзі ідуць, бо заробак у калгасе з кожным годам павялічваецца. Наа пачатку мінулага года сярэдні заробак складаў 639 рублёў. У пачатку 2020 года працаўнікі ў сярэднім атрымлівалі за месяц па 872 рублі, а ў ліпені – 976 рублёў.

«Жніво 2020» на Ганцаўшчыне: вынікі ўборкі ўмоўныя, але яны ёсць
«Жніво 2020» на Ганцаўшчыне: вынікі ўборкі ўмоўныя, але яны ёсць

НЕЗВЫЧАЙНЫЯ ЭКІПАЖЫ

Кіраўнік ААТ «Хатынічы» не стаў выдзяляць перадавікоў, а даручыў эканамісту распавесці пра ўсе экіпажы камбайнераў. Атрымалася, што кожны экіпаж незвычайны па-свойму. На двух камбайнах працавалі сямейныя экіпажы. Віталій Мікалаевіч Мінько з сынам Яўгенам на КЗС-1218А убралі 90,3 гектары і намалацілі 234,9 тоны.

На КЗС-10 Мікалай Якаўлевіч Валуевіч з сынам Аляксандрам з плошчы 312,9 гектары намалацілі 774,9 тоны зерня. На КЗС-1218 Сяргей Ільіч Шамрыла і Уладзімір Ільіч Шамрыла убралі 185,2 гектары і намалацілі 447,3 тоны.

Большых паказчыкаў дабіліся два цёзкі Сяргеі Васільевічы Крупенічы. На КЗС-1218 яны ўбралі 544,9 га і намалацілі 1438,2 тоны. Мужчыны рознага ўзросту. Камбайнерам працаваў малодшы Сяргей Крупеніч.

 

Нягледзячы на ўзрост 29 гадоў, ён ужо не першы год шчыруе на ўборцы. Пазнаёміцца з ім не ўдалося, бо чалавек знаходзіцца на лячэнні. Старэйшаму Сяргею Крупенічу 42 гады. У калгасе ён працуе толькі каля паўгода, але гэтага часу хапіла, каб паспрабаваць камбайнерскай працы.

«Для мяне нечакана было, што наш экіпаж выйшаў у перадавікі. Мы з напарнікам працавалі і не задумваліся над гэтым, але вынік прыемна парадаваў», – кажа Сяргей Крупеніч.

Ён ў калектыве зусім нядаўна. Прыйшоў у калгас у сакавіку. Раней ездзіў на заработкі, на вахты – будаваў катэджы, дамы. Апошнім часам працаваў у прыватніка на пілараме.

«А вясной вырашыў уладкавацца ў калгас і праверыць, гэта маё ці не маё», – тлумачыць Сяргей.

Першы час ён працаваў вадзіцелем на аўтамабіле УАЗ. Дастаўляў абеды і вазіў па гаспадарцы агранома. Потым пайшоў працаваць памочнікам камбайнера. Пасля ўборкі, пакуль напарнік на бальнічным, ён падмяняў яго на пагрузчыку.

«Мне падабаецца ў калгасе. Заработак задавальняе. Вельмі добры калектыў і кіраўнік, таму адносіны прыемныя. Усё наладжана па прынцыпе: як працуеш, так і зарабляеш», – адзначае Сяргей Крупеніч.

За час ўборкі ён зарабіў каля дзвюх тысяч рублёў. Кажа, што настроены застацца ў калгасе і ўдзельнічаць ва ўборцы і ў наступным сезоне. Родныя рады, што Сяргей цяпер больш часу праводзіць дома разам з імі. Жонка Наталля працуе медсястрой у райбальніцы. Сын Максім вучыцца ў Слуцкім каледжы на фельчара, дачка Анастасія – у 11 класе Хатыніцкай СШ.

«Жніво 2020» на Ганцаўшчыне: вынікі ўборкі ўмоўныя, але яны ёсць
«Жніво 2020» на Ганцаўшчыне: вынікі ўборкі ўмоўныя, але яны ёсць

ПЕРАДАВІКІ ВОБЛАСЦІ

Пераможцамі абласнога спаборніцтва сталі Іванаўскі, Пружанскі і Камянецкі раёны. Але на абасных дажынках, якія адбыліся 12 верасня ў паселішчы Дзівін Кобрынскага района, адзначылі і хлебаробаў Ганцаўшчыны.

Старшыню ААТ «Люсіна Агра» Аляксандра Амельяновіча ўзнагародзілі медалём Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Сярод лепшых аграрыяў адзначылі старшыню ААТ «Хатынічы» Міхаіла Сергіеню і машыніста зернесушыльнага комплекса ААТ «Ганцавіцкі райаграсервіс» Аляксандра Радзюка.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Материалы по теме