weather

USD 2.095

EURO 2.3557

RUR(100) 3.2765

search

Наталля Рабава: “Калі мы стаім на месцы, нашы суседзі ідуць наперад”

У Беларусі прайшла міжнародная канферэнцыя “Пошук новага балансу: як зрабіць адпаведнай сістэму дзяржаўнага кіравання выклікам, якія стаяць перад Беларуссю”. Вынікі мерапрыемства падводзіць дэрыктар Школы маладых публічных адміністратараў (SYMPA), сацыёлаг Наталля Рабава.

Наталля, наколькі правядзенне гэтай канферэнцыі актуальнае для нашай краіны?

– Узровень жыцця падае. Кожны адчувае гэта на сваёй скуры І людзі разумеюць, што трэба нешта рабіць.. Пра гэта ж фактычна сказаў памочнік прэзідэнта Кірыл Руды, які публічна заявіў, што ў нас ёсць людзі ў заходніх касцюмах, але ці ёсць у нас людзі з заходнімі мазгамі, якія дазваляюць праводзіць гэтыя рэформы?

Рэфармаваць нашу эканоміку трэба, але на дадзены момант нераспрацаваны механізм правядзення гэтых рэформаў. Таму цэнтральным пытаннем нашай канферэнцыі мы паставілі, хто і як гэта будзе рабіць.

І хто ж?

Зараз сітуаціыя складваецца наступным чынам: чыноўнікі, згодна даследванню BISS, у цэлым жадаюць рэформ, але няма ніякай выразнай стратэгіі іх паводзін. І кіраўнік дзяржавы прама гаворыць, што “будзем “рэзаць” гэтых рэфарматараў”. Зразумела, гэта не вельмі спрыяе жаданню дзяржслужачых нешта мяняць.

– Да ўдзелу ў канферэнцыі былі прыцягнутыя вельмі сур’ёзныя    эксперты з розных краін: Літвы. Эстоніі. Расіі, Казахстана, Грузіі. Чаму былі выбраныя менавіта гэтыя краіны?

Таму што гэта краіны з агульным мінулым. Літва наш сусед, які перабудаваў  сістэму дзяржаўнага кіравання па лекалах Еўрапейскага Саюза. Казахстан рэфармуецца вельмі сур’ёзна ужо дастаткова шмат гадоў і заяўляе пра яшчэ большыя амбіцыі ў гэтай сферы. Грузія вядомая ўсяму свету сваімі кардынальнымі крокамі ва ўсіх галінах.  Эстонія – флагман у сферы прымянення электроннага ўраду.

Выступы экспертаў былі вельмі цікавымі, і нам, як арганізатарам, было вельмі шкада перарываць спічы некаторых выступоўцаў з-за часовых абмежаванняў.

Дарэчы, на канферэнцыі прысутнічалі таксама выступаючыя спікеры з дзяржорганаў Беларусі.

Мы ж пры арганізацыі гэтага мерапрыемства не ставілі мэтай выпрацаваць нейкую падугульняючую рэзалюцыю і потым за яе прагаласаваць, а хацелі прадаставіць пляцоўку для дыялогу, магчымасць выказаць розныя меркаванні і падзяліцца сваім назапашаным досведам.

Ці ўдалося знайсці агульную мову з прадстаўнікамі дзяржструктураў?

Практычна паўсюль узнікалі супярэчнасці. Элетронны ўрад, па меркаванню прадстаўнікоў улады, у цэлым патрэбны. Але ён мяркуе нейкі давер да грамадзян і правядзенне рэформ у цэлым. А з гэтым у нас, як вядома, праблемы.

Можаце сказаць, досвед якой краіны нам найбольш прымальны і актуальны?

Досвед Эстоніі нам найбольш цікавы ў галіне электроннага ўраду. Грамадзянін можа не толькі атрымліваць сэрвісы анлайн, але і актыўна удзельнічаць у жыцці краіны – абмяркоўваць нарматыўна-прававыя акты, галасаваць і г.д. Там зараз нават ёсць магчымасць атрымання электроннага грамадзянства.

Грузія нам цікавая той думкай, што нельга капіяваць чужы досвед, нават самы ўдалы. Дзяржава, у ідэале, павінна ўзяць на сябе ролю суддзі і назіраць за захаваннем выпрацаваных правілаў, а не старацца перайграваць іншых гульцоў.

Досвед Казахстана нам таксама вельмі цікавы. Краіна датэрмінова ўвайшла ў топ-50 краін з самай канкурэнтназдольнай эканомікай і цяпер хоча ўвайсці ў топ-30. Мы на гэты фоне выглядаем неяк зусім непераканаўча.

Дык усё ж па якому шляху нам рухацца наперад: казахстанскаму, эстонскаму, грузінскаму?

З аднога боку, нам нельга браць чужое адзенне і нацягваць яго на сябе. Але з другога, працэс кройкі і пашыву сукенкі не ўнікальны. Таму нам трэба больш уважліва прыгледзецца хоць б да досведу суседніх краін і ўзяць з яго лепшае. Таксама неабходна паставіць адпаведныя мэты і задачы, а потым вымяраць вынікі.

 Чаму дыялог з прадстаўнікамі дзяржаўных структур развіваецца так, мякка кажучы, няпроста?

Калі б не было бюджэтных дзірак, то дыялогу, напэўна б, увогуле не атрымалася. Але таму што ў нас сур’ёзныя праблемы з напаўняльнасцю бюджэту, пытанне “хочацца ці не хочацца рэформаў”, папросту не стаіць. Гэта проста суворая неабходнасць.

Які вынік канферэнцыі?

Мы ўбачылі інтарэс з боку дзяржворганаў, грамадскасці да найбольш перспектыўных напрамкаў развіцця беларускага грамадства. Мы ўсвядомілі гатоўнасць да дыялогу. Спадзяюся, што тыя думкі і інструменты правядзення магчымых рэформаў, пра якія мы гаварылі на канферэнцыі, будуць неяк пачутыя. З усімі вынікаючымі.

Наталля, наколькі гэта рэалістычна?

Не думаю, канешне, што наша канферэнцыя пераламала сітуацыю. Але мы прадаставілі пляцоўку для выказвання поглядаў і пазіцый па сітуацыі ў краіне. Гэтая сітуацыя няпростая, і мы кіруемся толькі жаданнем яе змяніць да лепшага.

Вельмі крыўдна ўсведамляць, што калі мы стаім на месцы, нашы суседзі ідуць наперад.

comments powered by HyperComments
Из рубрики