weather

USD 2.5755

EURO 3.0365

RUR(100) 3.4258

search

Прымусовая падпіска – прыгоннае права ХХІ стагоддзя

Многія цяпер кажуць, што друкаваныя газеты хутка знікнуць – іх выцісне інтэрнэт. Яшчэ некалькі гадоў таму эксперты медыя-бізнесу казалі, што газеты вымруць праз 7–10 гадоў, а зараз змяншаюць гэты тэрмін напалову. Праўда гэта ці не, але агульная тэндэнцыя такая – тыражы газет змяншаюцца, і гэта факт. Такое жыццё...

 Галоўны рэдактар газеты "Ганцавіцкі час"
Галоўны рэдактар газеты "Ганцавіцкі час"

Некалі ніхто не мог бы і ўявіць, што разваліцца Савецкі Саюз, што знікнуць моцныя калгасы і прадпрыемствы Ганцаўшчыны, што ў вёсках зачыняцца школы і дзіцячыя садкі, што ў Нацкім сельсавеце, дзе восем вёсак (адна з іх – аграгарадок), не застанецца ніводнай навучальнай установы... Што ўжо гаварыць пра газеты?

Але яшчэ ёсць шмат людзей, якія любяць папяровую версію газеты, хочуць патрымаць яе ў руках, пагартаць і вярнуцца да прачытанага...

Канкурэнцыя ўзрастае, бо частка чытачоў сыходзіць у інтэрнэт, насельніцтва ў Ганцавіцкім раёне змяншаецца, даходы людзей, на жаль, таксама не радуюць сваім прыростам. Таму за такіх чытачоў ідзе барацьба. Згодна здаровай канкурэнцыі, павінны выжыць тыя, хто больш адчувае патрэбы чытачоў і чый прадукт (газета) найбольш якасны і мае прымальную цану.

Падпісная кампанія для рэдакцый друкаваных газет у цяперашні час – гэта бітва. Для рэдакцыі газеты «Ганцавіцкі час» падпісная кампанія таксама выпрабаванне, бо ў выніку лічба тыражу напрыканцы падпіскі паказвае вынікі працы ўсяго калектыву газеты і давер тых, для каго яны працуюць.

Калі чытач галасуе сваім рублём, значыць, патрэбна газета, стараюцца журналісты і трымаюць руку на пульце, даносячы да чытачоў тую інфармацыю, якая ім цікавая і карысная.

Але роўных умоваў для канкурэнцыі няма. У такіх невялікіх раёнах, як Ганцавіцкі, яшчэ час ад часу людзі скардзяцца на прымусовую падпіску. Пра гэта кажуць у асноўным работнікі адукацыі, зрэдку медыкі.

Чытайце таксама: В Ганцевичском районе учителей заставляют читать "правильную" прессу

На гэтым тыдні работніца аднаго дзіцячага садка расказала, што начальнік з райвык анкама настойліва «рэкамендаваў» падпісвацца на раёнку. Жанчына спытала, на якую з іх, бо ў нас іх дзве. На гэта чыноўнік адказаў, што на «Ганцавіцкі час» можна, але яна не ідзе ў план. Што там за планы, людзям не патлумачылі... Але былі і скаргі на тое, што некаторыя начальнікі не даюць жыцця і з пагрозамі, патрабуць справаздачы аб падпісцы.

Каб настаўніку ці работніку дзіцячага садка ў Мінску ці ў любым буйным горадзе сказалі, што ён абавязаны выпісаць ды яшчэ і прынесці квітанцыю аб падпісцы, на таго дырэктара ці загадчыка паглядзелі б як на вар`ята. У лепшым выпадку праігнаравалі б, а некаторыя маглі б і паслаць туды, дзе Макар цялят не пасвіў.

У нашым раёне вар`яты яшчэ не перавяліся. Сустракаюцца яшчэ асобы, якія настойліва спрабуюць захаваць прымусовую падпіску. Гэта нагадвае рэанімацыю мёртвай кабылы.

З боку работнікаў такі чыноўнік бачыцца, як памешчык з бізуном над прыгоннымі сялянамі. Некаторыя начальнікі, карыстаючыся сваім службовым становішчам, спрабуюць прымушаць падначаленых, ведаючы, что фактычна парушаюць закон і могуць панесці адказнасць, калі работнік напіша скаргу. Але чаму яны ідуць на парушэнне? Чаму нахабна запускаюць руку ў кішэнь да падначаленых, ігнаруючы законы і нормы?

Можа, такім чынам нікчэмныя чыноўнікі хочуць паказваць хоць нейкую працу, бо больш ні на што не вартыя? Ці проста яны трасуцца, каб не страціць свае крэслы і партфелі, зарплату ў разоў ...наццаць большую, чым у тых, з каго яны вымагаюць грошы?

Яны разлічваюць на правінцыйную ментальнасць, што мудрыя печкуры, як у казцы Салтыкова-Шчадрына, яшчэ не перавяліся. І некаторыя работнікі вядуцца на «грозныя просьбы», бо баяцца, каб чаго не выйшла і, нібы лохі, плацяць, спадзеючыся на лаяльнасць начальства. Але многія ігнаруюць, бо нічога чыноўнік за адмову ад падпіскі з імі не зробіць. А вось страціць працу такому начальніку яшчэ прасцей, чым простаму работніку.

Мне ўвогуле цяжка ўявіць, што нармальны дырэктар ці начальнік апусціцца да такой нізкасці, што скажа: «Ты абавязаны выпісаць вось такое выданне і прынесці квітанцыю».

Гэта абсалютнае нахабства і непавага да падначаленага. Законнай падставы для гэтага няма. Таму абсалютна лагічна спытацца ў таго бесталковага начальніка, на якой падставе ён патрабуе квітанцыю і чэк на падпіску. Гэта не яго справа! Не зашмат ён прымае на грудзі? Можа такому яшчэ чэкі аб пакупцы прадуктаў ці ніжняй бялізны прыносіць і паказваць?.. Вось як такі дырэктар ці начальнік можа кіраваць людзьмі?

Жорстка? Так, згодны. А як яшчэ да цвердалобых дацюкацца? У «ГЧ» ужо друкавалі нават пісьмовыя адказы намесніка старшыні райвыканкама Сяргей Сарокава і начальніка раённага вузла паштовай сувязі Эдуарда Валуевіча, што НІЯКАЙ ПРЫМУСОВАЙ ПАДПІСКІ НЯМА. Але старую пласцінку заводзяць пры кожнай падпісной кампаніі. Таму ёсць пытанні і да падначаленых. Кажаце, начальнікі прымушаюць?

Ды не прымус гэта, а называецца яно іншымі словамі – маральнае рабства. Гэты прымус сядзіць у галовах раўнадушных і абыякавых людзей, з маўклівай згоды якіх і дапускаюць асобныя дзеячы самавольства і дэспатызм.

Хтосьці губляе рэальнасць і адчувае сябе на пасадзе, як намеснік Бога, а падначаленыя губляюць чалавечыя якасці – сумленне і годнасць. Адсюль і б`е крыніца многіх грамадскіх праблем.

Вось на «Ганцавіцкі час» прымусовай падпіскі няма. Па водгуках жыхароў раёна, газета «Ганцавіцкі час» выглядае больш канкурэнтназдольнай, чым многія іншыя выданні.

Усё больш жыхароў горада і вёсак аддаюць перавагу «ГЧ». Не вядуцца людзі ні на негатыў, які чуецца ў адрас нашага выдання, ні на розныя ярлыкі накшталт «жоўтай прэсы».

Рэдакцыйную палітыку мы не змянілі – па-ранейшаму паказваем жыццё такім, якім яно ёсць, без прыхарошвання, не хаваючы негатыўных момантаў. Мы стараемся даць магчымасць выказацца ўсім бакам, бо гэта і ёсць справядлівасць і аб`ектыўнасць, каб людзі пачулі розныя меркаванні.

Мне часам дзіўна чуць папрокі мясцовых кіраўнікоў, якія крыўдзяцца, што «ГЧ» асвяціла нейкія тэмы, бо, на іх думку, праблемы ў іх арганізацых трэба замоўчваць. Не, таварышы, спадары, мэры і сэры! Прынцыповая пазіцыя «ГЧ» – паказваць рэальнае жыццё, а не надзяваць чытачам ружовыя акуляры. Паверце, трымаць такую пазіцыю дарагога каштуе.

Калектыў рэдакцыі спадзяецца толькі на вас, шаноўныя чытачы. Гэта ў першую чаргу ваша газета, дзякуючы якой кожны можна скарыстаць магчымасць і выказаць свабодна сваё меркаванне.

Забудзьце пра прамусовую падпіску – яе няма! Уздыхніце вольна! І выпісвайце тыя газеты, якія падабаюцца менавіта Вам. Я толькі магу агітаваць падпісвацца на «ГЧ», а выбар за вамі..

Хачу звярнуцца да чытачоў, якія чытаюць навіны на нашым сайце. Вы павінны разумець, што калі не будзе друкаванай газеты, то не будзе і інтэрнэт-сайта. Сайт GANC-CHAS.BY існуе за кошт падпісчыкаў газеты.

Да завяршэння падпіскі засталося мала часу. Не адкладвайце на апошнія дні, званіце цяпер па тэлефонах 2-74-92, 6-21-26 альбо падпісвайцеся ў любым паштовым аддзяленні.

Нагадваю, што ўсе падпісчыкі «ГЧ» на 2-е паўгоддзе атрымаюць нумарныя пластыкавыя дысконтныя карткі «Клуба чытачоў «ГЧ», якія дазволяць вам атрымаць перавагі і сэканоміць.

Самыя адданыя чытачы, якія маюць такую магчымасць, могуць зрабіць падарунак родным ці знаёмым, аказаць падтрымку маламаёмасным і шматдзетным людзям і падпісаць іх на «Ганцавіцкі час». Частку сродкаў рэдакцыя таксама траціць на гэтыя мэты.

Дзякую вам шчыра за падтрымку, паважаныя чытачы.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики