weather

USD 2.5755

EURO 3.0365

RUR(100) 3.4258

search

Дэпутаты з голасам уладзе не патрэбны

У большасці ў дэпутаты ідуць чыноўнікі, у якіх і так дастаткова паўнамоцтваў, каб вырашаць мясцовыя праблемы. Некаторыя проста мяняюць выбарчыя акругі. Чатыры гады з мандатамі, а людзі не ўспомняць нават іх прозвішчаў і чым яны займаліся.

 У выбарчых камісіях абцугамі трэба даставаць інфармацыю пра кандыдатаў. Напрыклад, старшыня раённай выбарчай камісіі Наталля Маляўка хавае адкрытую інфармацыю аб даходах і маёмасці кандыдатаў. Маўляў, на плакатах на стэндах ёсць. Дзе тыя стэнды? Кожны да іх дойдзе? Ды на лістоўцы той бедная інфармацыя. За каго галасаваць? Выбіраць, хто прыгажэйшы ці якую пасаду займае? А народ павінен ведаць, як жывуць «народныя выбраннікі», а галоўнае, чаго яны ідуць у дэпутаты.

Кандыдаты, якія прэтэндуюць прадстаўляць народ у мясцовым заканадаўчым органе – а статус абавязвае іх быць публічнымі – не могуць адказаць, з чым яны ідуць у дэпутаты. Напрыклад, кандыдат, які балатуецца адразу ў два Саветы дэпутатаў – раённы і абласны, Вадзім Сашко на пытанне журналіста «ГЧ», ці ёсць у яго перадвыбарчая праграма, адказаў: «Чытайце ў Савецкім Палессі».

Я не веру, што яна там будзе. Ні ў якім «СП» ён не надрукуецца да выбараў. Платна артыкул яшчэ маглі б надрукаваць. Але рахунак, каб весці законна перадвыбарчую агітацыю, у банку Вадзім Уладзіміравіч не адкрыў. Апублікаваць бясплатна – парушыць нормы выбарчага заканадаўства і прынцып роўнасці. Калі спадар Сашко адказвае за свае словы, яму трэба пакласці на рахунак грошы і заплаціць за публікацыю. Вось тады будзем чытаць яго праграму. А калі праграмы няма, то як дэпутат будзе выконваць тое, што прадугледжана заканадаўствам? Закон «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета» абавязвае не радзей за два разы на год даваць справаздачу перад выбаршчыкамі аб сваёй дзейнасці і ходзе выканання перадвыбарчай праграмы. Гэта тычыцца і астатніх дэпутатаў.

Выбары ператварыліся ў фармальнасць. Але так было не заўсёды. Я сведка сапраўды адкрытых мясцовых выбараў. Гэта выбары ў парламент і мясцовыя выбары ў 1995 годзе. Тады ішла цікавая барацьба, была агітацыя. Камісія не бачыла ў назіральніках ворагаў, яны маглі стаяць каля сталоў ці хадзіць, і нікому яны не заміналі.

Я памятаю тую атмасферу адкрытасці і добразычлівасці. Не было напружанасці, варожасці. Ніхто не баяўся, нікога не гналі на выбарчы ўчастак. Былі канкурэнцыя і жаданне ініцыятыўных людзей працаваць на карысць сваёй вёсцы і людзям. І цяпер такія людзі ёсць. Аднак улада робіць усё, каб незалежныя кандыдаты, якія хочуць зменаў, нічога не ведалі і таму не перамаглі на выбарах, а выбаршчыкі думалі, што дэпутаты нічога не могуць.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики