weather

USD 2.5755

EURO 3.0365

RUR(100) 3.4258

search

За перагон аўтамашын праз мытню цяпер прапануюць больш грошай!

Нягледзячы на засцярогу ў СМІ ад сумніўных здзелак па афармленні аўтамабіляў з Еўропы на ўкраінскай мытні і непрыемнасці, якія могуць чакаць тых, хто пасквапіўся на дадатковы заробак, бізнес у Ганцавіцкім раёне зноў набірае абароты.

Замест 20 долараў, якія раней прапаноўвалі пасярэднікі шукальнікам лёгкіх грошай, цяпер прапаноўваюць па 60-65 рублёў. Сквапнасць ці жаданне падзарабіць перамаглі патэнцыйную небяспеку нарвацца на велізарныя штрафы тым, на каго аформілі часовы ўвоз аўтамабіля з Еўропы ва Украіну.

У мінулую суботу дзве жанчыны-пенсіянеркі з Ганцавіч пасля таго, як па іх вушах праехаліся агітатары, зга­дзіліся адправіцца на мяжу. Але пра тое, што на іх будуць афармляць аўтамабіль без растаможкі, ім не сказалі. Былі патрэбны толькі іх пашпарты. Адна жанчына нават не сказала нікому, куды едзе, а патэлефанавала ўжо з буса, у якім сядзелі такія ж жадаючыя зарабіць грошай.

Пасярэднікі абяцалі дамчаць да мытні і вярнуцца назад вельмі хутка.

Вось толькі калі жанчыны не вярнуліся ў нядзелю вечарам, а сувязь з імі знікла, родзічы пачалі біць трывогу. Дзе шукаць, куды яны паехалі? Акрамя таго, што недзе на мяжу з Украінай, звестак у іх не было.

Нявестка адной з прадпрымальных пенсіянерак з сяброўкай правялі сваё расследаванне. Яны абзванілі і таможні, і «гарачую лінію» пагранкамітэта. Але там інфармацыі пра тое, ці перасякалі жанчыны граніцу, не давалі, адказваючы, што прадаставяць звесткі толькі па запыце міліцыі.

«Я так перажывала, не дазваніўшыся да свекрыві, што не ведала, як і што думаць і рабіць, – расказала «ГЧ» нявестка, маці траіх дзяцей Галіна. – Думала, вечарам у нядзелю вернецца. А калі прайшоў і панядзелак, то хацела ўжо ў міліцыю ісці па дапамогу».

Вырашылі шукаць тых, хто займаецца вярбоўкай людзей. Аказалася, што пасярэднікі-агітатары ёсць і ў Ганцавічах, і ў Раздзялавічах, і нават у Задуб’і. Але тыя, каго яны знайшлі, адказалі, што пасля артыкулаў у «Ганцавіцкім часе» пра вялікія штрафы яны гэтым ужо не займаюцца.

Пачалі шукаць тых, каго вазілі нядаўна. Спачатку знайшлі дзеда, які жыве на вул. Кастрычніцкай, 28. Той расказаў, што яму параіў іншы мужчына, які жыве на вул. Праскурава, і на яго аформілі часовы ўвоз аўтамабіля. І ўрэшце выйшлі на першага дробнага пасярэдніка, што жыве на вул. Савецкай.

Жанчыны не прызналіся, што шукаюць сваіх родных, а сказалі, што самі хочуць паехаць і падзарабіць. Вячаслаў – так завуць пасярэдніка – вельмі абрадаваўся і агітаваў яшчэ і сябровак з сабою запрасіць, каб весялей у дарозе было. Па словах жанчын, ён расказаў, што адправіў ужо чалавек 200, што ніякай небяспекі няма – адвязуць і прывязуць, накормяць і грошы яшчэ заплацяць. Але гэта будзе праз некалькі дзён, бо ў суботу павезлі на бусе чарговую партыю...

Вячаслаў падзяліўся нумарам тэлефона нейкай Алены Літвінавай з Кобрына (так указана прозвішча ў сацсетцы ВК), якая і арганізуе паездкі на ўкраінскую мяжу. Па словах жанчын, звязацца з Аленай змаглі толькі па скайпе. Высветлілася, што свякроў і іншыя людзі нейкім чынам апынуліся ў Львове, бо на мытні ўзніклі праблемы. Прадпрымальныя пенсіянеркі вярнуліся толькі ноччу ў сераду.

Па словах Галіны, свякроў адказала, што ўсё нармальна, што іх было сем чалавек, а з нашага раёна – чацвёра. Толькі першую ноч пераначавалі ў мікраўтобусе, а так начавалі ў гатэлі. Прыехалі ганцаўчане без грошай, бо абяцалі расплаціцца з імі пазней…

Можа і заплацяць. Толькі праблемы могуць узнік­нуць пазней. Калі «еўрабляху» не вывезуць на працягу года назад у Еўропу, то беларускаму «вярблюду», на якога аформілі часовы ўвоз аўтамабіля, пагражае штраф каля 640 долараў. Акрамя таго, забаронена перадаваць аўтамабіль іншым асобам, а толькі для асабістага карыстання. Калі высветліцца, што на ім ездзіць іншы чалавек, то пагражае штраф каля 320 долараў.

“ГЧ” ужо раней пісаў, што з «еўрабляхамі» ўкраінскія ўлады ўжо прынялі пастанову, што з чэрвеня 2018 года будзе запушчана відэафіксацыя ў аўтаматычным рэжыме. Камеры закуплены і манціруюцца. Непрыемнасці могуць узнікнуць, калі беларус перасячэ граніцу з Украінай. Але яшчэ ёсць небяспека, што дзяржавы могуць дамовіцца і заключыць міжнароднае пагадненне, і штрафы тады будуць спаганяць на тэрыторыі Беларусі.

Хацелася пачуць і меркаванне пасярэднікаў на гэты конт. Але на тэлефонныя званкі з рэдакцыі “ГЧ” Алена Літвінава не адказвала.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики