weather

USD 2.5755

EURO 3.0365

RUR(100) 3.4258

search

З карупцыяй змагаюцца «жэстачайшэ», а чыноўнікаў-карупцыянераў усё больш

Вось такая парадаксальная сітуацыя, і ў чым тут прычыны? Напэўна, кожны з вас неаднаразова чуў са СМІ, што ў Беларусі змагаюцца з карупцыяй са страшнай сілай. 

Зараз рэалізуецца чарговая праграма па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2017–2019 гады. Выяўленнем карупцыі  займаюцца: пракуратура, органы ўнутраных спраў, КДБ, камітэт дзяржкантролю і многія іншыя.

У Ганцавіцкім раёне створана аж 28(!) камісій па супраць­дзеянні карупцыі на прадпрыемствах,ва щустановах, арганізацыях, упраўленнях і аддзелах райвыканкама.

Здавалася б, пры такой колькасці розных органаў і камісій «беднаму карупцыянеру» і паварушыццца няма як.

Афіцыйныя вынікі статыстыкі паказваюць, што адбываецца рост карупцыі. Паводле звестак Генпракуратуры, у 2017 годзе ў Рэспубліцы Беларусь карупцыйных злачынстваў было 1 885 (ў 2016 годзе – 1 593).І ў дзяржаўных органах рост найбольшы.

За мінулы год было выяўлена каля 800 чыноўнікаў і ўпраўленцаў, якім вынесены абвінавачвальныя прыгаворы. А сума страт, якія яны нанеслі – 25 млн рублёў (каля 13 млн долараў).

Прага нажывы мацнейшая за страх

На днях А. Лукашэнка ў чарговы раз сказаў, што чыноўнікам на высокіх пасадах, якія займаюцца карупцыяй, літасці не будзе. Апошняя рэзанансная падзея – затрыманне  яго стаўленіка, памочніка Прэзідэнта Беларусі, інспектара па Гродзенскай вобласці  Сяргея Раўнейка, якога злавілі за хабар на суму 200 тысяч долараў. Прэзідэнт жорстка раскрытыкаваў за такі ўчынак, назваўшы былога дзяржчыноўніка «бандитом и наглецом высшей степени». Аляксандр Рыгоравіч анансаваў, што хутка з`явяцца новыя фігуранты, якія ўжо затрыманы за карупцыю. «Днямі вы пачуеце пра новыя факты... Яны ўжо сядзяць там – у следчым ізалятары».

Словы кіраўніка дзяржавы, які кажа, што няма «недатыкальных» і за злачынствы да адказнасці прыцягваюць нават начальнікаў самага высокага рангу, можна толькі вітаць. Але чаму грозных заяў А. Лукашэнкі чыноўнікі  не баяцца, а барацьба з карупцыянерамі  не прыносіць жаданага выніку?

Пакаранне за карупцыйныя злачынствы дасягае 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. Але калі ёсць рост злачыннасці, то альбо меры не эфектыўныя, альбо праваахоўныя органы пачалі актыўней выяўляць карупцыянераў. Узнікае пытанне: а чаму раней не выяўлялі? Ці не было загаду?

Як караюць чыноўнікаў за хабар і крадзяжы

Размаўляючы з людзьмі, часта даводзіцца чуць: «Начальнікі, якія крадуць на мільёны, адкупяцца, а за мех мукі з фермы ці цюк саломы  – у турму на некалькі гадоў» Ці яшчэ: «Некаторых чыноўнікаў «садзяць», але не ў турму, а на дырэктарскія пасады – вось яны, асуджаныя «бедалагі», так і мучацца ў адсталых калгасах». 

Не на пустым месцы ўзніклі ў народа гэтыя меркаванні. Выкліканы яны такімі прыкладамі: былы намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў пасля выхаду з віцебскай калоніі быў прызначаны кіра­ваць гаспадаркай «Пятровічы» ў Смалявіцкім раёне. Былы дырэктар «Магілёўдрэва» Андрэй Усаў, асуджаны за карупцыю на 8 гадоў, вызвалены і працаваў выканаўчым дырэктарам магілёўскага завода «Строммашына». Былога намесніка Баранавіцкага гарвыканкама Ігара Стасевіча, якога судзілі за службовыя злоўжыванні і хабар, вызвалілі і прызначылі кіраваць Баранавіцкім камбінатам надомнай працы. Асуджаны за крадзеж каўбасы былы дырэктар Бабруйскага мясакамбіната Віктар Хадасевіч узначаліў калгас у Хоцімскім раёне.

Прэзідэнт іх памілаваў. Вышэйшая судовая ўлада рукамі разводзіць... Справядліва ці не – гэта спрэчнае пытанне. Нявыгадна, відаць, такія кадры трымаць у турме. Але ці спрыяе гэта барацьбе з карупцыяй?

У 2017 годзе найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў выяўлена ў сферах:

  • дзяржаўнага кіравання – 318 (ў 2016 годзе – 275);
  • сельскай гаспадаркі – 200 (138);
  • прамысловасці – 184 (135);
  • транспарту – 181 (82);
  • аховы здароўя – 163 (163);
  • будаўніцтва – 145 (118);
  • адукацыі – 130 (80);
  • гандлю – 118 (122).

У раёне Няма вінаватых

У Ганцавіцкім раёне з карупцыянераў адбыў тэрмін толькі былы намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Давыдчык. За ўсіх цягнуў, пэўна...Але нешта не было чутно, каб каго пакаралі за даведзеныя да банкруцтва сельгаспрадпрыемствы, за знішчаныя прамысловыя прадпрыемствы. Гэта я пра набалелае: у Вялікіх Круговічах знікла абсталяванне для новага цагельнага завода, адрамантаваныя будынкі ператварыліся ў руіны, стаяць асірацела апусцелыя так званыя прэзідэнцкія домікі ў Начы, у Востраве, не вярнуліся «з выраю» больш за 200 кароў ці бычкоў, якія таямнічым спосабам зніклі з лактышоўскай фермы...

Мясцовыя ўлады безгаспадарчасці не бачылі?

Тыя, каму даверана народнае багацце!? Без карупцыі там не абышлося, да бабкі не ха­дзі. Факты, як прабоіну у судне, пальцам не заткнеш. Нават калі дапусціць, што ўсе чыстыя, як анёлы, то факты бяздзеяння, якое прывяло да велізарных страт, там былі без сумненняў. Чыноўнікі рабілі што хацелі, а тыя, хто павінен быў кантраляваць, як яны распараджаюцца дзяржаўнаю маёмасцю і сродкамі, мелі свае інтарэсы і закрывалі на ўсё вочы. Віноўнікаў няма, і наступствы плачэўныя. Іх можна паехаць і паглядзець.

Балюча многім нашым землякам глядзець на разваліны таго, што будавалі некалі іх дзяды і бабулі, бацькі і матулі. Балюча быць сведкамі таго, як на вачах спусташаюцца вёскі, якія сталі чамусьці бесперспектыўнымі. А былыя кіраўнікі катаюцца як сыр у масле і кіруюць на іншых пасадах...

Гэта спарадзіла нявер`е ў здольнасць мясцовых улад  эфектыўна кіраваць і ствараць не на паперы, а на справе добрыя ўмовы для працы і жыцця.

Бяздзеянне і страх – ворагі прагрэсу 

Чаму так адбываецца? Маё меркаванне, што сярод чыноўнікаў мала такіх, хто аддана кладзе свае сілы і здароўе, каб зрабіць для раёна і людзей нешта карыснае. А некаторыя проста кладуць на ўсё, кіруючыся сваімі меркантыльнымі інтарэсамі і пазіраюць на га­дзіннік, калі скончыцца працоўны дзень, які прынясе чарговую долю стабільнай зарплаты.

На мой погляд, карупцыю параджаюць уседазволенасць асобных чыноўнікаў, іх бяздзеянне і безыніцыятыўнасць. А яшчэ страх людзей.

Пры такіх паводзінах карані пускае карупцыя. Працягвайце скардзіцца на лёс і плакацца з-за малых зарплат – можа, калі-небудзь слёзы будуць купляць, то разбагацееце.

Ганцаўчане павінны самі стаць стваральнікамі дабрабыту, падтрымліваць тых чыноўнікаў, якія сваёй эфектыўнай працай дабіваюцца станоўчых вынікаў, а прыспасабленцаў і карупцыянераў выяўляць і адпраўляць у вёскі, каб яны не языком на сходах, а на справе адраджалі іх.

 У цэлым па рэспубліцы павялічылася колькасць устаноўленых фактаў: ​​

  • атрымання хабараў – з 713 ў 2016 годзе да 736 ў 2017 годзе;
  • здзяйснення крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі – з 498 да 565;
  • злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі – са 175 да 315;
  • дачы хабараў – са 113 да 148;
  • перавышэння ўлады або службовых паўнамоцтваў – з 56 да 83;
  • бяздзейнасці службовай асобы – з 15 да 21.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики