weather

USD 2.047

EURO 2.2714

RUR(100) 3.1033

search

Газета i сайт «ГЧ» – гэта адзінае цэлае

Кожны раз, калі надыходзіць чарговая падпісная кампанія на газету «Ганцавіцкі час», для калектыву рэдакцыі гэта, як жніво для сельгасвытворцаў. Бо ад таго, як працавалі журналісты, паштальёны, залежыць далейшы лёс выдання. Калі яны стараліся і задавальнялі вашы патрэбы ў інфармацыі, то, спадзяюся, што кожны з вас застанецца і надалей нашым чытачом.

Фото: из архива ''ГЧ''

Шчыра скажу, мяне вельмі непакоіць тое, што даводзіцца чуць ад нашых чытачоў, якія ўжо многія гады выпісваюць газету. А кажуць яны вось што: «Мы ж чытаем газету на сайце ў інтэрнэце і навошта тады друкаваная газета?» Таму адкажу на гэта пытанне, каб было разуменне. Сапраўды, час змяніўся, інтэрнэт дазваляе аператыўна даваць інфармацыю, а газета выходзіць толькі раз на тыдзень. На сайце можна апублікаваць шмат здымкаў і відэа, якія нельга тэхнічна зрабіць у газеце. І некаторыя тэмы пераклікаюцца, але інфармацыя на сайце і ў газеце падаецца па-рознаму.

Але хто гэта ўсё робіць? Хто, даведаўшыся пра нейкае здарэнне, ляціць туды з камерай, апытвае відавочцаў? Хто потым фактычна на каленях, прысеўшы, піша ці перадае інфармацыю, хто апрацоўвае яе і мае навыкі, як зрабіць, каб вы ўсю яе ўбачылі? Гэта журналісты газеты «Ганцавіцкі час».

І гэта іх праца, за якую плаціце вы, паважаныя чытачы, выпісваючы газету. За вашы грошы і грошы за рэкламу і выдаецца газета, утрымліваецца штат карэспандэнтаў, дызайнераў-вярстальшчыкаў, карэктара, спецыялістаў па продажах, аддзела распаўсюджвання. Таксама аплачваюцца падаткі, арэнда офіса, інтэрнэт, электрасувязь, транспарт і шмат чаго іншага. Адзін штотыднёвы выпуск газеты толькі за друк і паперу друкарні каштуе больш за тысячу рублёў (на старыя грошы больш за 10 мільёнаў). За наш сайт ніхто з чытачоў не плаціць.

Газета і сайт «ГЧ» – гэта адзінае цэлае, дзе мы спачатку аператыўна даём чытачам кароткую інфармацыю на сайт, а ў газеце выходзіць больш разгорнутая інфармацыя, з падрабязнасцямі, з карыснымі звесткамі, якія, на наш погляд, патрэбны чытачу.

Дзякуючы падпісчыкам друкаванай версіі існуе і сайт. Бо ніхто ж з карыстальнікаў інтэрнэт не плаціць. Калі мы страцім падпісчыкаў, аплачваць працу журналістаў не будзе з чаго, а бясплатна працаваць, вядома ж, яны не будуць. І не будзе ні газеты, ні сайта.

Ці знойдзецца нехта, хто зможа асвятляць мясцовыя падзеі так, як гэта робіць «ГЧ»? У нас час няпроста трымацца праўды. І гэта шмат каму не падабаецца, але, нягледзячы на скаргі і незадавальненні, мы падаём інфармацыю так, як ёсць. Даём магчымасць выказвацца усім, хто мае свой голас, хто падымае праблемы. Гэта не ўсім падабаецца. Бо толькі рознасць поглядаў, незамоўчванне праблем пакажа аб’ектыўную карціну і будзе спрыяць змяненням да лепшага ў нашым раёне.

Рэдакцыйная палітыка «Ганцавіцкага часу» накіравана на тое, каб ва ўсіх чытачоў было рэальнае ўяленне пра тое, што адбываецца ў сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сферах. Бо замоўчванне ці скажэнне інфармацыі, уяўленне карціны жыцця праз ружовыя акуляры наносяць шкоду нам усім. Выданне газеты, стварэнне інфармацыйных прадуктаў – гэта вельмі складаны вытворчы працэс.

Кожны можа ўявіць, колькі трэба намаганняў, часу і навыкаў, каб надрукаваць адзін артыкул і кожны дзень знаходзіць нешта цікавае для чытачоў.

Мы ганарымся тым, што ў Беларусі такіх газет, як «Ганцавіцкі час», адзінкі. Радуе, што клуб нашых пастаянных чытачоў павялічваецца. Мы ніколі нікога не прымушалі падпісвацца, і гэта для мяне таксама гонар, бо людзі самі галасуюць рублём за «ГЧ».

Шчыра прызнаюся, што іншы раз было вельмі цяжка, нават прыходзіла думка пра закрыццё газеты. Але так здарылася, што ў той момант на вуліцы падышла бабулька, узяла за руку, плача і дзякуе, што «ГЧ» ёй дапамог, што яе пытанне вырашылася. А я нават не памятаў гэтую бабулю... Але ў грудзях зашчыміла, падумалася:наша праца патрэбна ж людзям! А калі так, то падпішыцеся на ««Ганцавіцкі час»!

Дзякую загадзя, бо веру ў вашу падтрымку.

comments powered by HyperComments
Из рубрики