weather4

USD 2.0296

EURO 2.3915

RUR(100) 3.4501

search

Сусветнае цэнаўтварэнне ці несусветная абдзіралаўка?

9 верасня канцэрн “Белнафтахім” нас зноў “абрадаваў” і ў чарговы раз павялічыў цэны на паліва. Ад гэтага часу літр бензіну будзе прывязаны да долара, і гэта сусветная практыка.

Згодна заяўленню чыноўнікаў, бензін прывязалі да долара, бо гэта «дазволіць спалучаць дзяржаўнае і рыначнае рэгуляванне цэн і наблізіць дзейны ў Рэспубліцы Беларусь механізм цэнаўтварэння на аўтамабільнае паліва да сусветнай практыкі».

Вось яно як! Мы ж раней і не ведалі, што гэта сусветная практыка – прывязваць да долара! А чаму тады растаможку аўтамабіляў і тавараў у нас лічаць у еўра, стаўкі адзінага падатку для прадпрымальнікаў і арэнда прывязаны да еўра, страхоўкі таксама ў еўра? Бензін прывязалі да долара, зарплаты лічаць у доларах, але плацяць беларускімі рублямі.

Нам тлумачаць, што новы механізм «дасць магчымасць нафтаперапрацоўчым заводам больш аператыўна рэагаваць на змяненні кошту нафтавай сыравіны, якую беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы набываюць у Расійскай Федэрацыі…».

Толькі цікава, чаму, калі кошт нафты зніжаўся (а такія перыяды былі ў гісторыі Беларусі), не зніжаліся цэны на бензін? Хаця, прабачце, адзін раз было. У 2011 годзе, калі за чатыры месяцы цэны на бензін павысіліся на 77–97% і кошт дызпаліва быў 2580 рублей за 1 літр, а стаў 5100, А. Лукашэнка сказаў: «Давайте договоримся, что топливо с завтрашнего утра будет не 5200, не 5100, а максимум 4500». І хоць гэта не сусветная практыка рэгулявання цэн, але цэны знізілі. Праўда, ненадоўга. Прэзідэнт на павышэнне цэн адрэагаваў толькі пасля таго, як аўтамабілісты наладжвалі акцыі пратэсту: спыняліся на праспектах, падымалі капоты, сігналілі і ўчынялі пробкі ў Мінску.

Вядома, што рост цэн на паліва – гэта маячок, што будуць павышацца цэны на ўсе тавары і паслугі. Не ведаю, ці прывязка бензіну да долара наблізіць да сусветнага рэгулявання цэнаўтварэння, а да сусветных цэн для спажыўцоў Беларусь ужо наблізілася і нават па многіх паказчыках перагнала. Паліва пакуль яшчэ ў нас каштуе танней, чым у Еўропе, але ж калі прывязалі да долара (добра, што не да еўра), то калі беларускі рубель абваліцца, як у 2011 годзе, то аўтааматарам прыйдзецца прывязаць сваіх “коней” да плоту.

Из рубрики
comments powered by HyperComments