weather4

USD 2.0296

EURO 2.3915

RUR(100) 3.4501

search

Да пенсіі жыць прыйдзецца даўжэй пасля выбараў

Апошнім часам усё часцей у СМІ прадстаўнікі ўлады кажуць пра неабходнасць павышэння пенсійнага ўзросту. На мінулым тыдні кіраўнік дзяржавы пра гэта сказаў прама: “У Беларусі даўно трэба павышаць пенсійны узрост”. І дапоўніў: “Аднак вы гэтага не жадаеце. А я вам абяцаў, што, перш чым гэта рабіць, мы будзем раіцца. Але ўлічыце – такой жа будзе і пенсія».

Калі апусціць словы, што Лукашэнка будзе раіцца з народам, то адказ просты: чакаецца альбо павышэнне пенсійнага ўзросту, альбо зніжэнне памеру пенсій.

Відавочна, што без пенсійнай рэформы, як бы гэты момант ні адцягвала ўлада, не абысціся. Пра гэта кажуць і незалежныя эксперты. У краіне на аднаго пенсіянера прыходзіцца 1,3 працуючых. У Ганцавічах суадносіны пенсіянераў і працуючых увогуле 1:1.

Павышэнне пенсійнага ўзросту не выкліча задавальнення. Многія людзі жывуць, каб хоць як дацягнуць да пенсіі: хтосьці з-за абрыдлай і нецікавай працы, хтосьці з-за дурнога начальства ці безвыходнасці. Толькі частка людзей, якая адчувае ў сабе сілы, стараецца як мага надалей застацца на працы. Але ім таксама павышэнне пенсійнага узросту будзе нявыгадным. Бо зараз іх стымул у тым, што ёсць магчымасць атрымліваць адначасова і зарплату, і пенсію.

Важным з’яўляецца пытанне не толькі, у якім узросце выходзіць на пенсію, але і які прынцып размеркавання пенсійнага фонду будзе, калі рэформа адбудзецца. У Беларусі пенсійная сістэма зараз размеркавальная. У працуючых адбіраюць фактычна 35% ад зарплаты і размяркоўваюць па нейкім незразумелым прынцыпе, які адназначна несправядлівы! Хтосьці прарабіў 40 гадоў на трактары, глытаючы пыл кожны дзень , а хтосьці не працаваў і 10-ці гадоў, выклянчыў неяк групу па хваробе і зараз выглядае на 20 гадоў маладзейшым за свайго аднагодка. А пенсіі ў іх адрозніваюцца ўсяго на некалькі соцень рублёў. Былыя дэпутаты парламента атрымліваюць пенсіі амаль у тры разы большыя за таго ж трактарыста з 40-гадовым стажам.

А хто ведае, куды дзяваюцца адлічэнні ад зарплаты работніка, які не дажывае да пенсіі? Напрыклад, мой нябожчык-цесць Мікалай Гардзей, які адпрацаваў на рыбгасе «Лактышы» больш за 30 гадоў, а агульны стаж яго склаў 40 гадоў, не дажыў да 60-годдзя адзін год. На каго ён працаваў?

На “загніваючым” Захадзе ў многіх краінах накапляльная пенсійная сістэма. Рабочы, які працаваў да пенсіі, мае на пенсійным рахунку некалькі дзясяткаў, а то і сотні тысяч долараў. І калі здараецца, што памірае заўчасна, то грошы атрымліваюць яго дзеці, унукі. У нас усё праглытвае дзяржаўная сістэма размеркавання.

Якой будзе рэформа ў Беларусі і калі? Рызыкаваць у перадвыбарчы год і праводзіць сур’ёзную рэформу пенсійнай сістэмы Аляксандр Рыгоравіч, безумоўна, не будзе. Але ў тым, што пенсійны ўзрост будзе павялічвацца, сумненняў няма, гэта пытанне часу. Да таго ж, ёсць прыклады: пенсіянерамі ў Швецыі становяцца ў 67 гадоў, у Японіі ў 70. Добры стымул не паміраць... Добра, каб у тых, хто дажыве, і памеры пенсій былі такія ж, як на “загніваючым” Захадзе.

Из рубрики
comments powered by HyperComments