weather4

USD 2.0296

EURO 2.3915

RUR(100) 3.4501

search

Вінаваты народ, але ёсць чаму радавацца

Нафта ў свеце таннее – паліва на АЗС у Беларусі даражэе. І чарговае, але першае ў гэтым годзе падаражэнне бензіна 13 студзеня аўтамабілісты  сустрэлі з неадабрэннем.

Але чаму ёсць незадаволеныя? Усё ж для народа, для дабрабыту людзей робіцца. З экранаў тэлевізараў кожны дзень, нібы экстрасэнсы, чыноўнікі і дыктары даюць жыхарам рэспублікі ўстаноўку, што ўсё пад кантролем, што ўсім трэба радавацца. “Вы шчаслівыя, вы самыя шчаслівыя, у вас цудоўны настрой, радуйцеся, скачыце і спявайце…” Як дрэнна ўсё ў іншых краінах і як добра ў сінявокай Беларусі. Галоўнае – няма вайны. Дык чаму не радавацца? Кошт паліва прывязаны да долара, а долар пераваліў за 14 тысяч. Самае дарагое дызельнае паліва ўсяго толькі 12 300 рублёў. Трэба радавацца? Канешне. Гэта туркменам трэба гараваць, бо ў іх адмянілі бясплатнае паліва. Лафа скончылася, калі кожнаму туркмену дзяржава бясплатна выдавала па 120 літраў бензіну ў месяц. У год сярэднестатыстычны туркмен мог атрымаць амаль 1,5 тоны паліва. А з 1 ліпеня 2014 года нормы адмянілі, і цяпер прыходзіцца плаціць за літр амаль па 3 тысячы бел. рублёў. Во дзе трэба бедаваць.

Праўда, там народ у гэтым не вінавацілі. А вось наш народ не такі. Калі здараюцца крызісныя моманты, то беларусы ўсё не так робяць як ім кажуць з высокіх трыбун. І, мабыць, на зло. Вывезлі у Расію больш за 350 мільёнаў долараў напрыканцы мінулага года – атрымалі дэвальвацыю. Абясцэніўся беларускі рубель на 30% - вінаваты народ. А хто ж яшчэ? Прэзідэнт жа папярэджваў і казаў: «Хотите обвала – бегайте по обменникам. Это все в руках граждан нашей страны. Кивать на руководство, на правительство, на Национальный банк сегодня неприемлемо».

Не паслухаліся, пабеглі ў абменнікі. Хаця не столькі ў абменнікі бегалі, колькі ў Расіі спустошвалі магазіны і аўтасалоны. Мала таго, перасталі давяраць не толькі кіраўнікам урада, але і Прэзідэнту. Казалі ж нам, што ўсё пад кантролем, што беруская валюта стабільная, што ў Беларусі не будзе так, як у Расіі. А тых хапуг, якія будуць цэны павышаць, «жэстачайшэ» пакараюць. Не паслухалі. Наадварот усё зрабілі. Кінуліся ратаваць свае грошы, каб хоць неяк не даць ім абясцэніцца. Даходзіла да таго, што некаторыя хапалі па некалькі тэлевізараў, пральных машын, адна жанчына купіла аж пяць газавых катлоў. Дзе і каму яна іх будзе потым прадаваць – невядома. Але, пэўна, жанчына палічыла, што такім чынам нашкодзіць і не дасць утрымаць стабільнасць. І апраўдваюцца потым, што дзяржава ўжо не аднойчы рабавала свой народ, таму слухаць і верыць нельга нікому.

І Аляксандра Рыгоравіча не паслухалі, які казаў: “Мы не собираемся бежать за Россией, это категорически запрещается... Колебания на российском валютном рынке не поддаются никакому осмыслению. Девальвировать валюту на этом фоне неприемлемо. У нас есть обязательства перед населением».

А. Лукашэнка адзначаў, што стабільнасць на валютным рынку – гэта абавязак банкаўскай сістэмы на чале з Нацыянальным банкам і ўрадам Беларусі, усё астатняе – у руках насельніцтва.

Вярхушку і Нацбанка, і ўрада Прэзідэнт памяняў, толькі сказаць, што былыя кіраўнікі вінаватыя ў дэвальвацыі, публічна нельга. Інакш народ зноў не зразумее і зусім верыць перастане. Аляксандр Рыгоравіч казаў: «Пришел, отработал честно и добросовестно – получай все, что ты заслужил. Виноват – ну что ж, плохо работаешь – иди работай по специальности, но руководителем больше не будешь и никуда тебя никто не пристроит».

Абяцаў жа тым, хто праваліў работу, толькі ў дворнікі ісці. На пасадах Прэзідэнт ператасаваў кіраўніцтва, але ў дворнікі ніхто, аднак, не пайшоў.

Яшчэ адна радасць: акрамя народа, вінаватыя яшчэ краіны-суседзі. І аб’ектыўна гэта так. Знешнія фактары сур’ёзна ўздзейнічаюць на эканамічную сітуацыю ў нашай краіне. Крызіс, якія ліхарадзіць вялікую і багатую Расію, паўплываў, безумоўна, і на эканоміку Беларусі.

Але трэба аддаць належнае ўладзе. На сённяшні дзень хоць і не папулярнымі і прымусовымі мерамі, але рэзкі рост цэн пакуль спынены. Хоць непаслухмяныя бізнесмены так і намагаюцца не слухацца, а спадцішка цэны павялічваюць. А калі прадпрымальнікаў зробяць вінаватымі, народ зноў можна радавацца.

Из рубрики
comments powered by HyperComments