weather

USD 2.5755

EURO 3.0365

RUR(100) 3.4258

search

Павелічэннем даходаў ад штрафаў бюджэт раёна не выратуеш

Прайшлі лепшыя часы, калі бяскрайнія грашовыя рэкі ішлі ў калгасы. Але апошнія гады для падтрымкі сельгаспрадпрыемстваў выдаткоўваліся немалыя сродкі з бюджэту.

Але і з даўгоў не кожная гаспадарка змагла выскрабціся. А без датацый і ўвогуле ці зможа існаваць хоць адно СПК ці адкрытае акцыянернае таварыства, якое змяніла форму ўласнасці.

А нядаўняя навіна пра тое, што ў апублікаваным праекце бюджэту Беларусі на 2017 год скароціцца ў цэлым па аграпрамысловым комплексе падтрымка па краіне на 16%, наводзіць на сумныя вынікі.

Можна меркаваць, што гэта кране і сельгаспрадпрыемствы Ганцаўшчыны. Тым больш, што Прэзідэнт казаў не раз, што патрэбна дапамагаць тым прадпрыемствам, якія маюць бізнес-планы і паказваюць станоўчыя змены. А што рабіць тым, якія іх не маюць?

У такіх выпадках кажуць, што трэба тужэй зацягнуць паясы, але калі сельгасгаспадаркі Ганцаўшчыны зацягнуць паясы, то, вобразна кажучы, можа пераціснуцца не толькі пазваночнік, але і ногі выпруцяцца.

Адабраць у калгасаў бюджэтную дапамогу – гэта тое самае, калі б Шарыкава Паліграфа Паліграфавіча прафесар Праабражэнскі пакінуў без харчовага забеспячэння. Герой "Сабачага сэрца" тады адказаў, што без харчоў яму ніяк нельга, не зможа ён жыць без харчоў...

І што тады чакае работнікаў сельгаспрадпрыемстваў? Кіраўнікі нават стратных ААТ (адкрытых акцыянерных таварыстваў) ці СВК не прападуць. Да пакаранняў ім не прывыкаць.

Ну "ўкажуць" ім чарговы раз на недахопы ці нават вымову атрымаюць – ім не прывыкаць, аклад яны свой атрымаюць. А вось што атрымаюць астатнія? Пахваліцца высокімі зарплатамі ганцавіцкія сельгасвытворцы, на жаль, не могуць. Толькі асобныя механізатары і даяркі маюць больш-менш дастойныя заробкі. А для многіх нават зарплата ў 300 рублёў (на старыя грошы 3 млн) – гэта мара.

Якое ж знайсці выйсце? З раённага бюджэту Ганцавіцкага раёна на вялікую падтрымку спадзявацца наўрад ці магчыма, хоць мясцовая ўлада і так стараецца дапамагаць адсталым калгасам, выдаткоўваючы з рэзерваў то на выплату зарплат, то на паліва.

За кошт якіх рэсурсаў будуць кампенсаваць недахоп фінансавай падтрымкі ў наступным годзе – пакуль застаецца здагадкай.

Сумніўна, што ўдасца павялічыць даходы за кошт росту вытворчасці, бо ў цэлым прадпрыемствы маюць мільярдныя даўгі, пры гэтым вялікая іх доля пратэрмінаваная – не могуць выплачваць па абавязальніцтвах нават тое, што планавалі. Доля ўласных даходаў у бюджэце раёна змяншаецца, а працэнт датацыі расце. У 2015 годзе датацыя склала 56,2%, а на 2016 год была запланавана ў памеры 58,8%.

Праўда, частку сродкаў здабыць змогуць. Ёсць адна надзейная крыніца – гэта штрафы. Іх нават загадзя плануюць у бюджэце. Напрыклад, у 2015 годзе даходы па штрафах у раёне былі 992 млн рублёў, а на 2016 год гэты паказчык запланаваны амаль у тры разы большы – 2 млрд 637,6 млн недамінаваных рублёў.

Ці вытрымаюць яшчэ большае павелічэнне штрафаў ганцаўчане, цяжка сказаць. Але нават калі так, то пакаранне – гэта не лепшы стымул для працы мясцовага бізнесу, ды і людзей ён толькі азлабляе. Не думаю, што з задавальненнем хочуць выконваць ролю карных органаў і праваахоўныя органы, і падатковая інспекцыя.

Лепш, каб арганізацыі павялічвалі свае даходы, больш плацілі падаткаў і расла колькасць працоўных месцаў. Бо падаходны падатак і падатак на прыбытак – гэта асноўныя крыніцы папаўнення раённага бюджэту. Яны адпаведна складаюць 29% і 26%.

Таму павелічэнне даходаў ад штрафаў – гэта тупіковы шлях. Пакуль зарплаты кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый не будуць прывязаны да паказчыкаў вытворчасці і прыбытку, то ніякімі пакараннямі, дырэктывамі і рашэннямі "ўказаць" толку не будзе!

І тут ёсць яшчэ адна цікавая і, здаецца, добрая навіна – некаторыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна пачынаюць уступаць у працэс санацыі (эканамічнага аздараўлення).

А для гэтага патрэбен канкрэтны і рэалістычны бізнес-план. Дэкларацыі, якія прыходзіцца слухаць на калгасных сходах пра тое, што вось у наступным годзе будзем больш даіць, больш касіць і збіраць збожжа, ужо не спрацуюць.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики