weather

USD 2.5755

EURO 3.0365

RUR(100) 3.4258

search

Калі фінансы пяюць рамансы

Толькі асобныя прадпрыемствы Ганцаўшчыны, у ліку якіх Ганцавіцкі хлебазавод і некалькі прыватных арганізацый, зараз маюць устойлівае фінансава-эканамічнае становішча. А большасць прадпрыемстваў у даўгавой яме.

Яшчэ некалькі больш-менш трымаліся, але зараз і яны здаюць пазіцыі (ЖКГ, ПМК-14). Амаль ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях пратэрмінавана запазычанасць за энергарэсурсы, за ўгнаенні, не ўсе спраўляюцца з выплатай працэнтаў па крэдытах.

У раёне не засталося ніводнага сельгаспрадпрыемства, у якога б па судовых рашэннях не было апісанай ці арыштаванай тэхнікі або іншай маёмасці.

З казлоў малака не надоіш

Некаторыя калгасы, якія сталі адкрытымі акцыянернымі таварыствамі, ужо набралі грошай за малако на паўгода і болей наперад. Як каровам растлумачыць, што даіцца яны павінны больш і толькі малаком сорта экстра, у крайнім выпадку вышэйшага гатунку, каб закрыць бязмерныя дзіркі ў бюджэце сельгаспрадпрыемстваў?

Пра збожжа прамаўчу, бо пры ўраджайнасці, якую атрымалі ў гэтым годзе, ад яго прыбытку як з казла малака. Як будуць выбірацца з даўгоў калгасы? Адзін са шляхоў – праходзіць працэдуру банкруцтва, якая называецца санацыяй – фінансавым аздараўленнем, калі на пэўны перыяд (а яго вызначыць эканамічны суд) будуць замарожаны выплаты па даўгавых абавязацельствах.

І гэта толькі пры ўмове, што будзе падрыхтаваны рэальны бізнес-план, каб зноў стаць плацежаздольнымі. Чаму толькі марудзяць у такой сітуацыі, незразумела.

Дзяржава дапаможа тым, хто працуе эфектыўна

Калі падыходы ў рабоце не зменяцца, вынік відавочны – банкруцтва і ліквідацыя! Шансаў, што нехта купіць адзіным комплексам калгас з даўгамі – гэта з вобласці нязбытных мараў.

Верагодней іншае – усіх работнікаў звольняць, а маёмасць пойдзе з малатка. І тыя кіраўнікі, якія думаюць, што дзяржава любой цаной будзе трымаць іх дохлыя СВК ці АТТ, памыляюцца. Часы, калі спісвалі даўгі і ў калгасы, як у бяздонную бочку, пастаўлялі грошы, угнаенні, гаруча-змазачныя матэрыялы і г.д., прайшлі.

На дапамогу дзяржавы могуць разлічваць толькі тыя, хто ў стане паказваць станоўчую дынаміку росту вытворчасці і ў цэлым фінансава-эканамічнага становішча. Простымі словамі, дапамогуць тым, хто пачне працаваць з прыбыткам без уліку датацый, чым, на жаль, пахваліцца зараз ганцавіцкія сельгасвытворцы не могуць.

Чаму ганцавіцкія адкрытыя акцыянерныя таварыствы стратныя?

Не ў лепшай сітуацыі і іншыя прадпрыемствы Ганцаўшчыны. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у Ганцавіцкім раёне зараз пяць стратных прадпрыемстваў.

Так здарылася, што тры ААТ (адкрытыя акцыянерныя таварыствы), якія раней існавалі ў раёне, мелі мільярдныя даўгі. ААТ "Модуль" стаў банкрутам, а ААТ "Рыбгас "Лактышы" і ААТ "Ганцавіцкі райаграсервіс" чым больш працуюць, тым большыя маюць страты. На сайце Міністэрства фінансаў Беларусі інфармацыя вынікаў ААТ гаспадарча-фінансавай дзейнасці пакуль апублікавана за ІІ квартал 2016 года, але і з гэтых паказчыкаў вынік такі, што іх работнікам можна толькі паспачуваць.

Аналізам дзейнасці мучыць не буду, прывяду толькі некаторыя афіцыйныя вынікі. У ААТ "Ганцавіцкі райаграсервіс" чыстыя страты склалі за ІІ квартал 872 млн недамінаваных рублёў. Непакрытыя страты ўжо перавалілі за 10 млрд "старых" рублёў.

Калі дакладна, то гэта 10 млрд 141 рубель. За апошнія месяцы дадзеных я не шукаў, але магу паспрачацца на шакаладку, што даўгоў у райаграсервіса прыбавілася.

Балюча і сорамна за наш раён. Дай, думаю, пагляджу,як працуюць райаграсервісы ў суседніх раёнах. Гляджу за ўсё той жа ІІ квартал 2016 года: "Лунінецкі райаграсервіс" – 415 недамінаваных млн прыбытку, Ляхавіцкі – 326 млн руб. прыбытку, Баранавіцкі – 1 млрд 352 млн руб. прыбытку, Клецкі – 130 млн руб. прыбытку...

Чаму так адбываецца? Чаму хтосьці можа працаваць з малым прыбыткам, хтосьці з большым, а наша арганізацыя не можа? Хіба людзі там іншыя ці надвор`е спрыяе ім лепш? Ці знайшлі адказ на ганцавіцкім прадпрыемстве? Хто адкажа? І галоўнае – калі?

У ААТ "Рыбгас "Лактышы" сітуацыя яшчэ горшая. Чыстыя страты за ІІ квартал – 3 млрд 592 млн недамінаваных рублёў, а ў агульным непакрытыя страты дасягнулі лічбы 27 млрд 549 млн рублёў.

Выручка – 5 млрд 414 млн, сабекошт – 8 млрд 126 млн. Розніца – мінус 3 млрд 592 млн рублёў. Што гэта за бізнес такі? На хваробу ён такі патрэбен? На жаль, новы кіраўнік пакуль сябе не праявіў, хоць пра яго добрыя бізнесмены адклікаюцца станоўча. Але вось нешта не атрымліваецца...

Хто не хоча дабравольна адпачыць, калі начальства просіць?

Хвалюе і сітуацыя з РЖКГ, ПМК-14. Няблага працавалі гэтыя арганізацыі, і зарплаты былі неблагія. Але не заладзілася нешта. Фінансавыя паказчыкі пайшлі ўніз. Кіраўніцтва змагаецца, рэагуе.

Адзін з дзейсных выхадаў, каб неяк палепшыць фінансавае становішча, гэтыя арганізацыі знайшлі. Вось толькі ці добрае гэтае выйсце? Рашэнне простае – пераход на 3-4-дзённы тыдзень працы альбо дабравольна-прымусова людзей адпраўляюць на адпачынак без аплаты. У выніку страты наносяцца работнікам гэтых прадпрыемстваў.

А хто не захоча, то аргументы, як у камедыі "Брыльянтавая рука", калі жанчына-упраўдом, прымушаючы браць латарэйныя білеты, казала: "А калі не будуць браць – адключым газ!" І цяжка работніку ЖКХ ці ПМК адмовіцца, таму самі "просяць" адправіць іх адпачываць за свой кошт, бо баяцца, што пасля заканчэння кантракта могуць без працы застацца.

А дзе ў Ганцавічах потым знайсці іншую работу? Абараняць свае правы і інтарэсы калектыўна работнікі не рашаюцца. Лідары прафсаюзаў маўчаць як вады ў рот набраўшы.

Кіраўнікі паміж молатам і накавальняй

Можна зразумець і кіраўнікоў прадпрыемстваў. З усіх бакоў ціснуць крэдыторы, а тыя, хто ім павінен, за аб`ёмы работ і паслугі не разлічваюцца. Напрыклад, РЖКГ не можа разлічыцца за пастаўкі газа, не можа купіць паліва, бо з іх прадпрыемствам таксама не разлічваюцца.

Нават некаторыя дзяржаўныя арганізацыі вінаваты ім мільярды. І што рабіць дырэктару РЖКГ Аляксею Галяку? Лагічна накіраваць справу ў эканамічны суд і спаганяць даўгі. Практычна гэта магчыма. А раптам гэтая арганізацыя і кіраўнік маюць уплыў на тое, ці застанецца дырэктар пасля гэтага на сваёй пасадзе?

У шахматах гэта называецца цугцванг – калі любы ход іграка вядзе да пагаршэння пазіцыі. Як паступіць у такім выпадку? Мой погляд на гэта такі: калі не ведаеш, як сябе павесці – паступай па законе! Праўда, тут відавочна, што прыярытэтам у такім выпадку будуць інтарэсы людзей, а не твае асабістыя. Бо калі займаць пазіцыю бяздзеяння, то ў выніку пацерпіць і арганізацыя, і ўсе работнікі.

Не зробіш сёння – заўтра будзе позна

Чарнышэўскі і зараз у трэндзе, бо пытанне "што рабіць?" і сёння актуальнае.
Можна, канешне, ківаць на складаныя знешнія эканамічныя ўмовы, цешыць сябе тым, што вакол амаль усе банкруты. А каму ад гэтага лягчэй?

Што людзям рабіць, як карміць сем`і, што казаць мужчыне, які прыносіць дадому зарплату 200–250 рублёў (зарплатай гэта цяжка назваць)? Зацягнуць паясы і больш працаваць, як заклікаюць многія кіраўнікі? Правільна кажуць!

Але ты хоць задушыся і працуй 25 гадзін у суткі – ці можа хто з кіраўнікоў даць гарантыю, што чалавек заробіць грошай напалову ці ў два разы больш? Ці бачаць работнікі перспектывы і матывацыю? Чаму ні на адным сходзе працоўнага калектыву пра гэта не кажуць?

Ведаеце, паважаныя чытачы, балюча становіцца на душы за наш раён, за людзей, за тое, як зніжаецца ўзровень жыцця. Я не буду заклікаць пустымі лозунгамі да яднання, да самаадданай працы і г.д. На кожным справаздачным сходзе вы ўсё гэта чуеце ад кіраўніцтва. Калі няма канкрэтыкі – не будзе і выніку.

Я разважаю пра гэта дзеля таго, каб задумаліся і кіраўнікі, і работнікі. Трэба зразумець важную рэч, што ніхто нікому не абавязаны! Не трэба чакаць, хто нехта павінен прыйсці, нешта даць. Вось якога чорта вы седзіце на сходах і бяздумна падымаеце рукі? Няўжо няма спецыялістаў, якія могуць хоць нешта прапанаваць, каб палепшыць фінансавы стан прадпрыемства?

Дзе тыя кваліфікаваныя эканамісты-менеджары? Ну каму яшчэ незразумела, што пытанне "што рабіць?" хоць і засталося актуальным, але час змяніўся. У цяперашніх умовах выжывуць толькі тыя, хто будзе працаваць якасна, эфектыўна, тыя, хто зможа канкурыраваць у жорсткіх умовах.

А гадзінамі сядзяць на пасяджэннях і падымаць рукі – гэта ў справах наўрад ці дапаможа. Калі сёння зменаў не будзе, заўтра будзе позна.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики