weather4

USD 2.0296

EURO 2.3915

RUR(100) 3.4501

search

Ці нармальным курсам ідзём, ці не збіліся?

Апошнім часам лаўлю сябе на думцы, што вакол не хапае пазітыву. Хочацца бачыць шчырыя ўсмешкі, радавацца поспехам нашых землякоў. Але размаўляючы з людзьмі, на жаль, пераконваешся, што зараз гэта рэдкасць...

Калі пытаеш у чалавека, як справы, ён жа і пачынае расказваць. Потым ужо не рад, што і запытаўся...

Нармальна – не значыць добра

Часцей зараз чую адказ: "Лепш не пытайся". Сэнс яго зразумелы без тлумачэння. Вакол вітае нейкая незадаволенасць, напружанасць, быццам бы ўсе нечага чакаюць. Але чаго – самі не ведаюць. Начальства не ведае, а простыя людзі тым больш.

І аптымізму, на жаль, не назіраецца. Таму калі мяне спыняюць на вуліцы і пытаюцца пра справы, я амаль заўсёды кажу: "Цудоўна!" Бо калі і не вельмі добра, то казаць няпраўду непрыгожа, а скардзіцца няма сэнсу – каму зараз лёгка?

Адказваю: "Нармальна", – і гэта ж мне адказваюць і мае знаёмыя бізнесоўцы, чыноўнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў. Але "нармальна" – у многіх з нас гэта не толькі добра.

Нормай для многіх стала руцінная праца, нізкія зарплаты, пагаршэнне жыццёвага ўзроўню да таго, што многія ўжо ледзьве зводзяць канцы з канцамі.

Клопат пра пенсіянераў і настаўнікаў

Асобныя слаі насельніцтва – настаўнікаў і іншых бюджэтнікаў – перыядычна ўлада спрабуе парадаваць павышэннем зарплат. Нядаўна аб`явілі прыемную навіну, што са снежня абяцаюць, нарэшце, падняць пенсіі на 5 працэнтаў.

Няшмат, але прыемна. А вось тым, хто працуе на прадпрыемствах, хто выпускае тавары і выконвае паслугі, кажуць толькі, што рост зарплат можа быць толькі тады, калі праца будзе эфектыўнай.

"Нам з табою думаць неча, кагда думаюць важдзі!"

Дзяржава прывучыла за многія гады, што кіраўніцтва за нас думае, за нас вырашае: самі сябе выбіраюць і прызначаюць, а народ чакае, каб яму далі, прынеслі на падносе. І не скажаш, што зусім не думаюць. Думаюць і гавораць так, што ў кабінетах міністэрстваў пачынаюць хвалявацца за свае крэслы.

Вось нядаўна чыноўніца Наталля Нікандрава, якая ўзначальвае Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, створанае 5 гадоў таму, мэта якога – спрыяць прамым замежным інвестыцыям у Беларусь, ствараць бізнес-вобраз краіны за мяжой, сказала, што «стратныя прадпрыемствы трэба ліквідаваць, міністэрствы — скараціць, на высокія пасады прызначаць маладых».

Няўжо дапякло?!

Абсалютна прагматычнае рашэнне! І, дарэчы, гэта фактычна ўпісваецца ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады, якая прынята сёлета на Усебеларускім народным сходзе.

А пастаўлены задачы забяспечыць зніжэнне сабекошту на 25 працэнтаў, стварыць найлепшыя ўмовы для маладых спецыялістаў, на базе сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў стварыць структуры з завершаным цыклам вытворчасці, даць другое жыццё на сяле і развіваць фермерскія гаспадаркі, адрадзіць такія галіны, як авечкагадоўля, трусагадоўля, зверагадоўля.

Усё цудоўна! Але пакуль на словах і на паперы. Пагаварыць чыноўнікі любяць і пра палітыку, і пра тое, надоі якія... Толькі тольку пакуль вось няма, хоць і людзі яны не дурныя.

Калі Прэзідэнт дасць "дабро" на прыватызацыю?

Вось што рабіць зараз з прадпрыемствамі, якія фактычна банкруты? Іх страты і даўгі з кожным годам павялічваюцца, наносячы шкоду фінансавай сістэме дзяржавы. Аздараўляць альбо ліквідаваць іх трэба было даўно.

Але ж гэта палітычнае пытанне, на якое ўлада не ідзе прынцыпова. Фактычна гэта рэвалюцыйны крок да прыватызацыі. Чыноўнікі ад улады разумеюць, што прыватны бізнес працуе больш эфектыўна, але павальнай прыватызацыі баяцца.

Усе чакаюць адмашкі Прэзідэнта, які да камерсантаў адносіцца насцярожана і не хоча дапусціць, каб дзяржаўныя прадпрыемствы перайшлі ў рукі прыватных бізнесменаў.

Прадпрымальнікаў шмат, вытворцаў адзінкі

У нас у раёне шмат прадпрымальнікаў, але бізнесмены занялі нішы ў асноўным у сферы гандлю, у лепшым выпадку ў сферы паслуг. Прыватных вытворчых прадпрыемстваў мала, але яны не стратныя.

Ёсць прыклады, што і ганцавіцкія бізнесмены-фермеры на зямлі працуюць эфектыўна. Напрыклад, многія ведаюць фермерскую гаспадарку "Сіняя птушка", дзе вырошчваюць буякі і яе саджанцы.

Не толькі работнікі, сотні людзей у сезон маюць магчымасць папоўніць сямейны бюджэт. СФГ "Агра-Восень» займаецца ўжо шмат гадоў вытворчасцю агародніны і працуе няблага. Ёсць прадпрыемствы, якія займаюцца замарозкай чарніц, журавін.

Як бы ні цяжка было, але гэтыя прадпрымальнікі змаглі выйсці на прыбытковую работу, даюць людзям магчымасць зарабляць.

Чаму ў фермераў атрымліваецца, а ў СВК ці ААТ не? Там жа таксама разумныя і вопытныя спецыялісты працуюць. Можа, таму, што ў розных людзей рознае разумення паняцця "нармальна"?

Мясцовая ўлада "ЗА" ініцыятыву

Дарэчы, пра тое, што доля прыватнай уласнасці павінна павялічвацца, не раз казаў і старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч. Па словах Аляксандра Паўлавіча, зараз у раёне ў гаспадарках самі могуць вырашаць, якім відам дзейнасці займацца.

І самае выгаднае на ганцавіцкіх землях – гэта жывёлагадоўля і вырошчванне кармоў. Але так атрымліваецца, што калі малако выгадна прадаваць, то яно (прыбытак ад яго) праз усе дзіркі выцякае на іншыя стратныя галіны.

Давайце чыста тэарэтычна паразважаем на прыкладзе нашага раёна. Ці ёсць у нас бізнесмены, якія жадаюць узяць калгас з мільярднымі даўгамі? Нават калі аддадуць іх без даўгоў?

На маю думку, зараз знайсці такіх людзей будзе цяжка. Але такія людзі ёсць. Яны асіляць нялёгкую працу на зямлі, толькі ім патрэбна свабода ў дзеяннях, каб не заміналі. Заробяць і на сябе, і на падаткі для дзяржавы.

Без болю хваробу не вылечыць

Фермеру не патрэбны будуць спецыялісты ўпраўленняў сельскай гаспадаркі ўсіх узроўняў. Прадпрымальнік ці фермер не пацерпіць работы абы з рук. Большасці работнікаў калгаса прыйдзецца ісці дадому.

Не патрэбна яму, каб боўталіся па тэрыторыі і стваралі бачнасць працы. Бізнесмен звольніць усіх лішніх. Застануцца тыя, хто будзе працаваць, а не адбываць часы на рабоце, і яны атрымаюць добрыя заробкі.

Можа, пакрыўдзяцца чытачы, але многія сталі гультаямі. Прывыклі да ўраўнілаўкі, заглядаюць у кішэню (у разліковы квіток) таго, хто больш зарабляе, і хочуць многа, але каб менш працаваць і прыходзіць за заробкам. Дый яшчэ паглядаюць, каб дзе што пацягнуць – мукі, малака, саляркі, жалязяку якую на віно...

Хто такіх "работнікаў" будзе трымаць? Пра працавітых беларусаў – гэта не пра цяперашніх казалі. Зараз плаціць адносна добра будуць тады, калі ад кожнага работніка будзе карысць і аддача. Той, хто прыходзіць боўтацца – на нармальным прадпрыемстве непатрэбны.. Прыватны бізнесмен яго проста звольніць.

Беспрацоўныя – гэта не толькі праблема, але і перспектыва

У маштабах краіны з`явіцца армія спецыялістаў, на якіх непатрэбна будзе траціць бюджэтныя грошы і яшчэ некалькі армій работнікаў, якім прыйдзецца выжываць самім, як атрымаецца.

А гэта ўжо палітычнае пытанне, якое для ўлады вельмі балючае. Калі ў краіне з сацыяльна-арыентаванай эканомікай беспрацоўных будзе не 1%, а пад 15–20%, то гэта будзе сведчыць, што на нейкім этапе збіліся беларусы з нармальнага курсу.

Як у гэтых радках, якія напісаў мой сябра-паэт яшчэ гадоў 10 назад:

Хай ляцяць за гадамі гады,
Што было з цягам часу растрацім,
А дзяржава ідзе не туды,
Як калгас, дзе "плахой прадсядацель"...

Из рубрики
comments powered by HyperComments