weather4

USD 2.0296

EURO 2.3915

RUR(100) 3.4501

search

Не хочаш быць дармаедам – стань гаспадаром

Збор за дармаедства – зараз адна з найбольш хвалюючых тэм, якую актыўна абмяркоўваюць жыхары Ганцаўшчыны. Нядаўна многія жыхары раёна атрымалі паведамленні з падатковай інспекцыі, і ў рэдакцыю пачалі звяртацца людзі, якіх закранула гэтае пытанне.

Адкуль пайшлі чуткі?

Адразу хачу акцэнтаваць увагу, што чуткі пра тое, быццам бы жыхары Ганцавіцкага раёна вызвалены ад збору – гэта проста чуткі і не болей. Заканадаўства пад Ганцавічы не змянялі. Таму запіце халоднай вадой...

«Закон аб дармаедстве» не падабаецца

Абурэнне людзей выклікана ў асноўным тым, што так званы закон аб дармаедстве несправядлівы, бо знайсці працу ў нас у раёне амаль немагчыма, а з нармальнай зарплатай – гэта ўвогуле мара.

Можна зразумець людзей, якія добрасумленна шукалі працу па спецыяльнасці, але атрымлівалі адмоўны адказ. Напрыклад, Сяргей Шуляк паведаміў пра такі выпадак. Яго дачка Ганна скончыла вышэйшую навучальную ўстанову – Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы і атрымала кваліфікацыю спецыяліста ў сферы турызму і гасціннасці. Па яго словах, яна адразу звярнулася ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Вакансія там была, але дзяўчыну адмовіліся працаўладкоўваць, бо патрэбна мець стаж не менш, чым два гады. Шукала дачка працу і ў іншых гарадах, але і там не бралі на работу, бо ўсё той жа стаж патрэбны, або не хацелі браць, бо дзяўчына. Толькі ў гэтым годзе яна працаўладкавалася ў прыватнай арганізацыі. Але ў 2015 годзе яна фактычна стала дармаедкай. Што тут скажаш? Можна толькі паспачуваць... А ўладам неабходна звярнуць увагу на тое, што трэба ж недзе атрымаць працоўны стаж маладым спецыялістам, і дапамагчы вырашыць праблему іх працаўладкавання.

Выпадкаў, калі людзі шукаюць працу, але не могуць яе знайсці, можна прывесці шмат. Няма працы па спецыяльнасці, не задавальняе зарплата, і чалавек сам не хоча ісці працаваць, бо на гэты час на 2-3 мільёны ні сам не пракормішся, ні тым больш на сям`ю не заробіш. З такой праблемай сутыкаецца не толькі моладзь.

Галоўная праблема – у Ганцавічах няма працоўных месцаў

Так вам скажа амаль кожны сустрэчны жыхар раёна. Таму людзі або сядзяць дома, або шукаюць месца працы, дзе грошы плацяць, але працоўныя адносіны не афармляюць. І адна з самых вялікіх катэгорый – гэта нашы ганцаўчане-гастарбайтары. Яны едуць у Расію на будоўлі. Не ўсім шанцуе атрымаць афіцыйную працу, многія ходзяць у пошуках працы па дачах і прапануць свае паслугі гаспадарам катэджаў, дач, кватэр. Вядома ж, ніхто пра афіцыйныя дагавор там і слухаць не хоча. Не хочаш працаваць – знойдуцца іншыя. Тым больш што таджыкі, украінцы, малдаване стварылі моцную канкурэнцыю нашым працавітым землякам. Хлеб гастарбайтараў нялёгкі – не кожны раз удаецца прывезці дадому грошы. Апошнім часам і заробкі моцна знізіліся, і абманваюць усё часцей – у лепшым выпадку даюць мізер або грошы на дарогу, каб даехаць дадому.

Сапраўдныя дармаеды

Але нямала людзей, якія нікуды не ездзяць. Некаторыя пабадзяліся па свеце і, не знайшоўшы працу, сядзяць дома. Некаторыя проста не хочуць працаваць, а збіраюцца каля “Кулінарыі” і кожны дзень знаходзяць сродкі на тое, каб і пахмяліцца, і напіцца.

А жанчын за што ў дармаеды?

Асобная катэгорыя дармаедаў – гэта жанчыны. Бо працу ім знайсці яшчэ цяжэй. Праўда, вакансій прадаўцоў, напрыклад, зараз шмат, але жадаючых няма. Ды і не ўсім такая праца падыходзіць. Многія жанчыны працавалі ў будаўнічых арганізацыях, на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах... Зніклі тыя прадпрыемствы, бо ў іх не было грошай плаціць людзям, і цяпер людзі, якія засталіся без працы, павінны шукаць грошы заплаціць за дармаедства.
Жанчын трэба вызваліць ад збору. Жанчыны – для прыгажосці, яны – аснова сям’і. Жанчыны павінны працаваць па жаданні, а здабытнікам павінен быць мужчына. Вось толькі на практыцы многія мужчны зараз слабейшыя за жанчын ва ўсіх сэнсах.

Падатковая інспекцыя працу не дае і законы не прымае

Людзі крыўдзяцца, бо з падатковай інспекцыі прыходзяць лісты. Але работнікі падатковых органаў проста выканаўцы: не яны прымаюць законы, не яны займаюцца працаўладкаваннем. Іхні абавязак – непасрэдна працаваць і спаганяць зборы і падаткі. А пытанні, чаму такі закон існуе, трэба задаваць тым, хто яго прымаў і хто галасаваў у парламенце за яго зацверджанне.

Няма працы – ствары яе сам

Пазіцыя людзей зразумелая. Але гэта адзін бок медалі. Другі бок – гэта пытанне: што рабіць, каб не плаціць 20 базавых? Па-першае, ёсць вялікі спіс тых, хто вызвалены ад збору (Падрабязны спіс тых, хто вызваляецца ад збору за няўдзельніцтва ў фінансаванні дзяржрасходаў, у “ГЧ” чытайце на стар. 5).

Па-другое, многія жыхары раёна чакалі да апошняга і зараз шукаюць выйсце. Як у прыказцы: пакуль пярун не грымне, мужык не перахрысціцца. Знойдуць выйсце не ўсе. А магчымасці былі паклапаціцца пра гэта загадзя. Таму звярніце ўвагу на тое, каб не стаць “дармаедамі” ў 2017 годзе.

Тут парады такія: калі не можаш знайсці працу ці не жадаеш працаваць на гаспадара – зрабіся сам гаспадаром, сам арганізуй працоўныя месцы. Канешне, не кожны можа быць прадпрымальнікам, не кожны можа працаваць на сябе, таму што гэта няпроста. Як ваўка кормяць ногі, так і прадпрымальніка корміць прадпрымальнасць, зносіны з людзьмі, ініцыятыва і ненармаваны працоўны дзень.

Урэшце, можна стаць рамеснікам, які плаціць адну базавую велічыню за год да пачатку дзейнасці. Ёсць цэнтр занятасці, куды можна прыйсці і паспрабаваць атрымаць субсідыю на адкрыццё сваёй справы. У раёне ёсць прыклады, калі людзі з вёскі звярталіся. Ім далі субсідыю нават на рамесніцтва. Напрыклад, чалавек пачаў кавальскую справу, за субсідыю купіў сабе неабходнае абсталяванне і зараз займаецца гэтай справай.

Магчыма, нехта можа рабіць вырабы сваімі рукамі – з газет плесці прыгожыя кошыкі, сувеніры – зараз гэта многія ўмеюць. Калі няма ніякай спецыяльнасці і кваліфіцыі, то можна аказваць паслугі па ўборцы кватэр, дамоў ці іншых памяшканняў. У Ганцавіцкім раёне ёсць каля 30 чалавек, якія яшчэ ў 2014 годзе зарэгістраваліся рамеснікамі, заплацілі адну базавую велічыню падатку і рэальна займаюцца дзейнасцю, зарабляючы на сябе.

Што выбіраем, тое і маем

З даўніх часоў чалавек шукаў для сябе сродкі існавання, ні на кога не спадзяваўся. За стагоддзі, тысячагоддзі развіцця чалавецтва ўнесены некаторыя карэктывы, але адно засталося нязменным – кожны выжывае, як можа. Многія чакаюць, што ўлада, добры цар прыйдзе і ўсё дасць. Вось далі – атрымалі “закон аб дармаедстве”. Чаго ж тут і каму скардзіцца? Пішыце чалабітныя – можа, Ганцавіцкі раён вызваляць ад падатку. Сляпая вера іншы раз робіць цуды...

Из рубрики
comments powered by HyperComments