Дадатковы даход – лахатрон ад «Кайрас»

Зараз многія шукаюць працу, многія хочуць лёгкіх грошай. А калі ёсць попыт, то з’яўляюцца і прапановы. Сетка Інтэрнэт, калі вы зробіце запыт «Як зарабіць?», выдасць  вам тысячы прапаноў.  Скарыстацца некаторымі  ідэямі і зарабіць, канешне, можна. Толькі ў большасці гэта пасткі для лохаў. Чарговая фінансвая піраміда - гэта лахатрон ад «Кайрас».

Лохі самі нясуць свае грошы і радуюцца, што іх бяруць, а прахіндзеі гандлююць надеямі лохаў і мяняюць грошы на іх мары.

Людзі забываюць прымаўку пра бясплатны сыр, спакушаюцца на «супер-выгадныя» прапановы і ў выніку становяцца ахвярамі аферыстаў фінансавых пірамід і кідалаў. Сярод ахвяр фінансавай піраміды ўжо ёсць і жыхары нашага раёна. У сацсетках яны рассылаюць прапановы пра дадатковы даход з ашаламляльнымі ўмовамі і заробкамі.

Такія прапановы ўжо не раз ад сваіх знаёмых атрымліваў і я. Не буду называць прозвішчы маладых людзей, якія іх даслалі, бо лічу, што яны самі трапілі ў рукі прахіндзеяў, уклалі грошы і зараз спрабуюць іх вярнуць, шукаючы такіх жа даверлівых, хто жадае разбагацець.

У 2013 годзе ў Ганцавічах ужо былі «бізнесмены», якія рэкламавалі замежную «золатаносную» кампанію «Emgoldex» і прапаноўвалі ўкладаць грошы ў золата, абяцаючы заробкі 3500 тысяч долараў. Сярод іх былі і ганцаўчане. Золата яны, пэўна, ужо наскладзіравалі ў Арабскіх Эміратах, бо дзейнасць залатаноснай фірмы затухла. Потым былі новыя МММ з «касай узаемадапамогі» і іншыя фінансавыя піраміды.

На гэты раз прапанова тычылася нейкай кампаніі «Кайрас» (KairosTechnologies Limited), быццам бы зарэгістраванай у Лондане. Каб атрымаць дадатковы даход, як абяцаюць яе ўдзельнікі, працаваць не трэба. Прапануецца здаць у арэнду свабоднае месца на дыску вашага персанальнага камп`ютара і не менш як 10 гадзін камп’ютар павінен быць падключаны да сеткі Інтэрнэт. І пасля гэтага грошы будуць ракой цячы на ваш рахунак.

Дадатковы даход – лахатрон ад «Кайрас»

У інтэрнэце ёсць шмат інфармацыі пра фірму «Кайрас»: адны рэкламуюць яе і хваляцца, як яны ад даходаў складаюць грошы ў торбы і катаюцца па экзатычных курортах свету; іншыя пішуць, што гэтая кантора – лахатрон.

Азнаёміўшыся з дакументамі гэтай шчодрай кампаніі, я выкажу сваё суб`ектыўнае меркаванне. «Кайрас» – гэта завуаляваная фінансавая піраміда і не больш за тое. Арэнда камп`ютара – гэта каб замазаць вочы. Такія вывады я зрабіў на аснове аналізу некалькіх даступных у сетцы Інтэрнэт дакументаў: пагаднення аб супрацоўніцтве паміж дырэктарам «Кайрас» Mішы Вайера з кампаніяй «ASSET GLOBAL CONSULTING s.r.o.» на чале з дырэктарам Махмудам Сабці, публічнага дагавора для «мільянераў» і «Пагаднення аб парадку аплаты».

Калі б па дагаворы за арандаванае месца на жорсткім дыску камп`ютара чалавеку штомесячна плацілі грошы, то чаму б не – можна спрабаваць. Але ж галоўная умова такая: той, хто здае ў арэнду вольную прастору на дыску, павінен ЗАПЛАЦІЦЬ, а ўжо потым будзе атрымліваць вялікія грошы. І заплаціць нямала: ад $153 да $2777.

Тым, хто больш месца дасць і больш заплаціць, той атрымае большую лапату, каб заграбаць грошы.
Гэтыя грошы, якія кайрасаўцы назвалі «зваротным гарантыйным узносам» – быццам бы гарантыя вашай добрасумленнасці.

Гэта проста смехатворна. Большага глупства і прыдумаць нельга. Хто захоча хаваць на камп`ютары інфармацыю нейкай фізічнай асобы невядома ў якой краіне? А калі дыск зломіцца, то што? А такое здараецца.
Але ж знаходзяцца людзі, якія вераць. Вялікая спакуса – нічога не робячы, жыць заможна. Засцілаюць розум сумы заробкаў. З мінімальнага пакета арэнды за год набяжыць $187. А той, самы даверлівы лох, хто раскашэліцца па поўнай, – з 2777 долараў адрымае за год аж $4165,5 – амаль 1400 долараў чыстага навару.

Няма сумненняў, што вярхушка фінансавай піраміды і тыя, хто ўступіў раней, добра пажывіліся за кошт сродкаў тых, хто ўклаў грошы ў гэтую кампанію. Але ці вернуць свае грошы тыя, хто зараз яшчэ рызыкуе і адпраўляе грошы на рахунак невядома куды?

Калі трапіце на адну з такіх «прэзентацый», дзе расказваюць, як вы станеце багацеямі і крутымі бізнесменамі, то карціна будзе наступнай: моцная музыка, авацыі стоячы, «супер-менеджары» скачуць па сцэне і расказваюць, што тыя, хто працуе, – гэта няўдачнікі і лохі, а вы – эліта! Вам выпаў шанц прыгожа жыць і ЗАРАБЛЯЦЬ МІЛЬЁНЫ. Да багацця адзін крок – укладайце грошы хутчэй!..

Скажу адно – пасылайце іх лесам. Абыходзьце бокам людзей, якім напляваць на сумленне, на сяброў і нават родзічаў, на добрыя адносіны з людзьмі. Яны зацягваюць людзей дзеля сваёй нажывы, ведаючы, што іх кампанія разваліцца, і яны потым пойдуць у новую і будуць шукаць чарговых лохаў.

Шкада тых, хто ўжо ўступіў і заплаціў. Але гэтая аплата – навука, каб у іншы раз не трапіць у пастку аферыстаў.

Не хачу нікога запэўніваць і адбіваць жаданне стаць «крутым бізнесменам». Кожны ў стане сам вырашаць і потым адказваць за свой учынак. І што мяне здзіўляе, дык гэта або недасведчанасць, або наўмыснае ігнараванне інфармацыі, якая павінна стрымаць ад неабдуманых учынкаў.

Літаральна месяц таму ў Беларусі затрыманы асноўныя фігуранты па справе «Kairos Technologies». Інфармацыя прагучала ў многіх СМІ. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Мінскай вобласці і Мінску пры сілавым садзейнічанні АМАПА.

Праведзены ператрусы, ідзе допыт сведкаў, накладзены арышт на нерухомасць, дарагія аўтамабілі, дзясяткі камп’ютараў і тэлефонаў падазраваемых. У дзеяннях ёсць склад крымінальнага злачынства па артыкуле 233 УК РБ за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

І нягледзячы на гэта, некаторыя хочуць наступіць на тыя ж граблі гэтага лахатрона.

Дадатковы даход – лахатрон ад «Кайрас»

Хто хоча паспрабаваць, то поле цудаў у краіне дурняў чакае вас!

Для тых, каму хочацца і колецца, выкажу некалькі парадаў:

– калі вам прапануюць спачатку ўнесці грошы і абяцаюць хутка разбагацець – адмаўляйцеся;

– калі прымушаюць прымаць рашэнне, не даючы падумаць, быццам вось заўтра ўжо набягуць іншыя і будзе позна – адмаўляйцеся;

– калі прапануюць пасадзіць на «полі цудаў» манеты і потым збіраць ураджай золатам – адмаўляйцеся.

Каментарый юрыста 

 

Дадатковы даход – лахатрон ад «Кайрас»

 

Адвакат Сяргей Зікрацкі лічыць, што ўдзельнікам «Kairos»  можа пагражаць як адміністратыўная, так крымінальная адказнасць. «Само па сабе прадастаўленне дыскавай прасторы камп`ютара кампаніі не з`яўляецца прадпрымальніцкай дзейнасцю, і таму гэта законна.

Але само апісанне дзейнасці такой кампаніі выклікае вялікія падазрэнні ў іх ашуканскім характары. Таму грамадзянам пры супрацоўніцтве з такой кампаніяй трэба ў абавязковым парадку патрабаваць заключэння дагавора, у якім павінны быць абумоўлены ўсе ўмовы супрацоўніцтва, у тым ліку парадак і тэрміны выплаты арэнднай платы.

Асобна зважаю на бакі дамовы. Калі «партнёрам» будзе выступаць кампанія з Лондана, то ў выпадку ўзнікнення спрэчак дамагчыся справядлівасці ў замежным судзе грамадзянам будзе вельмі складана, доўга і дорага.

Пры гэтым нават замежная кампанія ў Беларусі не мае права прымаць наяўную замежную валюту — толькі беларускія рублі пры выкананні вызначаных умоў ці безнаяўны пералік замежнай валюты.

Таму хоць бы адно з наступных акалічнасцяў адназначна павінен выклікаць падазрэнне ў ашуканскіх дзеяннях:

— адсутнасць дагавора;

— дамова ёсць, але складаецца ад імя замежнай кампаніі;

— грошы прымаюцца наяўнымі ў замежнай валюце;

— грошы прымаюцца ў беларускіх рублях без касавага апарата.

У выпадку ж, калі грамадзянін пачне прыцягваць у кампанію трэціх асоб і атрымліваць за гэту ўзнагароду, такія дзеянні будуць лічыцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, для ажыццяўлення якой запатрабуецца рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. За такую дзейнасць без рэгістрацыі грамадзянам можа пагражаць як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць».

Из рубрики