weather4

USD 2.0296

EURO 2.3915

RUR(100) 3.4501

search

Даць па пяцьсот, альбо смерць!

Па-рознаму зараз адносяцца людзі да выступленняў Прэзідэнта Беларусі. Некаторыя адразу выключаюць тэлевізар або пераключаюць на іншы канал. А многія любяць сачыць за выступленнямі Аляксандра Лукашэнкі.

Пётр Гузаеўскі
Пётр Гузаеўскі / Фото: Петр Гузаевский

Хтосьці заварожана слухае і часам, выкрыкваючы ў тэлевізар словы падтрымкі, ганарыцца прэзідэнтам, які “адкручвае галовы” нядбайным чыноўнікам. Хтосьці злуецца, бо разумее, што жыве не ў той Беларусі, якую паказваюць па тэлевізары.

Хтосьці вышуквае іскрамётныя цытаты Аляксандра Рыгоравіча, каб падняць настрой. А мне заўсёды цікава сачыць за тым, як кіраўнік дзяржавы трымае руку на пульсе запытаў народа і пагашае ўсплёскі сацыяльнай напружанасці, як спрытна ўмее выходзіць са складаных сітуацый.

Зараз са шматлікіх выклікаў сацыяльнай напружанасці можна вылучыць дзве: дармаедства і зніжэнне рэальных даходаў насельніцтва.

І калі пік пратэстаў дармаедства яшчэ не наступіў (бо пакуль што нікога да адказнасці не прыцягвалі), то на першым плане ўжо адчуваецца нарастанне напружанасці і незадаволенасці насельніцтва змяншэннем рэальных даходаў. Народ бяднее – гэта факт.

Рэальныя грашовыя даходы жыхароў Беларусі (без уліку падаткаў, збораў і ўнёскаў, з улікам інфляцыі) за студзень–верасень 2016 года зменшыліся на 7,2% у параўнанні з аналагічным леташнім паказчыкам, паведаміў Белстат. Даходы насельніцтва падаюць з 2015 года практычна кожны месяц.

Кіраўнік дзяржавы пра гэта ведае, і пытанне гэтае яго хвалюе. За мінулы тыдзень ён ужо два разы заявіў пра неабходнасць павелічэння зарплат у валютным эквіваленце да 500 долараў.

17 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску для расійскіх рэгіянальных СМІ Аляксандр Лукашэнка сказаў:

“В 2017 году – умереть, но надо выйти на 500 долларов... Я буду делать все для того, чтобы мы вышли на 500”.

Хто павінен памерці дзеля гэтай амбіцыйнай задачы, невядома. Але так хочацца верыць, што беларусы дачакаюцца. І ў падтрымку слоў Прэзідэнта хочацца дабавіць “па 500 кожнаму!”

Думаю, што няшмат знойдзецца ў нашым раёне людзей, якія атрымліваюць зарплату амаль 1000 рублёў (на “старыя” грошы 10 мільёнаў). Для жыхароў Ганцаўшчыны 500 долараў – гэта мара, бо большасць работнікаў не маюць і паловы ад гэтай сумы. Сярэдняя зарплата ў раёне за верасень – 517,2 рублёў.

І па зарплаце наш раён апусціўся на апошняе месца ў вобласці. Раней аўсайдарам быў Столінскі раён. Няма сярэдняй зарплаты па 500 у эквіваленце ні ў Брэсцкай вобласці (сярэдняя з/п – 638,4 руб.), ні нават у г. Брэсце, дзе самы вялікі паказчык – 728 рублёў.

Шчыра кажу, што мне хочацца верыць кіраўніку дзяржавы і спадзявацца, што ўдасца дабіцца гэтай мэты. Гэта эксперты-эканамісты скептычна адносяцца да пастаўленай задачы. Амбіцыйныя задачы ставіліся ўжо на IV Усебеларускім народным сходзе, дзе мэтай было ў 2015 годзе заработную плату прыблізіць да 1 тысячы долараў у эквіваленце. Не атрымалася.

Па меркаванні экспертаў, рост прыбыткаў насельніцтва ў 2016–2020 гадах будзе невялікім. “Можна разлічваць на вельмі сціплы рост прыбыткаў насельніцтва пры адсутнасці эканамічных рэформаў. І нават калі яны адбудуцца, эфект мы адчуем не хутка”, – лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра Кацярына Баркунова.

 “У 2016–2020 гадах мяркуецца, што эканоміка пакажа рост на лічаныя працэнты. Ніякіх рэсурсаў, каб павялічваць прыбыткі насельніцтва хутчэйшымі тэмпамі, у дзяржавы сёння (ва ўмовах значных выплат па ўнутраных і знешніх абавязках) не існуе”, – мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Але экспертаў шмат, а Прэзідэнт адзін. І калі ён паабяцаў, то так і павінна быць! Таму запасайцеся свечкамі, каб ставіць іх за супакой тых, хто “памрэ” дзеля гэтай высокароднай мэты.

Из рубрики
comments powered by HyperComments