weather12

USD 2.1098

EURO 2.4279

RUR(100) 3.2157

search

Каляды ў Ганцавічах: каза, гарбуз, и варажба...

У мінулую суботу, 13 студзеня, ў Ганцавіцкім раённым Доме рамёстваў адбылася калядная сустрэча “Шчодры вечар”. Калядны фэст у такім фармаце праходзіў у другі раз: гэта мерапрыемства з асаблівай святочнай атмасферай, якое злучае гісторыю і сучаснасць.

 Падчас свята "Шчодры вечар" у раённым Доме раместваў у Ганцавічах. 
Падчас свята "Шчодры вечар" у раённым Доме раместваў у Ганцавічах.  / Фото: з асабістага архіва раённага Дома рамёстваў

Гэта вяртанне традыцый аднаго з самых светлых традыцыйных беларускіх святаў. Творчая імпрэза дала выдатную магчымасць упэўніцца, што на Берасцейшчыне кожны раён, а часам і кожная вёска, маюць свае фальклорныя асаблівасці, якія характэрныя толькі для гэтай мясцовасці. I Ганцаўшчына ў гэтым плане не з’яўляецца выключэннем.

Арганізатары фэсту вырашылі паказаць шматграннасць і асаблівасць беларускіх калядных свят. На творчую сустрэчу былі запрошаны не толькі фальклорныя калектывы Ганцаўшчыны, але і з суседняга Лунінецкага раёна.

На працягу некалькіх гадзін дзіцячыя фальклорныя калектывы з вёсак Люсіна, Раздзялавічы, Хатынічы (Ганцавіцкі раён), Дзятлавічы (Лунінецкі раён) у жывой нязмушанай атмасферы пазнаёмілі з традыцыямі святкавання Каляд у сваёй мясцовасці. Прычым прадстаўленні гэтыя вылучаліся захаваннем усіх этнаграфічных дэталяў – юныя ўдзельнікі гуртоў з гэтых вёсак не першы год вывучаюць абрады, спевы, танцы і іншыя складнікі традыцыйнай культуры, папулярызуюць аўтэнтычную спадчыну свайго краю. А гэта значыць, што сувязь стагоддзяў не перарываецца, таму што маладое пакаленне захавае і з годнасцю перадасць сваім нашчадкам сакральную мудрасць продкаў.

Першапачаткова здавалася, што людзей будзе не так шмат, як хацелася б, аднак ужо праз пару хвілін пасля пачатку майстар-класа па вырабе калядных сімвалаў – зоркі і маскі, стала зразумела: народ сабраўся цэлымі сем’ямі. На працягу гадзіны ўсе жадаючыя добра папрацавалі ў творчай майстэрні, пагулялі па выставачных залах і экспазіцыях Дома рамёстваў.

Падчас свята
Падчас свята / Фото: з асабістага архіва раённага Дома рамёстваў.

Затым усе ўдзельнікі мерапрыемства былі запрошаны на падворак, дзе была святочна аформлена сцэна. Непадалёку ад сцэны прапаноўвала сувеніры на любы густ выстава-продаж вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якую зладзіў народны клуб майстроў “Багач”.

Невялічкая, але ўтульная сцэна ў адзін момант ператварылася ў сялянскую хату, у якой, са з’яўленнем першай зоркі на небе чакалі гаспадары калядоўшчыкаў.

Першымі ў каляду прыйшлі рабяты з вёскі Хатынічы, удзельнікі фальклорнага калектыву “Крынічка”, якія і паказалі свой мясцовы абрад.

Зачараваў гледачоў сваёй самабытнасцю, арыгінальнасцю і аўтэнтычнасцю гурт “Дзятлавіцкі падлесак” з Лунінецкага раёна. Пранікнёна, амаль да дрыжыкаў па целе, гучала старадаўняя мясцовая песня з вуснаў дзяцей, затым і бабуль, якія спявалі так працягла і напеўна.

Падчас свята
Падчас свята / Фото: з асабістага архіва раённага Дома рамёстваў

3 добрымі пажаданнямі паказалі калядную дзею ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву з вёскі Люсіна. Бясспрэчна, іх выступленне прыйшлося даспадобы і дарослым, і малым гледачам.

Іскрамётна выступілі ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву “Раўчукі” з вёскі Раздзялавічы, з песнямі-прыпеўкамі і варожбамі. Прычым адметнасць гэтай вёскі ў тым, што калядоўшчыкі тут носяць з сабой не толькі зорку, але і зробленую з гарбуза галаву са свечкай – накшталт тых, што можна ўбачыць на Захадзе на Хэлоўін. Толькі тут гэтая традыцыя з’явілася задоўга да таго, як пра гэтае моднае свята даведаліся па ўсім свеце. Па словах Людмілы Рабцэвіч, раздзялавіцкія гаспадыні спецыяльна для калядавання яшчэ восенню адбіралі самы моцны гарбуз і спецыяльна яго захоўвалі да зімы. З цікавасцю і задавальненнем гледачы паваражылі разам з Людмілай Рабцэвіч.

Падчас свята
Падчас свята / Фото: з асабістага архіва раённага Дома рамёстваў

У гэты дзень не было снегу, але лёгкі мароз і вецер не давалі гасцям мерапрыемства сумаваць. Ну, а хто паспеў змерзнуць, арганізатары прапанававалі гарачую гарбату з зёлак  і пагрэцца каля вогнішча.

Пасля выступлення калектываў былі падведзены вынікі выставы-конкурсу “Цуд на Каляды” і ўзнагароджаны ўдзельнікі і пераможцы.

Арганізаты прапанавалі перайсці ў памяшканне Дома рамёстваў, дзе былі падрыхтаваны яшчэ сюрпрызы ўдзельнікам і гасцям сустрэчы. Гэта выступленне ўзорнага ансамбля народных духавых інструментаў “Дударыкі”. У захапленні перапоўненая зала глядзела калядную пастаноўку “Цар Ірад” традыцыйнага лялечнага тэатра “Батлейка”, якую паказвалі майстар Дома рамёстваў Вольга Івановіч і кіраўнік народнага клуба майстроў “Багач” Галіна Савеня.

Падчас свята
Падчас свята / Фото: з асабістага архіва раённага Дома рамёстваў

Для многіх гэта стала першым знаёмствам з “Батлейкай”. Было так цікава, што прыйшлося паўтарыць прадстаўленне для тых каму было дрэнна відаць.

Напрыканцы сусрэчы дзіцячы фальклорны калектыў “Крынічка” з вёскі Хатынічы прэзентаваў праграму самых маленькіх удзельнікаў суполкі. Разам з кіраўніком гурта Таццянай  Буйкевіч дзеткі праспявалі старажытныя песні і станцавалі “Нарэчаньку”.

Падчас свята
Падчас свята / Фото: з асабістага архіва раённага Дома рамёстваў

Галоўнай мэтай сустрэчы стала імкненне паказаць адметнасць нашай каляднай абрадавасці і жаданне паглядзець, якая яна ў суседніх раёнах. Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў ставіць перад сабой мэту адраджэння не толькі мясцовых рамёстваў, але і тутэйшых традыцый, без якіх яны не могуць паўнавартасна існаваць. Для нашых жа продкаў спалучэнне працы з творчасцю было цалкам натуральным і арганічным.

Болей фотаздымкаў можна паглядзець у слайдшоў:

Из рубрики
comments powered by HyperComments