weather12

USD 2.1098

EURO 2.4279

RUR(100) 3.2157

search

“Натуршчыца", "Ганцавіцкі хлеб"– у Ганцавічах адбылася выстава Веранікі Лебедзевай

6 лютага ў выставачнай зале Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы ганцавіцкай мастачкі Веранікі Лебедзевай “Мая гісторыя ў фарбах”. Падчас творчай сустрэчы аўтар карцін пазнаёміла прысутных з тэхнікай малявання пастэллю.

Нарадзілася Вераніка Лебедзева 8 кастрычніка 1981 года ў вёсцы Шашкі Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 2003 годзе Вераніка паспяхова скончыла Кобрынскі вышэйшы мастацкі каледж выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў і пачала працаваць кіраўніком гурткоў мастацкай творчасці РЦДзЮТ. У 2009 годзе скончыла завочны факультэт БДзПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “выяўленчае мастацтва і чарчэнне, народныя мастацкія промыслы”.

Як мастак, Вераніка мае свой почырк і стыль. Яе жывапісная манера выканання арыгінальная. Яна не баіцца эксперыментаваць, змешваць не толькі фарбы, але і стылі, спрабаваць сябе ў розных жанрах і кірунках.

На адкрыццё былі запрошаны сябры і проста знаёмыя мастачкі, якія ў нязмушаных абставінах і цёплай, сяброўскай атмасферы пагутарылі з Веранікай Васільеўнай і задалі ёй пытанні, якія цікавяць іх.

У экспазіцыі было прадстаўлена больш за 20 работ, выкананых ў розных тэхніках: алей, акварэль, пастэль, і розныя па жанру: партрэт, пейзаж, а таксама нацюрморт.

Выстава “Мая гісторыя ў фарбах” здзіўляе не столькі колькасцю работ, колькі багаццем палітры, сюжэтаў, жанраў, тэхнік.

Кожная з карцін мае адметныя асаблівасці і выканана ў сваёй арыгінальнай тэхніцы, таму кожная з іх, безумоўна, заслугоўвае ўвагі.

Сярод яе работ сустракаюцца нацюрморты: “Нацюрморт з гарлачом”, “Нацюрморт з самаварам”; пейзажы, якія адлюстроўваюць вобраз родных краявідаў: “Лес ля Малых Круговіч”, “Восень у Шашках”, “Шлях на Малыя Круговічы”, “Свята-Георгіеўская царква ў В. Круговічах”, а таксама партрэты: “Натуршчыца”, “Натуршчык”, “Партрэт Аляксея”, “Партрэт маці”. Асобнай увагі заслугоўвае карціна “Ганцавіцкі хлеб”, створаная ў 2008 годзе падчас вучобы ва ўніверсітэце.

Адна з наведвальніц выставы, намеснік дырэктара РЦБС па працы з дзецьмі Аксана Карповіч, падзялілася сваімі ўражаннямі: “Мне вельмі прыемна быць запрошанай на падобную цырымонію і асабліва прыемна было ўбачыць на выставе пейзажы родных для мяне краявідаў, якія дазволілі мне акунуцца ў дзяцінства”.

 Кожны мастак ведае шмат розных тэхнік і інструментаў, у якіх і якімі можа працаваць, але кожны выбірае для сябе нешта сваё. Вераніцы Васісьеўне больш за ўсё падабаецца пісаць пастэллю, а любімы жанр – партрэт.

Безумоўна Вераніка Лебедзева –  з’ява ў мастакоўскім жыцці нашага краю. Яна выдатны лірык пейзажу, цудоўны чалавек па жыцці. Прыемна адзначыць, што гэты чалавек-творца плённа працуе на карысць выяўленчага мастацтва нашай малой радзімы.

Вераніка не спыняецца на дасягнутым. У марах мастачкі ўдасканаліць алейны жывапіс, авалодаць майстэрствам сталых мастакоў – аб’ёмным жывапісам і адкрыць сваю ўласную майстэрню, зрабіць сваё хобі асноўнай крыніцай дабрабыту. Вераніка Лебедзева актыўна ўдзельнічае ў розных конкурсах, выставах, фестывалях.

Из рубрики
comments powered by HyperComments