weather-1

USD 2.1204

EURO 2.4136

RUR(100) 3.2021

search

Ганцавіцкі шашыст выдаў кнігу пра люсінцаў

Першую сваю друкаваную кнігу ганцаўчанін Мікалай Рылка змог патрымаць у руках і палістаць у сярэдзіне сакавіка, калі атрымаў пасылку ад свайго сябра з Пінска.

 Ураджэнец вёскі Люсіна Мікалай Рылка расказвае ў апавяданнях гісторыі з жыцця вяскоўцаў.
Ураджэнец вёскі Люсіна Мікалай Рылка расказвае ў апавяданнях гісторыі з жыцця вяскоўцаў. / Фото: Ірына Дамарацкая

«Што я пражыў за сваё жыццё, тое ўсё ў галаве і стаяла. У памяці шмат цікавых жыццёвых сюжэтаў было, – гаворыць Мікалай Сямёнавіч. – Увосень сябра прапанаваў мне надрукаваць кнігу, і вось атрымаўся зборнік гісторый пад назвай «Родам з Палесся».

У кнізе на 77 старонках змешчаны 46 апавяданняў, старонка смяшынак і анекдотаў. Ёсць апавяданні пра партызан і іх дзейнасць падчас жыцця ў палескіх балотах, пра банду... А ёсць і смешная гісторыя пра вяскоўцаў, якія пасля гулянкі на вяселлі на п`яную голаву памяняліся жонкамі на адну ноч. Шмат апавяданняў з`яўляюцца, аўтабіяграфічнымі, дзе аўтар расказвае пра сваё каханне, пра сваё захапленне шашкамі, пра паходы ў грыбы ды пра гульні з унукамі. Але большасць сюжэтаў узята з жыцця люсінцаў.

«Помню з дзяцінства, як збіраліся ў нашай хаце мужчыны і гаманілі аб усім, што адбываецца ў вёсцы. Яны ўспаміналі падзеі вайны, расказвалі розныя гісторыі пра людзей і жывёльны свет. А я на печ залезу ды слухаю – здавалася тады, каб да раніцы не разыходзіліся, то я ўсё слухаў бы», – ўспамінае Мікалай Рылка.

Ганцаўчанін кажа, што захапляўся вершамі са школы, потым закінуў гэты занятак, бо не хапала часу. А як выйшаў на пенсію, пачаў пісаць апавяданні. Запісваў гісторыі са свайго жыцця і жыцця аднавяскоўцаў. За два гады сабраўся стос рукапісаў, і калі сябра прапанаваў выдаць кнігу, то Мікалай згадзіўся. Рукапісы аддаў у набор у чэрвені 2017 года. А ў снежні кніга была падпісана ў друк. У свет выйшла 25 экзэмпляраў: 20 для аўтара і пяць выдавец пакінуў сабе. Выдавецтву паспрыяла грамадскае аб`яднанне «Фізкультурна-спартыўны клуб інвалідаў «Ветразь».

"Памятаю доўгія зімовыя вечары ў нашай хаце: на стале гарыць лямпа, а за сталом на лаве сядзяць мужчыны і вядуць розныя гаворкі... Я залез на печ, тут мне цёпла і ўтульна, адсюль усё ў хаце відаць і чуваць."
Мікалай Рылка, кандыдат у майстры спорту па шашках

Творчасці паспрыялі шашкі

Ганцаўчанін пазнаёміўся з выдаўцом на спаборніцтвах па шашках у Балгарыі. Мікалай Рылка з`яўляецца кандыдатам ў майстры спорту па шашках. Пачаў гуляць у шашкі пасля арміі. Калі паехаў вучыцца на курсы трактарыста-машыніста, выступаў на спаборніцтвах за СМУ. Потым яго накіравалі на першынство вобласці і «пабілі». «Я быў перадапошнім, і гэта мяне зачапіла. А я ж па натуры спартсмен. Спартыўны дух вымусіў асвоіць шашкі. Я ўзяў кнігу ў бібліятэцы і трэніраваўся», – успамінае ганцаўчанін.

Да распаду Савецкага Саюза ён выпісваў спецыяльную літаратуру па пошце. У хатняй бібліятэцы ёсць больш за дзесяць кніг па шашках і каля ста рыжскіх часопісаў «Шашкі». Шашыст кажа, што замежная мова часопісаў не перашкаджае разуменню. Галоўнае, мець жаданне вучыцца. Ганцаўчанін злаўчыўся і разумеў анатацыю гульні нават на замежнай мове Галоўным арыентырам служылі лічбы.

Па сённяшні дзень Мікалай Рылка захапляецца шашкамі і ўдзельнічае ў спаборніцтвах. Вось нядаўна скончылася першынство па шашках, дзе ён выйграў усе партыі. Нават нічыёй нікому не даў.

З кранаўшчыкоў пайшоў у гандляры

Мікалай Рылка родам з Люсіна. Нарадзіўся ў 1949 годзе ў сям`і сялян. Бацькі выгадавалі траіх дзяцей, Мікалай быў старэйшым. Пасля васьмі класаў працаваў у леспрамгасе на станцыі Люсіна. Марыў паступіць у тэхнікум спорту і культуры, але балаў не хапіла. Працаваў на заводзе КПД, скончыў вячэрнюю школу і вывучыўся на кранаўшчыка. Пасля пайшоў у армію. Вярнуўся і год працаваў грузчыкам на былым прадпрыемстве «Харчавік». Далей 25 гадоў працаваў кранаўшчыком маставога крана на заводзе КПД. Потым 15 гадоў гандляваў рознай дробяззю на кірмашы.

Ганцаўчанін мае дваіх дзяцей і пяцярых унукаў. Жыве Мікалай з жонкай Лідай па гарадскім укладзе. Гаспадаркі не трымае. Любіць паглядзець добрыя фільмы. У цёплы сезон выбіраецца ў лес на ціхае паляванне. Грыбы сам не гатуе, бо не любіць кухонную справу. «Гатаваць не люблю, але з голаду не памру. Неяк жонка была ў ад’ездзе і дзеці пакінулі ў мяне ўнука на два тыдні. Дык я гатаваў яму і першае, і другое, і трэцяе. Унук сказаў, што дзед – лепшы повар у свеце», – смяецца Мікалай Сямёнавіч.

Свой вольны час пенсіянер, акрамя гульні ў шашкі і забаў з дзецьмі, прысвячае напісанню новых апавяданняў. «Цяпер пішу аповесць пра Люсіна. Эпілог ужо ёсць, а я ў сярэдзіне капаюся», –расказвае ганцаўчанін. Здаецца, цікавыя апавяданні самі выскокваюць з яго галавы. Нездарма ж ён нарадзіўся ў Люсіна, дзе некалі настаўнічаў Якуб Колас. Знакаміты беларускі пясняр нібы абудзіў палескую зямлю, якая па сённяшні дзень нараджае і ўзгадоўвае майстроў слова.

Из рубрики
comments powered by HyperComments