weather19

USD 2.1066

EURO 2.4365

RUR(100) 3.221

search

Карціны Ганцавіцкіх мастакоў пабывалі ў Англіі

З дыпломамі, сувенірамі і прыемнымі ўражаннямі вярнуліся агарэвіцкія школьнікі з рэгіянальнага конкурсу дзіцячага малюнка «Спадчына-2018», які адбыўся 28 красавіка ў Івацэвічах і быў прысвечаны тэме «Экалогія душы – экалогія Зямлі».

«Дзеці атрымалі шмат пазітыву і карысны вопыт, – распавяла настаўнік мастакоў Ала Мірзаліева. – Але самае галоўнае, што нашу працу ацанілі».

Конкурс зусім малады, ён праводзіцца трэці год. І агарэвіцкія мастакі бя­руць удзел у конкурсе другі год запар. На гэты раз шасцікласніца Кацярына Волах атрымала дыплом трэцяй ступені за малюнак «Дарога ў чароўны лес». Яе пейзаж спадабаўся работнікам Івацэвіцкага лясгаса, якія ўваходзяць у склад заснавальнікаў конкурсу.

Дзевяцікласнік Аляксандр Горбач удзельнічаў у конкурсе ўпершыню і атрымаў дыплом фіналіста за малюнак з выявай агарэвіцкай царквы пад назвай «Яднанне». Аляксандру Горбачу падабаецца яго захапленне. «Малюю з дзяцінства.

У конкурсах не ўдзельнічаў, упершыню тут, і мне вельмі падабаецца». Аляксандр кажа, што сваю будучыню хоча звя­заць з мастацтвам. Магчыма, некалі агарэвіцкіх мастакоў будзе ведаць уся краіна і не толькі. Пасля пленэра іх малюнкі будуць экспанавацца ў краязнаўчым музеі ў Івацэвічах. Пазней некаторыя, у тым ліку і Кацярынін малюнак, адабралі для выставы ў Англіі.

Працы агарэвіцкіх дзяцей прайшлі адбор у першым этапе конкурсу, які праходзіў дыстанцыйна.

Па выніках адбору яны атрымалі запрашэнне на пленэр, дзе прадстаўлялі студыю выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «З рога ўсяго многа», якая працуе пры Агарэвіцкім СДК з 2001 года. Да студыі дзеці займаліся ў гуртках. А з 2010 года студыя мае званне ўзорнай.

Падчас пленэра дзеці сядзелі на вуліцы з мальбертамі і малявалі івацэвіцкія пейзажы. У Івацэвічы з`ехаліся 110 юных мастакоў з 13 раёнаў Брэсцкай вобласці, а таксама з Гродзеншчыны. Адметна, што ў Івацэвічах ёсць сапраўдная школа юных мастакоў, якія штогод заваёўваюць узнагароды на ўсялякіх мастацкіх імпрэзах.

«Вельмі карысна было адчуць тэмп працы іншых удзельнікаў. На пленэры патрэбна хутка працаваць, а дзеці прывыклі маляваць павольна. Цікава было назіраць за працай дзяцей рознага ўзроўню падрыхтоўкі. Цяпер мы нацэльваемся на тое, каб у наступны раз высту­піць яшчэ лепш», – кажа Ала Мірзаліева.

Из рубрики
comments powered by HyperComments