weather6

USD 2.1472

EURO 2.425

RUR(100) 3.162

search

Калі ў Ганцавічах былі шклозавод і педвучылішча?

Афіцыйна статус горада Ганцавічы атрымалі 6 снежня 1973 года. Але прынята лічыць, што гэты гарадок быў утвораны ў 1898 годзе. А гэта значыць, што сёлета ў яго двайны юбілей: 45 і 120 гадоў. З такой нагоды мы падрыхтавалі для вас самыя цікавыя факты з гісторыі Ганцавіч.

 Панарама горада Ганцавічы з вышыні птушынага палёту.              
Панарама горада Ганцавічы з вышыні птушынага палёту.               / Фото: Сяргея БАГРОВА

ФАКТ №1 «Калі з`явіліся людзі»

У 5-4 тысячагоддзі да н.э. з`яўляюцца першыя людзі на тэрыторыі краю, пра гэта кажуць археалагічныя знаходкі эпохі неаліту ва ўрочышчы Качайка недалёка ад Ганцавіч.

Карта археалагічных помнікаў жалезнага веку і ранняга Сярэднявечча Ганцаўшчыны.
Карта археалагічных помнікаў жалезнага веку і ранняга Сярэднявечча Ганцаўшчыны. / Фото: Ілюстрацыя з кнігі «Ганцавічы. Традыцыі шчодрай зямлі»

ФАКТ №2 «Узнікненне вёсак»

У 1515 годзе клецкі князь Фёдар Яраслававіч «навечна» купіў у другога князя вёску Буча (трохі пазней яе назва ў старадаўніх дакументах гучыць ужо па-сучаснаму – Будча). За гэтае ж стагоддзе ў пісьмовых крыніцах з`яўляюцца ўпамінанні адразу пра некалькі вёсак Ганцаўшчыны: Чудзін з фальваркам Морач (1537г.), Люсіна і Малькавічы упершыню ўпамінаюцца ў хроніцы навагрудскага падсудка Фёдара Булахоўскага (1593г.). У 1615г. ужо ўпамінаюцца Круговічы, Ляхавічы, Востраў.

ФАКТ №3 «Пустэльнікі»

У 19 ст. Палессе стала ізаляваным і надоўга заставалася вотчынай старой «літоўскай» шляхты. Менавіта пагэтаму землі пазбеглі шырокай расійскай каланізацыі. Напрыклад, на Ганцаўшчыне на працягу ста гадоў не праклалі ніводнай значымай дарогі па сушы.

ФАКТ №4 «Пазбаўленне ад балот»

У 1873 годзе была створана Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот, якую ўзначаліў ваены тапограф І.І. Жылінскі. Экспедыцыя, якая ахапіла тэрыторыю ў 100 тыс. кв. км, у тым ліку і цяперашні Ганцавіцкі раён, расцягнулася ў часе на 25 гадоў.

ФАКТ №5 «Ганцавічы з`явілася дзякуючы чыгунцы»

З 1882 года пачалося будаўніцтва палескіх чыгунак. Прычынай стала неабход­насць у стварэнні стратэгічнай інфраструктуры для заходніх межаў імперыі. За тры гады было неабходна пракласці чыгунку па «непраходным» Палессі. У 1884 годзе на тэрыторыі цяперашняга Ганцавіцкага раёна былі пабудаваны тры станцыі: Малькавічы, Люсіна і Ганцавічы. Хутка каля станцый пачалі з`яўляцца іншыя пабудовы. Так пачалася гісторыя мястэчка.

ФАКТ №6 «З`яўленне лесапільні»

Чыгунка паўплывала на развіццё раёна. Таму ў 1888 годзе недалёка ад Ганцавіч оптавым гандляром лесам Веніямінам Волам быў пабудаваны лесапільны завод з паравой машынай. У канцы стагоддзя праз станцыю праходзіла ўжо звыш 130 000 пудоў лясных грузаў.

Лесапільны завод Капытмана (15 красавіка 1934 года)
Лесапільны завод Капытмана (15 красавіка 1934 года) / Фото: з сайта gantscvichi.museum.by

ФАКТ №7 «З`яўленне шклозавода»

У 1892 годзе здольны інжынер Вільгельм Краеўскі і таленавіты дэкаратар Юліус Столле адкрылі свой шклозавод. Тут яны выраблялі аконнае шкло для люстраў і багемскае шкло, шкляны посуд. З часам іх фірма стала вядомай, а вырабы прадаваліся па ўсёй Еўропе.

ФАКТ №8 «Тут жыў Якуб Колас»

У 1902 годзе ў народнае вучылішча ў в. Люсіна прыйшоў выкладаць выпускнік Нясвіжскай семінарыі К.М. Міцкевіч. У сваёй знакамітай трылогіі «На ростанях» Я. Колас апісаў пейзажы і жыццё менавіта вёскі Люсіна (у творы – Цельшына).

Якуб Колас
Якуб Колас / Фото: з сайта gantscvichi.museum.by

ФАКТ №9 «Вялікі пажар»

У 1934 годзе ў горадзе загарэлася прыватная пякарня, ад яе агонь умомант перакінуўся далей – так пачаўся вялікі пажар, які знішчыў добрую палову Ганцавіч. Спатрэбілася некалькі гадоў і дапамога ваяводскіх улад, каб мястэчка адбудавалася зноў.

Пасля вялікага пажару ў мястэчку Ганцавічы (восень 1934 года). 
Пасля вялікага пажару ў мястэчку Ганцавічы (восень 1934 года).  / Фото: з сайта gantscvichi.museum.by

Пасля вялікага пажару ў мястэчку Ганцавічы (восень 1934 года)
Пасля вялікага пажару ў мястэчку Ганцавічы (восень 1934 года) / Фото: з сайта gantscvichi.museum.by

ФАКТ №10 «ГДК на месцы касцёла»

У канцы 1934 года пачалася закладка драўлянага касцёла. У цяперашні час на яго месцы знаходзіцца ГДК.

Касцёл Звествавання Дзеве Марыі ў мястэчку Ганцавічы, што быў пабудаваны ў 1936 годзе
Касцёл Звествавання Дзеве Марыі ў мястэчку Ганцавічы, што быў пабудаваны ў 1936 годзе / Фото: з сайта gantscvichi.museum.by

Верніцы і ксёндз (канец 1930-х гадоў)
Верніцы і ксёндз (канец 1930-х гадоў) / Фото: з сайта gantscvichi.museum.by

Закладна новга касцёла (канец 1934 года)
Закладна новга касцёла (канец 1934 года) / Фото: з сайта gantscvichi.museum.by

ФАКТ № 11 «Нараджэнне раёна»

15 студзеня 1940 года ў складзе Пінскай вобласці быў утвораны Ганцавіцкі раён, пры гэтым яго цэнтрам афіцыйна быў названы гарадскі пасёлак Ганцавічы.

Дэмантрацыя на плошчы пад час дзяржаўнага свята (да 1934 года)
Дэмантрацыя на плошчы пад час дзяржаўнага свята (да 1934 года) / Фото: з сайта gantscvichi.museum.by

Плошча мястэчка, на заднім плане будынак старога касцёла (да 1934 года)
Плошча мястэчка, на заднім плане будынак старога касцёла (да 1934 года) / Фото: з сайта gantscvichi.museum.by

Святочная працэсія вернікаў-каталікоў у мястэчку Ганцавічы (1930-я гады)
Святочная працэсія вернікаў-каталікоў у мястэчку Ганцавічы (1930-я гады) / Фото: з сайта gantscvichi.museum.by

ФАКТ №12 «Тут вучылі педагогаў»

У верасні 1945 года было адкрыта Ганцавіцкае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча Народнага камісарыяту, якое праіснавала да 1954 года. Галоўная мэта вучылішча – падрыхтоўка настаўнікаў пачатковай школы. На 1945-46 навучальны год было запланавана набраць 90 чалавек і 120 – на завочнае аддзяленне.

ФАКТ №13 «Адкрыццё сельскагаспадарчай школы»

У 1946 годзе прыняла першых навучэнцаў Ганцавіцкая сельскагаспадарчая школа (пазней – тэхнікум). Тут выпускалі ветфельчараў, загадчыкаў жывёлаводчых фермаў. На тэрыторыі раёна ствараліся вытворчыя і сельскагаспадарчыя арцелі, а пасля і райпрамкамбінат.

ФАКТ №14 «Агароднінасушыльны завод і малаказавод»

У 1954 годзе ў райцэнтры пачаў працаваць агароднінасушыльны завод. Прайшла рэканструкцыя малаказавода (дзейнічаў з 1949 года). Да гэтага ўсе аперацыі тут выконваліся ўручную, потым завод электрафіцыравалі і аснасцілі неабходным абсталяваннем.

Жывая гісторыя

Алена Бондар нарадзілася ў 1924 годзе ў Пінскай вобласці на станцыі Ліпнікі. Яе бацька працаваў на чыгунцы, таму ў 1926 годзе сям`я пераехала ў Ганцавічы.
Алена Эдмундаўна расказала пра тое, што цяпер засталося толькі ў гісторыі горада: «Сем класаў я адвучылася ў польскай школе. Потым пайшла ў савецкую – адразу ў 10 клас, але на рускай мове нічога не разумела і пайшла ў вячэрнюю школу. Потым працавала на чыгунцы – вяла ўлік работ».

94-гадовая Алена Эдмундаўна Бондар дасканала памятае, якімі былі Ганцавічы раней.             
94-гадовая Алена Эдмундаўна Бондар дасканала памятае, якімі былі Ганцавічы раней.              / Фото: Таццяны ЛАУШ

Жанчына больш не атрымала ніякай адукацыі, але ёй хапіла атрыманых ведаў, каб працаваць у банку намеснікам галоўнага бухгалтара. Пазней яна ўладкавалася бухгалтарам на агароднінасушыльны завод: «Працавала тут больш за 300 чалавек. Завод славіўся сваёй прадукцыяй: спачатку тут выпускаліся разнастайныя кансервы з агародніны, а пазней сталі сушыць моркву, цыбулю і бульбу. Высушаную агародніну адпраўлялі ў Сібір для ваенных і зняволеных. Калі я збіралася пайсці з завода ў 1979 годзе, то збіраліся яшчэ і з мяса кансервы выпускаць, але ці рабілі гэта, я ўжо не ведаю».

Што дзе было

Цяпер на месцы былога банка узвышаецца касцёл.

Шклозавод знаходзіўся на месцы сённяшняга РЦДЮТ.

На месцы райвыканкама раней быў вялікі яўрэйскі дом з прыватным магазінам гаспадарчых тавараў, а на месцы сённяшніх гаражоў каля райвыканкама знаходзілася сінагога.

На тэрыторыі між Домам бытавога абслугоўвання і кінатэатрам знаходзілася яўрэйская школа.

Педвучэльня размяшчалася на тэрыторыі цяперашняй спецшколы і будынка раённай санстанцыі.

Агароднінасушыльны завод быў на месцы гандлёвага цэнтра «НікіМал».

Замест «Модуля» быў ДАЗ – завод, дзе апрацоўвалі драўніну, з якой выраблялі піламатэрыялы для будоўлі, шафы-буфеты для кухні і іншае.

Алена Эдмундаўна расказала, што ў горадзе за чыгункай пахаваны нашчадак самога Чынгісхана: «Раней я вучылася ў адной школе з яго дочкамі. Каб я магла дайсці, то сама адвяла б вас да той магілкі».

Из рубрики
comments powered by HyperComments