weather12

USD 2.1028

EURO 2.4584

RUR(100) 3.1371

search

Па прафесіі цырульнік, а ў душы мастачка

На мінулым тыдні ў раённым Доме рамёстваў адкрылася персанальная выстава карцін Таццяны Коўш «Маё захапленне». Маладая ганцаўчанка прадставіла 14 палотнаў, напісаных маслам: жывёлы, кветкі, воблакі, ікона

Фото: Анатоль Цiхан

Але гэта не асноўная дзейнасць мастачкі. Таццяне 24 гады. Чатыры з іх яна вучылася на цырульніка ў Брэсцкім каледжы сферы абслугоўвання. Цяпер яна працуе ў Ганцавіцкім Доме быту па спецыяльнасці.

Што тычыцца мастацтва, то дзяўчына вучылася маляваць сама і ніколі не хадзіла ў мастацкую школу.

«Пачынала, як і ўсе: з гуашы ды фарбаў», – падзялілася суразмоўца.

І вось Таццянінаму захапленню ўжо каля 7 гадоў.

Піша дзяўчына ў асноўным з фотаздымкаў: малюе кветкі, жывёл. Часам камбінуе карціну з некалькіх здымкаў. Сама мастачка гаворыць, што для захаплення асаблівых рэчаў ёй не патрэбна: «Штосьці ўбачу ў інтэрнэце, штосьці ў наваколлі», – адзначыла дзяўчына. Як і ва ўсіх творчых натур, працэс напісання адной карціны для Таццяны не мае межаў часу: на адну з іх можа пайсці як двое сутак, так і год.

Гэта ўжо другая па ліку выстава цырульніка-мастачкі. Дэбютная выстава Таццяны праходзіла ў чэрвені гэтага года ў Агарэвічах, дзе выстаўляліся тыя самыя карціны, што прадстаўлены сёння ў Ганцавічах.

Усё пачалося з таго, што калісьці дзяўчына ўдзельнічала ў конкурсе мастакоў, які праходзіў у в. Куршынавічы Ляхавіцкага раёна. Пасля гэтага ёй прапанавалі зрабіць выставу карцін і ў Доме рамёстваў. Мастачка з задавальненнем згадзілася.

«Яны самі прыехалі і забралі мае карціны», – расказала суразмоўца.

Таццяна падзялілася, што, каб зрабіць гэтыя дзве персанальныя выставы, ёй прыйшлося збіраць некаторыя карціны па сябрах і сваяках, бо калісьці мастачка раздарыла іх.

Раней, асабліва падчас вучобы ў каледжы, Таццяна пісала партрэты і карціны на заказ, і гэта было для яе добрай практыкай. Але цяпер, калі праходзіла выстава ў Агарэвічах, многія хацелі прыдбаць тварэнні маладой мастачкі. Адзін мужчына прапаноўваў немалыя грошы за карціну з коньмі, якая вельмі спадабалася яму. Але Таццяна не прадала яе.

«На выставе многія хацелі набыць мае карціны. Усё ж такі сапраўдная карціна, напісаная чалавекам, вельмі добра пасуе да хатняга інтэр’ера. Толькі я лічу, што, у першую чаргу, мне трэба афіцыйна аформіць ІП, каб потым не было праблем з законам. Толькі пасля гэтага карціны можна прадаваць», – разважала дзяўчына.


З усёй колькасці, багацця стыляў і напрамкаў у жывапісе Таццяне больш даспадобы рэалістычнасць і натуральнасць. «І карціны атрымліваюцца яшчэ больш жывымі, калі пішаш іх з душой. Жывапіс алеем цяпер вельмі цэніцца, бо карціны выглядаюць па-асабліваму», – сказала суразмоўца.

Раней Таццяна пісала на альбомных аркушах, але ў апошні час яна выкарыстоўвае палотны – усё ж такі аснова іграе вялікую ролю ў канчатковым выніку карціны, як адзначыла мастачка.

У хуткім часе Таццяну чакае прыемная падзея: праз некалькі месяцаў яна стане мамай. А яшчэ жанчына плануе да канца года аформіць сваю мастацкую дзейнасць у рамках заканадаўства, каб працаваць як ІП і мець магчымасць прадаваць свае карціны.

Из рубрики
comments powered by HyperComments