weather-4

USD 2.122

EURO 2.4042

RUR(100) 3.1935

search

Чаму Ганцаўчанка баялася сваёй настаўніцы

Вельмі хутка ўсе мы адзначым вялікае свята – Дзень настаўніка. Я не памылілася, напісаўшы «ўсе мы», бо лічу, што многія згодзяцца з тым, што хоць і ёсць шмат прафесійных святаў – будаўніка, энергетыка, чыгуначніка, работніка сельскай гаспадаркі, камунальных паслуг і г.д. – але кожнага з гэтых спецыялістаў вывучылі, навучылі азам граматы, прафесіі, культуры паводзін, любові да Радзімы педагогі. Гэта настаўнікі ў школе, выхавацелі ў дзіцячых садах, выкладчыкі і куратары ў іншых навучальных установах – адным словам, тыя, хто зрабіў усё, каб мы сталі патрэбнымі сабе і людзям асобамі і з гонарам неслі па жыцці званне ЧАЛАВЕКА.

У свой час я скончыла Агарэвіцкую сярэднюю школу, якую лічу сваім жыццёвым падмуркам. І галоўнымі людзьмі пасля мамы і таты для мяне былі мае настаўнікі, якія таксама заўсёды былі побач. Некаторыя прадметы я адразу прыняла і палюбіла на ўсё жыццё. З першых урокаў я закахалася ва ўсе гуманітарныя навукі, а вось да ўсяго, што звязана з лічбамі, матэматычнымі задачамі, тэарэмамі і т.п., не вельмі схільна адношуся і цяпер, хаця разумею, што без матэматыкі нікуды.

У МАІМ ЖЫЦЦІ ЗДАРЫЎСЯ ПАРАДОКС

Нягледзячы на тое, што матэматыку не любіла, я скончыла тэхнічную ўстанову, дзе асновай навучання з`яўляецца вышэйшая матэматыка і вывучаецца такі прадмет як сапрамат, і без азоў фізікі там няма чаго рабіць. У маім жыцці ўсё атрымалася добра, бо потым выпадак і само жыццё скарэктавалі маю прафесію.

Але вярнуся да таго, што з нелюбоўю да дакладных навук звязаны некаторыя мае школьныя гісторыі. Гэта ж як трэба было пераканацца ў тым, што матэматыка не спатрэбіцца ў жыцці, каб быць гатовай на ўсё, абы толькі не прысутнічаць на гэтым уроку! Цяпер смешна і сорамна ўспамінаць тую сваю бязмежную фантазію.

СМЕШНЫ ВЫПАДАК

Урок матэматыкі ў мяне вяла класны кіраўнік Соф`я Мікалаеўна Кардаш – строгая, але вельмі справядлівая. Яна ўмела адным поглядам супакоіць на ўроку самых непаседлівых. Я ж па прыродзе сваёй была вельмі смяшліваю, і не раз мяне з сяброўкаю Надзеяй Мініч адпраўлялі ў калідор, хоць гэта мала нам дапамагала. А на ўроках Соф`і Мікалаеўны я заціхала, як мышка.

Па раскладзе чамусьці заўсёды ўрокі матэматыкі былі трэцімі ці чацвёртымі па парадку. Клас наш размяшчаўся на трэцім паверсе ў кутку, і к чацвёртаму ўроку сонца пякло нясцерпна, а ў мяне пачынала працаваць фантазія: раптам хапала балець галава, і мяне пад белы ручкі вялі дадому; калі стаяў холад, боль перамяшчаўся на ногі, зубы, жывот, у ход ішоў тэрмометр з зубною пастай і многае іншае – не буду пералічваць усё, каб не спакушаць сённяшніх вучняў, у тым ліку і маіх унукаў.

Не скажу, што мяне не мучыла сумленне, але я запіхвала гэтае пачуццё недзе на задворкі сваёй памяці і старанна выкладвалася на другіх прадметах, удзельнічала ў агітбрыгадзе (мы выступалі з канцэртамі на фермах і ў палявых брыгадах). Маючы добрую дыкцыю, я не раз адстойвала гонар школы на раённых мерапрыемствах, а за сачыненне на вольную тэму атрымала першае месца ў вобласці, хаця была ў школе звычайным серадняком.

Сёння я ўпэўнена, што наша Соф`я Мікалаеўна даўно мяне раскусіла, проста, мабыць, яна зразумела, што матэматыка – гэта не маё. Але ні разу мая настаўніца не папракнула мяне за паводзіны, бо, лічу, была тактоўнай і чулай. Яна старалася не толькі данесці да нас свой любімы прадмет, але часта вяла з намі шчырыя размовы пра сэнс жыцця і паводзіны (у нашым класе было 25 дзяўчат і пяць хлопцаў, на якіх мы ўжо пачыналі з цікавасцю паглядаць), была з намі ўважлівай, цярплівай, ведала пра кожнага з нас абсалютна ўсё, бо мы ж жылі ў вёсцы. Соф`я Мікалаеўна любіла гумар, і дагэтуль помняцца яе прымаўкі і выслоўі «Куравыя вочы дыму не баяцца», «Нарадзілася цяля з лапінкай, з ёй і памрэ»...

НАСТАЎНІК – НАДЗЕЙНЫ ПАМОЧНІК

Цяпер я часта бачу сваю былую настаўніцу. Яна ўжо старэнькая, ёй 85 гадоў. Настаўніца і цяпер дапамагае сваім унучатым пляменнікам рашаць матэматычныя задачкі. Мы часта вядзём з ёй размову пра мінулае, успамінаем маіх аднакласнікаў. І вось што ўражвае: у яе і цяпер ёсць жывы погляд на жыццё, яна помніць кожнага з нас, нашы звычкі, густы. Але я чамусьці і сёння не магу прызнацца ёй у колішняй сваёй мане, бо як бы гэта правільней ні называць, усё роўна гэта быў падман.

Соф`я Мікалаеўна на сённяшні дзень мае слабае здароўе і на мае пытанні пра балячкі яна прызналася, што ў яе нейкі непарадак з адным вокам. Яна расказала анекдот, як адна старая бабуля пажалілася доктару на боль у левай назе. Той, развёўшы рукамі, абвінаваціў яе ўзрост – 80 гадоў усё-такі. Бабулька ж адказала яму, што і правай назе 80, але ж яна не баліць. Так што жарты заўсёды пры ёй.

ЧАЛАВЕК ЖЫВЕ, ПАКУЛЬ ЖЫВЕ ПАМЯЦЬ ПРА ЯГО

Неяк на вечары сустрэчы выпускнікоў нам задалі пытанне, на каго б з былых настаўнікаў мы хацелі быць падобнымі. Усе адзначылі нашага класнага кіраўніка Соф`ю Мікалаеўну. Ці не гэта і ёсць самая вялікая пахвала і прызнанне яе заслуг? Дарэчы, мая старэйшая дачка Надзея працуе настаўніцай матэматыкі менавіта ў Агарэвіцкай школе.

Карыстаючыся магчымасцю, цераз вашу газету хачу падзякаваць нашым настаўнікам: выкладчыцы рускай мовы Святлане Рыгораўне Чарняўскай, настаўніку беларускай мовы Уладзіміру Сяргеевічу Цімошаку, настаўнікам фізікі Васілію Антонавічу Зайцу і Хрысціне Іосіфаўне Шкут, выкладчыку гісторыі Уладзіміру Міхайлавічу Саяпіну, настаўніку гісторыі, дырэктару школы Іосіфу Нікіфаравічу Новіку. Жыве ў нашай памяці і першая настаўніца Вера Іванаўна Супрун, якой ужо няма сярод жывых. Дзякуй ім усім за веды, якія далі нам, сваім вучням, і за тое, што мы сталі самастойнымі і ўладкаванымі ў жыцці людзьмі.

Чым больш я жыву на гэтым свеце, тым больш разумею і ўсведамляю цяжкасць і адначасова пачэснасць працы настаўніка. Яны звычайныя людзі, як і мы, у іх свае сем`і, свае радасць і боль, але настаўнік не мае маральнага права быць слабым і бездапаможным. І вялікае для іх у жыцці шчасце, калі ўдзячныя вучні і іх бацькі памятаюць пра іх.

Из рубрики
comments powered by HyperComments