weather

USD 2.0511

EURO 2.2768

RUR(100) 3.1859

search

Як у Ганцавічах гадуюць будучых паэтаў

Ужо 40 гадоў на базе раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці дзейнічае літаратурнае аб`яднанне «Верасок», удзельнікамі якога з`яўляюцца юныя паэты Ганцаўшчыны.

Фото: Анатоль Ціхан

А бярэ свой пачатак гэтае аб`яднанне ў далёкім 1978 годзе. Першым кіраўніком аб`яднання была Паляшчук Вера Уладзіміраўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Востраўскай сярэдняй школы, выдатнік народнай адукацыі БССР, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь,чалавек, прасякнуты любоўю да сваёй Радзімы, Бацькаўшчыны, якая пісала вершы і аб`яднала вакол сябе прыхільнікаў паэзіі.

Дзякуючы Веры Уладзіміраўне Паляшчук літаратурнае аб`яднанне «Верасок» Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці ў 1996 годзе атрымала ганаровае званне «Узорны».

На жаль, Веры Уладзіміраўны ў 2006 годзе не стала, але яе «Верасок»  жыве і сёння.

Фото: Анатоль Ціхан

Пэўна,  няма чалавека, у  сэрцы  якога хтосьці не пакінуў бы добры след. Мне ў жыцці пашчасціла сустрэцца з Верай Уладзіміраўнай Паляшчук  у той далёкі 1986 год на раённым пасяджэнні настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. І з гэтага года мы сустракаліся  вельмі часта. Чым уразіла пры першай сустрэчы Вера Уладзіміраўна? А тым, што пасля заканчэння пасяджэння яна адразу склала  цудоўны верш пра нашу сустрэчу. Пасля Вера Уладзіміраўна прысвяціла  верш нам, сваім калегам, настаўнікам роднай мовы. Радкі якога я помню і зараз:

Даверам Вашым даражу,

Спагадай Вашай і пяшчотай.

Я з гэтым усім даўно жыву,

Дзялюся радасцю і самотай.

 

Жыццё маё на існаванне

Без Вас падобнае было б.

Нібы агеньчык у тумане,

Я бачу Вашае святло.

 

Ёсць людзі, пра якіх кажуць:  «Таленавіты чалавек». Дык вось пра Веру Уладзіміраўну так сказаць мала. Яна не проста таленавіты  чалавек. Гэта настаўнік-прафесіянал, які  свой талент і любоў да роднай мовы перадавала сваім вучням і выгадавала  не адно пакаленне настаўнікаў роднай мовы і літаратуры. А сваім  паэтычным  словам Вера Уладзіміраўна захапіла  юных паэтаў, стварыўшы ў тым далёкім 1978 годзе літаратурнае аб`яднанне «Верасок»,  якое  жыве і сёння. Таму пратаптанай ёю ў паэзію  сцяжынкай  ёсць каму ісці і сёння. Насенне, якое яна пасеяла, прарастае.

Дык якая ж яна, Вера Уладзіміраўна Паляшчук?

Настаўнік ад бога, паэтка-рамантык, вершы якой, акрыленыя  чысцінёй і мудрасцю, жывуць і будуць  жыць у сэрцах  яе вучняў і людзей,  у якіх Вера Уладзіміраўна пакінула добры след.

Работа літаратурнага аб`яднання не абмяжоўваецца толькі напісаннем вершаў. Яны ўдзельнічаюць у розных паэтычных конкурсах  раённага,  абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, сустракаюцца з пісьменнікамі, прымаюць удзел у мерапрыемствах, што ладзяцца ў раёне. Вераскоўцамі сабраны багаты матэрыял аб Веры Уладзіміраўне Паляшчук і жыццёвым і творчым шляху літаратараў Ганцаўшчыны. Акрамя гэтага, удзельнікі літаратурнага аб`яднання «Верасок» двойчы былі героямі  Брэсцкай абласной праграмы «Край» з Міколам Пракаповічам.

Штогод вераскоўцы выдаюць зборнік сваіх вершаў, тэматыка якіх разнастайная. Кожны радок вершаў прасякнуты чыстымі пачуццямі. Чытаючы вершы «вераскоўцаў», захапляешся іх мілагучнасцю. Таму што рабяты ўкладваюць у  верш часцінку сябе, сваёй душы. Многія вершы вераскоўцаў пакладзены на музыку і гэтыя цудоўныя песні ўжо неаднойчы гучалі на раённых святах і вечарынах.  Яны перыядычна друкуюцца ў раённай i абласной газетах, часопісах «Вясёлка» і «Маладосць».

Вераскоўцы, здавалася б, нічым не адрозніваюцца ад іншых школьнікаў, але  праз свае вершы яны  адлюстроўваюць любоў да малой радзімы.

Фото: Анатоль Ціхан

І зусім не важна, што сярод  некалькіх пакаленняў гурткоўцаў няма прафесійных паэтаў. Затое ёсць настаўнікі і проста добрыя людзі, якія любяць сваю радзіму, свой родны дом, сваіх родных і школу. І гэта самае  галоўнае.

Валянціна Мурашка, педагог дадатковай адукацыi ДУА «Ганцавцкi раённы цэнтр  дзiцячай i юнацкай творчасцi».

Першы рад — злева направа Шэпялевіч Лізавета, Руднікевич Аляксандра, Турко Валерыя, Кандратовіч Аляксандра. Другиі рад: Новік Даніла, Псышчаніца Крысціна, Сенюковіч Марына, выкладчык Мурашка Валянціна Адамаўна
Першы рад — злева направа Шэпялевіч Лізавета, Руднікевич Аляксандра, Турко Валерыя, Кандратовіч Аляксандра. Другиі рад: Новік Даніла, Псышчаніца Крысціна, Сенюковіч Марына, выкладчык Мурашка Валянціна Адамаўна / Фото: Анатоль Ціхан

Вашай увазе падборка вершаў юных паэтаў Ганцаўшчыны:

Ганцавічы

Прыгожы горад у Беларусі,

Люблю яго, ім ганаруся.

Тут школа родная, сям`я,

Матуля, бацька, сябры, я.

 

Тут светла сэрцу і чароўна.

Любоў узнікла не раптоўна.

Тут нарадзіліся бацькі.

Праходзяць тут мае дзянькі.

 

Тут можна бегаць і смяяцца,

Прыгожай прыродай захапляцца.

Мне даражэй няма на свеце

Усяго, што звязана з табой,

Горад Ганцавічы мой!

Анастасія Шапялевіч,

ДУА «Гімназія г. Ганцавічы»

 

Мой горад

Мой горад – душа мая.

Мой горад – сляза мая.

Мой горад – любоў мая.

Ганцавічы – калыска мая.

 

Мой горад невялічкі і прыгожы,

А па ўзросце надта ж малады.

Шумяць на вуліцах бярозы,

Варкуюць дружна галубы.

 

Мой горад ціхі і гасцінны,

Тут добра і ўтульна жыць,

Праводзіць вольныя часіны,

З сябрамі пець і гаманіць.

 

Мой горад заўжды цябе прыме,

Пяшчотай, цяплом ахіне.

Ты ў горадзе будзеш шчаслівы,

Тут поспех цябе не міне.

 

Мой горад любіць толькі трэба

Усім сэрцам і шчырай душой.

Тут блакітнейшым бачыцца неба

І раніцы пахнуць расой.

Канановіч Паліна,

ДУА»Сярэдняя школа № 2 г. Ганцавічы»

 

Мой родны куток

Там, дзе над горадам бусел лятае,

Там, дзе шуміць паўнаводная Цна,

Раніцай сонейка ўсіх нас вітае,

Тут мае дзяды жылі здаўна.

 

Ганцавічы – куточак родны мой,

Мясціны лепш няма другой!

Шапялевіч Лізавета,

ДУА «Гімназія г. Ганцавічы»

 

***

Мая маленькая радзіма

Ты ў сэрцы будзеш назаўжды,

Ганцаўшчына мая любіма,

Жыві, жыві, жыві…

 

Жыві, квітней і маладзей

І з кожным годам прыгажэй.

Хай свеціць сонца над табой,

Мой родны горад — мой герой!

Наумік Лізавета,

ДУА «Хатыніцкая СШ»


Мой горад

Я ад дзядоў сваіх пачуў,

Якія тут жылі здаўна,

Што ў Беларусі шмат рачулак,

А ў нас цячэ сястра іх – Цна.

 

Вакол яе былі балоты,

Па ўскрайку іх раслі лясы.

Жылося добра тут чароту,

Вусатаму, бы каласы.

 

Аднойчы ранняю вясною

Ляцелі з выраю буслы.

Яны размову між сабою

Аб тым, дзе жыць, даўно вялі.

 

Паспалі крыху, усталі зранку

І прыняліся разважаць,

Што можна тут зрабіць буслянку,

Каб сваіх дзетак гадаваць.

 

Пазней жыць сталі ля іх людзі,

Дзяцей люляючы ўначы.

І з таго часу сонца будзіць

Наш любы горад–Ганцавічы.

Зажэка Мацвей,

ДУА «Сярэдняя школа №1  г.Ганцавічы»

 

Герб города Ганцевичи

Два серебристых журавля,

Парящие в высоком небе, —

Чудесный символ. Для меня –

в нём весь наш край в раздольном беге.

 

По воле русского царя

Лёг путь железный сквозь болота.

И город встал. Взошла заря,

Распахивая в мир ворота.

 

Бросая в будущее взгляд,

В дали туманной вижу я

Зелёный царственный наряд

Лесов твоих, моя земля.

 

Пусть птичьи голоса звенят,

Родная милая земля!

Пусть вечно над тобой летят

Два серебристых журавля!

Черняева Анна,

ГУО «Средняя школа № 2 г. Ганцевичи»

 

***

Свой горад я вельмі люблю,

Даражэй яго няма на свеце.

Няхай квітнее і расце

Самы лепшы горад на планеце!

Сенюковіч Марына,

ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Ганцавічы»

***

Кожнага з  нас  вядзе дарога

У нязведаны  далёкі  край.

Ды не забудзь  свайго  парога,

Хоць на чужыне будзе рай.

Сенюковіч Марына,

ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Ганцавічы»

comments powered by HyperComments
Из рубрики