weather

USD 2.0309

EURO 2.2847

RUR(100) 3.2347

search

Чудзінская школа пад знешнім і ўнутраным кантролем

Інфармацыя на некалькіх лістах з фактамі парушэнняў у Чудзінскай школе прыйшла ў рэдакцыю “ГЧ”, і, як стала вядома, падобныя звесткі былі накіраваныя ў пракуратуру Ганцавіцкага раёна. Аўтар лічыць, што скажэнні ў школьных журналах, за якія налічваюцца грошы, маюць складнікі карупцыйных праяўленняў.

 Інфармацыя з фактамі парушэнняў у Чудзінскай школе прыйшла ў рэдакцыю “ГЧ”
Інфармацыя з фактамі парушэнняў у Чудзінскай школе прыйшла ў рэдакцыю “ГЧ”

Аднак адміністрацыя школы і настаўнікі абвінавачванні ананіма лічаць беспадстаўнымі. Маецца шмат розных фактаў з падрабязнасцямі. Але складнікамі парушэнняў займацца павінны іншыя органы.

У некага ўзнікне пытанне, чаму гэтую тэму публікуе “ГЧ”, бо, па сутнасці, ананімку можна і не разглядаць. Адказ просты: трэба азірнуцца і паглядзець, з аднаго боку, а ці ўсё робіцца ва ўстанове па правілах і нормах, якія устаноўлены заканадаўствам, а з другога – якая існуе атмасфера ў калектыве, як жыць і працаваць, калі сярод настаўнікаў ёсць відавочнае супрацьстаянне, незадаволенасць, а магчыма, існуе і асабістая непрыязнь?

У асяроддзі, дзе калектыў выхоўвае і навучае дзяцей, гэта вельмі дрэнны знак. Хоць і балюча, але замоўчваць такія факты нельга. Відавочна (і настаўнікі Чудзінскай школы, з якімі пагаварыў аўтар артыкула, так лічаць), што аўтар ананімнага звароту – чалавек, які мае дачыненне да спраў у школе і адсочвае, фіксуе сітуацыю.

У дасланым пісьме цэлы спіс розных фактаў з указаннем прозвішчаў настаўнікаў, канкрэтныя даты і тлумачэнні, чаму ананімны аўтар іх лічыць парушэннямі. І што гэта сітуацыя склалася пры новым дырэктары школы. Пра што ж піша аўтар непадпісанага пісьма? Прывядзём некалькі прыкладаў.

Упамінаецца, што 18 сакавіка 2019 года дырэктар школы Валянціна Сергіеня на працы адсутнічала, бо ў той дзень яна ездзіла на экскурсію з дзецьмі ў Мінск, а з ёю яшчэ чатыры настаўнікі, якія павінны былі праводзіць заняткі. Аднак у журнале адзначана, што ўрокі праводзіліся, за іх, напэўна, выплачвалася зарплата.

“Але ж як маглі прайсці заняткі, калі настаўніцы былі ў Мінску?” – задаецца пытаннем аўтар.

Да таго ж, у двух настаўніц было яшчэ і навучанне на даму. Па дакументах гэтыя ўрокі таксама праведзены. Журнал рэгістрацыі замен, які быў заведзены 1-га верасня 2018 года, скончыўся 14 сакавіка 2019 года. Заведзены новы журнал.

“Гэта вельмі важны дакумент, які дырэктар пастараецца схаваць, бо і новы знаходзіцца і выдаецца толькі для запісу замен. Пры нармальнай адміністрацыі ён павінен захоўвацца ў настаўніцкай. І калі яго хаваюць, значыць, ёсць што хаваць”.

Аўтар ананімнага пісьма паведамляе, што калі праверыць класныя журналы, дзе вядуцца запісы стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў, асабліва ў 7-11 класах, то можна выявіць шмат прыпісак, дзе заняткі не праводзіліся, а грошы налічваліся. Адзін з прыкладаў, што 11 лютага 2019 года настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Марыя Васільеўна Дулік правяла два такія ўрокі ў 9 класе і адзін у 8 класе. Але яна іх не праводзіла, бо ў той дзень у гэтых класах было па 7 урокаў, што пацвярджае расклад заняткаў.

Настаўніца патлумачыла “ГЧ”, што гэта інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Па яе словах, яна зараз не памятае дакладна, што там было 11 лютага. Але тое, што было сем урокаў, не азначае, што заняткі не праводзіліся.

“За 35 гадоў працы я ніводнага разу не запісала ў журнал урока, якога не правяла”, – гаворыць Марыя Васільеўна.

Упамінаецца таксама прозвішча настаўніцы Соф’і Адамаўны Зялёнка, якая вядзе прадметы па абслугоўваючай працы ў 5-9 класах і фізіку ў 11 класе.

“Фактычна ўрокі праводзіць у панядзелак, хоць у раскладзе яны павінны праводзіцца ў панядзелак і сераду. Але ў сераду яна не прыязджае”, – пішацца ў паведамленні.

«Сорак пяць гадоў я працую ў школе, выкладала фізіку, і за вось пасля столькіх гадоў працы непрыемна чуць, што нехта з калег мае да мяне нейкія прэтэнзіі. Я адкажу так: заняткі, якія запісаны ў журналах, я правяла ўсе без выключэння. Сумленне маё чыстае, і кожны рубель я зарабіла сваёй працай, – адказала Соф’я Адамаўна. – Не люблю я скардзіцца, але як у адным вершы пішацца: «Я цярплю-цярплю, трываю, але хутка загукаю...».

Па словах Соф’і Зялёнка, можна апытаць дзяцей, якіх яна навучала і якія не будуць ілгаць і прыдумваць, праводзіліся заняткі ці не: нават калі гэта было не ў той дзень, усе ўрокі праводзіліся. Але не толькі пра настаўнікаў піша невядомы аўтар. Маюцца там і іншыя звесткі.

Напрыклад, што ў школе ёсць шэсць прыбіральшчыц службовых памяшканняў. Норма на кожную – 500 м кв., а на самай справе прыбіраецца не больш паловы нормы. Спартзал мыецца адзін раз у дзень, ніякіх вільготных уборак паміж урокамі і пасля ўрокаў перад заняткамі спартыўных секцый не праводзіцца, а не два-тры разы, як гэта пішуць у справаздачах. Актавая зала прыбіраецца ўвогуле два разы на месяц…

Патлумачыць сітуацыю, у чым прычына, што нехта з калектыву школы рассылае ананімна звесткі ў праваахоўныя органы і СМІ, аўтар папрасіў дырэктара Чудзінскай СШ Валянціну Сергіеню. Яна адказала, што адмаўляецца каментаваць і патлумачыла чаму.

“Пётр Паўлавіч, калі вы лічыце, што ў тых фактах ёсць штосьці супрацьзаконнае, то вы ж ведаеце, куды гэта накіраваць… Няхай пракуратура разбіраецца, – сказала па тэлефоне Валянціна Мікалаеўна. – Гэта ананімка, і гэтым усё сказана. Калі б чалавек падпісаўся сваім прозвішчам, то можна было б адказваць. А так... няхай правяраюць. Я на пасадзе дырэктара працую менш за год, і каб інфармацыя, якую там падае ананім, была праўдай, то я ўжо не працавала б. Увогуле я працую ў школе з 1997 года і даражу сваёй працай, – сказала Валянціна Сергіеня. – Мяне ведаюць у вёсцы, ведаюць маю сям’ю… У нас была не адна праверка бухгалтэрыі, ніякіх парушэнняў не было.”

Паразмаўляў аўтар артыкула і з іншымі настаўнікамі. Любоў Бубнова, настаўнік біялогіі, якая амаль 40 гадоў працуе настаўнікам, адказала па телефоне, што ёй вельмі непрыемна, што ў калектыве ёсць ананім. Па яе словах, дырэктар школы Валянціна Сергіеня за год працы зрабіла вельмі шмат у арганізацыі навучальнага працэсу, у падтрыманні матэрыяльнай базы і стану школы, у падтрыманні здаровага клімату ў калектыве.

“Хоць у школе ўсяго шэсць дзясяткаў дзяцей, але сярод іх шмат таленавітых, і таму ёсць дасягненні у спаборніцтвах, розных конкурсах – а гэта заслуга ў тым ліку і дырэктара. Гэта не толькі мая думка, але і маіх калег. Несправяліва падазраваць у тым, чаго на самой справе няма”, – сказала Любоў Фёдараўна.

Пакуль нельга рабіць нейкіх высноваў, акрамя таго, што падобная сітуацыя яўна не спрыяе лепшым умовам працы і адносінам у калектыве. Чым закончыцца справа і якімі будуць вынікі праверкі, якую правядуць, мы паведамім пазней.

Из рубрики