weather

USD 2.546

EURO 3.0173

RUR(100) 3.3034

search

Як беларуская мова прысутнічае ў царкоўным жыцці Ганцаўшчыны

Кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Больш за тры тысячы моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення. З гэтай нагоды міжнародны фонд UNESCO і абвясціў моўны дзень — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі яе носьбіты. 

 Францыск Скарына: Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. 
Францыск Скарына: Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. 

Беларуская мова — мова нашага амаль дзесяцімільённага народа. Гэта мова, на якой прымаліся старажытныя  дзяржаўныя Законы. Мова, на якой звярталіся да Бога і на якой друкавалася ў XVI стагоддзі адна з першых у Еўропе Біблій . Мова, на якой прызнаваліся ў каханні і адстойвалі незалежнасць і свабоду сваёй Радзімы. Мова, на якой размаўляе пасляваенная беларуская дыяспара за акіянам і яшчэ пакуль жывая, але гінучая вёска.

На жаль, беларуская мова паступова знікае з нашых навучальных устаноў. У школьнай праграме зараз больш увагі надаецца замежным мовам, чым роднай. Хоць мы, беларусы, ведаем сваю мову, але мала размаўляем на ёй, разменьваючы нацыянальную свядомасць і памяць на больш прагматычныя і матэрыяльныя рэчы.

Як глядзіць на моўнае пытанне сённяшняя царква і як моўная сітуацыя адлюстроўваецца ў рэлігійным асяроддзі сённяшняй Беларусі? Пра гэта рэдакцыя “ГЧ”  вырашыла даведацца, задаўшы некалькі пытанняў святарам розных цэркваў і дэнамінацый ганцавіцкага раёна.

Пытанні:

Як ваша царква ставіцца да беларускамоўных набажэнстваў?

Як вы самі ставіцеся да беларускай мовы?

Вашы любімыя беларускія пісьменнікі?

 

Святар Свята-Ціханаўскага храма Віталь Усцімчук:

Святар Свята-Ціханаўскага храма Віталь Усцімчук
Святар Свята-Ціханаўскага храма Віталь Усцімчук / Фото: Ganc.chas@gmail.com

—У Мінску ёсць храмы, дзе адбываюцца літургіі на беларускай мове. Гэта храм Пятра і Паўла і акадэмічны храм святога Кірыла Тураўскага. Я сам, з’яўляючыся дыяканам, два разы быў удзельнікам набажэнства па беларуску ў акадэмічным храме.

 Хацеў бы прывесці словы мітрапаліта Паўла: «Да мяне звярталіся беларускамоўныя вернікі з просьбай даць магчымасць здзяйсняць набажэнствы на беларускай мове. Я ім прапанаваў выбраць любы храм. Таксама было прапанавана здзяйсняць беларускамоўныя набажэнствы хоць кожны дзень. На што мне адказалі, што кожны дзень вернікі не маюць магчымасці хадзіць на службы. Раз на тыдзень таксама ніхто не пагадзіўся. Аказалася, што не так шмат жадаючых памаліцца на беларускай мове. Але тыя, хто хоча, маюць такую магчымасць».

Пры гэтым існуе адна вялікая праблема, бо мала хто разумее і размаўляе на беларускай мове. І перш чым праводзіць службы на беларускай мове, людзям неабходна вывучыць мову і пачаць вольна на ёй размаўляць. Для пачатку можна ўвесці практыку, якую прапанаваў патрыярх Кірыл на Епархіяльным сходзе ў Маскве 20 снежня 2019 года ў сувязі з жаданнем некаторых вернікаў ужываць рускую мову ў набажэнствах. Ён зазначыў: «Таксама мяркую магчымым, каб там, дзе абшчыны да гэтага гатовыя, апостальскія і парэмійныя чытання, якія больш складаныя для разумення, гучалі на рускай мове. Тое ж тычыцца чытання Евангелля пры здзяйсненні трэбаў і пры чытанні ўсяго тэксту Чацвёраевангелля на Страснай сядміцы, якое на практыцы нярэдка размяркоўваецца на ўвесь Вялікі пост».

У апостальскія часы, пасля ўзнясення Ісуса Хрыста, калі Святы Дух сыйшоў на апосталаў (Дзень Святой Тройцы), можна ўбачыць, што вучні Хрыста пачалі абвяшчаць вучэнне Госпада на розных мовах для людзей, якія прыйшлі з розных частак Рымскай імперыі.

 Сам да беларускай мовы стаўлюся з любоўю і вялікай павагай. Чаму? Па-першае, таму што гэта родная мова нашага народа, а па-другое, я вучыўся ў беларускамоўнай школе. Беларускай мовай штодзённа не карыстаюся, таму мова забываецца.

У мяне няма любімых пісьменнікаў, так як некаторыя творы  беларускіх аўтараў мне падабаюцца, а некаторыя не. З прачытанага мне даспадобы «Людзі на балоце» Івана Мележа і «На ростанях» Якуба Коласа.

 

Пробашч касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі

ў горадзе Ганцавічы ксёндз-доктар Ян Саламон:

Пробашч касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Ганцавічы ксёндз-доктар Ян Саламон
Пробашч касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Ганцавічы ксёндз-доктар Ян Саламон

— Каталіцкая царква заўсёды з’яўлялася каталізатарам нацыянальнага абуджэння і фарміравання нацыянальнай свядомасці народаў у розных краінах свету. Пры гэтым да XX стагоддзя ў касцёле на богаслужэбных практыках выкарыстоўвалася лацінская мова. Хаця другасныя набажэнствы і малітвы гучалі на мовах на якіх размаўлялі штодзённа людзі.

У 1962 пачаўся ІІ Ватыканскі Сабор, які шмат што змяніў. У прыватнасці ён пастанавіў выкарыстанне нацыянальных моў падчас усіх набажэнстваў.  Але тут ёсць два падыходы. Першы гучыць так: літургія – гэта містэрыя, тайна, прыгажосць, дзе чалавек можа ўсяго не разумець, але прымаць верай розныя дзеянні. На гэта ва ўсе часы робіць акцэнт, для прыкладу, праваслаўная царква.

Другі падыход такі: рэлігія павінна ўвасабляцца ў жыццё. Таму важна, каб людзі разумелі, што адбываецца падчас набажэнстваў. ІІ Ватыканскі Сабор абвясціў, што літургія павінна быць зразумелай. Таму пасля Сабору набажэнствы адбываюцца на мовах тых народаў, дзе знаходзіцца касцёл. У нашым касцёле кожная нядзельная імша ў 11:30 і вячэрнія імшы ў будзённыя дні праводзяцца на беларускай мове.

Мая родная мова — польская. Добра ведаю рускую мову. Беларускую мову разумею, магу чытаць, але не размаўляю. Мяне здзіўляе, што беларусы не ведаюць сваёй мовы і не карыстаюцца ёй.

 Не так даўно я набыў дыск з запісам “Новай зямлі” Якуба Коласа. Слухаю беларускага класіка ў дарозе, калі куды-небудзь еду на машыне. Мне падабаецца Колас і напісаная ім паэма.

 

Іван Варабей, пастар царквы веры евангельскай (пяцідзесятнікаў)

 “Дом хлеба”  в. Агарэвічы:

Іван Варабей, пастар царквы веры евангельскай (пяцідзесятнікаў) “Дом хлеба”  в. Агарэвічы
Іван Варабей, пастар царквы веры евангельскай (пяцідзесятнікаў) “Дом хлеба”  в. Агарэвічы

—На якой мове мы размаўляем, на такой і прапаведуем. Такой мовай можа быць і “трасянка” — наша штодзённая мова. Галоўнае, каб да чалавека данесці Евангельскую вестку зразумелым яму чынам. Для амерыканца трэба прапаведаваць па англійску, для немцаў — па нямецку, для рускіх — па руску.

На сённяшні дзень, каб прапаведаваць на беларуска мове, для кагосьці патрэбен перакладчык.

Да беларускамоўных набажэнстваў сам стаўлюся станоўча.  Некаторыя спевы падчас нашых сходаў спяваем на мове. Літаратуру чытаю толькі духоўную і ў інтэрнэце. Беларускіх пісьменнікаў ведаю, але даўно не чытаў.

Акрамя рускай і беларускай мовы, разумею украінскую, польскую і нямецкую мовы.

 

Валянцін Прышчэпа, пастар царквы

хрысціян веры евангельскай (пяцідзесятнікаў) “Сілаам” г. Ганцавічы:

Валянцін Прышчэпа, пастар царквы хрысціян веры евангельскай (пяцідзесятнікаў) “Сілаам” г. Ганцавічы
Валянцін Прышчэпа, пастар царквы хрысціян веры евангельскай (пяцідзесятнікаў) “Сілаам” г. Ганцавічы

—Да беларускай мовы стаўлюся станоўча. Мова паслужыла для таго, каб была  свядомасць і незалежнасць у нашай краіне. Таму мову важна захаваць і размаўляць на ёй.

Дарэчы першай друкаванай беларускай кнігай была Біблія Францыска Скарыны, якую асветнік з Полацка друкаваў у 1517 годзе, што было значна раней, чым у большасці іншых еўрапейскіх народаў. З дзейнасцю Скарыны Слова Божае на роднай мове стала даступным для ўсіх людзей. Разам з Бібліяй прыйшоў “Залаты век” на тагачасную Беларусь і Вялікае Княства Літоўскае. Пачаўся культурны росквіт і духоўнае абуджэнне народа.

Што датычыцца сённяшняга часу, то евангельскія цэрквы нармальна ставяцца да мовы, бо гэта дзяржаўная мова нашага народа. Ёсць некаторыя цэрквы нашай плыні, дзе набажэнствы цалкам праводзяцца на беларускай мове. Такія цэрквы існуюць у Мінску, бо там заўсёды збіраецца пэўная колькасць людзей для таго, каб спяваць, маліцца, слухаць пропаведзь менавіта на мове.

У нашай царкве набажэнства праходзіць  на рускай мове. Па беларуску спяваем некаторыя спевы, чытаем вершы. Але ніхто не супраць беларускай мовы, бо мовы — гэта дар ад Бога.

Калі паглядзець у Біблію, то мы бачым, што да сусветнага патопа была адна мова ва ўсіх людзей. Аднойчы насельнікі зямлі захацелі зрабіць сабе слаўнае імя, сказаўшы, што будуць будаваць горад і вежу да нябёс. Але Бог зруйнаваў чалавечую задуму, рассеяўшы людзей і даўшы ім розныя мовы, каб яны не разумелі адзін аднаго. Сітуацыя змянілася падчас Пяцідзесятніцы, калі мовы сталі дабраслаўленнем і апосталы Ісуса Хрыста загаварылі аб Збавіцеле на мовах народаў, якія сабраліся ў Ерусаліме.

Беларускія пісьменнікі і паэты шмат зрабілі для папулярызацыі беларускай мовы і культуры не толькі ў Беларусі, але і па за яе межамі. Мне падабаецца Кандрат Крапіва, Якуб Колас, Наталля Арсеннева, ганцаўчанін Аляксандр Сергіеня. Дарэчы верш Наталлі Арсенневай “Магутны Божа” у 90-ыя гады разглядаўся, як гімн новай постсавецкай Беларусі. Сучасная аўтарка Надзея Гарэцкая таксама прыгожа піша:

Табе кажу, Вялікі Божа,

І прагну я, каб гэты люд,

Знайшоў адказ і знаў,

Хто можа пазбавіць

Сэрдца ад пакут.

Нам трэба паважаць і любіць сваю спадчыну!

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики