weather

USD 2.5402

EURO 3.0046

RUR(100) 3.3226

search

Кіраўнік ганцаўскага ансамблю народнай песні “Запавет” - пра любоў да спеваў, музыкі і фаер шоў

Анастасія Пупейка — вельмі творчы і паспяховы чалавек. Яна працуе ў гарадскім Доме культуры і ўзначальвае ансамбль народнай песні “Запавет”, які часта прысутнічае на розных мерапрыемствах і канцэртных праграмах у раёне. Аб песнях, калектыве і асабістай творчай занятасці наша размова з Анастасіяй.

—Анастасія, з чаго пачалася ваша любоў да спеваў і музыкі?

—Калі мне было шэсць год, да бацькоў патэлефанавалі з Клецкай музычнай школы з прапановай, каб мяне аддалі ў клас скрыпкі. Паралельна са скрыпкай я пачала спяваць у дзіцячым калектыве “Дзянніца”.

Любоў да музыкі з’явілася пад уплывам маёй настаўніцы па скрыпцы, бо мае бацькі не музыканты, але тата ў маладосці быў творчым чалавекам, спяваў у хоры. Відаць я ў яго, бо і знешне і ўнутрана я татава дачка.

Сем гадоў я навучалася ў музычнай школе, а потым яшчэ два гады рыхтавалася да паступлення ў Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж. І зараз амаль штодзень спяваю, рэпецірую, граю.

Выступ
Выступ

—Распавядзіце, калі ласка, пра ваш калектыў?

—Наш ансамбль “Запавет” утварыўся ад хора народнай песні ў 2016 годзе. Калектыў у нас даволі разнастайны. Узроставы дыяпазон удзельнікаў калектыву розны. Самаму малодшаму — дваццаць пяць год, а старэйшаму — шэсцьдзесят сем.

Выконваем розны рэпертуар  — беларускія і рускія народныя песні як самабытныя так і ў апрацоўцы. Таксама спяваем песні на словы мясцовых паэтаў Міхася Рудкоўскага і Аляксея Галаскока.

Песня на верш Рудкоўскага “Запавет” — візітная картка нашага калектыва. Так сталася, што менавіта яна стала першай ў нашым рэпертуары. Калегіяльна ўдзельнікі і пастанавілі даць назву калектыву “Запавет”.

—Анастасія, кім з’яўляюцца ўдзельнікі калектыву ў жыцці?

—Гэта ўлюблёныя ў песню людзі, якія жадаюць спяваць на сцэне. Мы збіраемся тры разы на тыдзень у вольны для працуючых людзей час. У калектыве ёсць фармацэўт, банкаўскі работнік, хатняя гаспадыня, некаторыя мужчыны працуюць на камбінаце панэльнага будавання і інш. Акрамя таго, як і я сама, у калектыве ёсць людзі, якія з’яўляюцца непасрэдна работнікамі культуры.

З калектывам мы аб’ездзілі ўсе вёскі Ганцавіцкага раёна. Нават самыя далёкія, такія як  Чудзін, Бучына і Раздзялавічы. Былі ў Ляхавічах на свяце “Дажынак”.

—Раскажыце, чым займаецеся яшчэ?

Анастасія спявае
Анастасія спявае

—Акрамя любімага “Запавету” я ўзначальваю народную эстрадную студыю “Правінцыя”.  Яна мае званне Народная і ў ёй мы спяваем як сольна, так і дуэтамі, трыа, квартэтамі. Ні воднага гарадскога мерапрыемства не абыходзіцца без удзелу эстраднай студыі.

Таксама на базе “Правінцыі” існуе дзіцячы калектыў “Спадарожнік” (“Спутник”), дзе я бяру непасрэдны ўдзел. У ім расце больш дарослы калектыў, які называецца “Кропелька” (“Капелька”). Узроставы дыяпазон абодвух калектываў ад шасці да сямнаццаці год. Мне і самой хочацца творчасці і ўласнага развіцця.

Па меры сіл і магчымасцей удзельнічаю і ў іншых праектах. Ведаеце, у нас няма такога меркавання, што гэта толькі мой калектыў і я нікуды больш не ўлажу. Калі просяць і гэта патрэбна, то дапамагаем калегам па цэху. Культура — гэта адна вялікая сям’я. Мы замужам і жанаты на ёй і ўсе не па разліку, а па любові!

Анастасія Пупейка
Анастасія Пупейка

Таксама займаюся фаер шоў. Для тых хто не ведае — гэта вулічнае прадстаўленне з выкананнем складаных трукаў з агнём. У нас ёсць калектыў «Bonfire». Калектыў працуе на тры горады: Брэст, Мінск і Ганцавічы. Мы выступаем на мясцовых мерапрыемтсвах — вяселлі, юбілеі, карпаратывы. Таксама нас можна ўбачыць у Ганцавічах на выпускным балі, на летніх дыскатэках.

Што тычыцца “Запавету”, то 21 сакавіка ён будзе пацвярджаць званне Народнага ансамбля. Запрашаем усіх ганцаўчан у гэты дзень у гарадскі Дом культуры. З намі сумаваць не будзе калі! У гэты дзень будзе насычаная праграма і разам з “Запаветам” выступяць яшчэ чатыры калектывы.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики