weather

USD 2.5399

EURO 3.0029

RUR(100) 3.3212

search

Каштоўны рарытэт у Ганцавічах (відэа)

35 старажытных ікон XVIII – XX стагоддзяў выстаўлены ў краязнаўчым музеі.

 Ікона “Дабравешчанне” (XVIII ст.) знаходзіцца ў чарзе на рэстаўрацыю
Ікона “Дабравешчанне” (XVIII ст.) знаходзіцца ў чарзе на рэстаўрацыю / Фото: Аляксандр Пазняк

Тры сцяны музейнай залі размеркаваны такім чынам, што на адной з іх вісяць іконы з выявамі Божай Маці, на другой Ісус Хрыстос, на трэцяй святыя і святочныя іконы. Акрамя таго, пад шклом на спецыяльных падстаўках можна ўбачыць каштоўныя крыжы і металічныя складні (маленькія перавозныя іконкі).  Акрамя саміх ікон на выставе прысутнічае макрамэ матушкі Ірыны Піліпчук, жонкі святара Пятра, настаяцеля Свята – Ціханаўскага храма.

Каштоўныя старыя крыжы таксама прадстаўлены ў музеі 
Каштоўныя старыя крыжы таксама прадстаўлены ў музеі  / Фото: Аляксандр Пазняк

35 вялікіх ікон выстаўлены на ўсенародны агляд у рамках выставы “Свет праваслаўя”. Яны перададзены музею супрацоўнікамі камісіі па культуры Брэсцкай  мытні. Асаблівасць Брэсцкай вобласці ў тым, што праз мытныя структуры такія іконы маюць амаль усе краязнаўчыя музеі, чаго няма ў астатніх рэгіёнах Беларусі.

Судзячы па назвах, іконы Ганцавіцкага музею, раней былі дзесьці ў цэрквах на расійскіх абшарах. Як відаць, іх спрабавалі тайна перавезці на продаж у Еўропу, але кантрабандысцкая задума не атрымалася.

Музей ўжо наведалі некаторыя школьнікі ганцавіцкага раёна, а таксама людзі, якія хочуць паглыбіцца ў старажытную атмасферу мастацтва.

Па словах Наталлі Кулеш, дырэктара краязнаўчага музея, выстава цікавая людзям найперш сваёй духоўнасцю. Іконы прыцягваюць ганцаўчан, якія хочуць адчуць таямніцу энергетыкі выяў Ісуса Хрыста, святых, Маці Божай. Музейны работнік распавядае жадаючым пра паходжанне і назву амаль усіх прадстаўленых выяў.

Наталля Кулеш распавядае наведвальнікам пра назвы і паходжанне рарытэтных ікон
Наталля Кулеш распавядае наведвальнікам пра назвы і паходжанне рарытэтных ікон / Фото: Аляксандр Пазняк

—Час выраблення ікон і іх назвы вызначалі спецыялісты. Таму памылак у назвах ікон альбо ў іх даціроўке няма, — кажа дырэктар музею. —Залі нашага музею не могуць змясціць усё, а таму мы выстаўляем гэтыя іконы раз на год да Вялікадня альбо да Ражства Хрыстовага. Некаторыя людзі проста прыходзяць, каб пабыць у атмасферы Божай ласкі. Мы дазваляем людзям нават пабыць сам насам з іконамі. Некаторыя наведвальнікі зачыняюць дзверы і пэўную колькасць часу могуць быць адны перад абразамі.

Некаторыя з выстаўленых ікон з’яўляюцца агульнахрысціянскімі і іх шануюць як праваслаўныя, так і каталіцкія вернікі. Не ўсе з прадстаўленых ікон знаходзяцца ў добрым стане, падрапаныя часам і перавозкамі, а таму патрабуюць рэстаўрацыі.

Так, самая старажытная з прадстаўленых ікон “Дабравешчанне” (XVIII ст.), амаль згубіла сваю выяву. Наталля Кулеш кажа, што яна знаходзіцца ў чарзе на рэстаўрацыю, а з сітуацыі дырэктар выходзіць распавядаючы евангельскую гісторыю пра абвяшчэнне Дзеве Марыі архангелам Міхаілам весткі, што ў яе народзіцца Ісус – Сын Божы. Цікава, што васьмікутнік, які прысутнічае на вопратке супрацоўнікаў службы МНС, узяты з выявы іконы “Неапалімая купіна”, якая, як лічыцца праваслаўнымі вернікамі, засцерагае ад агню, маланкі і пажараў.

Вучаніца восьмага класа Ганцавіцкай сярэдняй школы імя А.П. Брынскага Ганна Антановіч, пабывала на такой выставе ўпершыню. Што ўразіла дзяўчыну, так гэта старажытныя выявы, якія яна раней бачыла толькі на карцінках у кніжках. “Выстава вельмі цікавая і карысная. А таму яе неабходна наведваць, хаця б дзеля таго, каб пазнаёміцца з гісторыяй і рэліквіямі”, — кажа Ганна.

Людміла Кішко і Ганна Антановіч
Людміла Кішко і Ганна Антановіч / Фото: Аляксандр Пазняк

Сацыяльны педагог гэтай жа школы Людміла Кішко, таксама выказала  свой інтарэс да экспазіцыі: “У музеі са школы мы ездзім часта, але на такой выставе я і вучні нашай школы ўпершыню. Уражвае такая колькасць ікон. Бачна, што гэта сапраўдныя гістарычныя каштоўнасці. Таксама тут добрая спакойная атмасфера, а таму прыемна пабываць у такой залі. Адсюль не хочацца ўхадзіць”.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики