weather

USD 2.4214

EURO 2.7311

RUR(100) 3.4359

search

Выстава "Вайна" пачала дзейнічаць у Ганцавіцкім музеі

 З суботы 25 красавіка ў Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі пачала дзейнічаць выстава графікі “Вайна”. Усе карціны для яе прывезены і дадзены ў часовае карыстанне з фондаў Баранавіцкага краязнаўчага музея. Супрацоўнікі музея заклапочаны тым, што падчас пандэміі выставу ніхто не наведае. Таму для ўсіх жадаючых наведвальнікаў тут шырока адчынены дзверы. 

 Старэйшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага краязнаўчага музея Дар’я Багуцкая распавядае пра карціны
Старэйшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага краязнаўчага музея Дар’я Багуцкая распавядае пра карціны / Фото: Аляксандр Пазняк

На выставе прадстаўлена 28 работ розных аўтараў, якія з’яўляюцца народнымі мастакамі Рэспублікі Беларусь. Выкананы яны ў розных жанрах: акварэль, аловак, эстамп — гравюрны адбітак на якой-небудзь паверхні. Таксама маюцца рэпрадукцыі. Адкрыццё выставы прымеркавана да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. 

Выстава
Выстава / Фото: Аляксандр Пазняк

Частка прадстаўленых мастакоў адточвалі майстэрства ў студыі ваенных мастакоў імя Мітрафана Грэкава — гэта Леанід Галаванаў, Віктар Кісялёў, Пётр Крываногаў, Ілля Лукомскі, Іван Еўсцігнееў. Таксама прыцягваюць увагу работы народнага мастака Беларусі Мікалая Гуціева «Партызанскія будні», выкананыя ў тэхніцы лінагравюры.

Партрэт Васіля Быкава 
Партрэт Васіля Быкава  / Фото: Аляксандр Пазняк

На выставе прадстаўленыя працы народнага мастака Беларусі Георгія Георгіевіча Паплаўскага: «партрэт Васіля Быкава», а таксама ілюстрацыі да твораў народнага пісьменніка Беларусі: «Знак бяды», «Абеліск», «Пайсці і не вярнуцца». Быкаўскія героі і сам партрэт майстра выглядаюць рэалістычна і перадаюць характар і напругу ягоных твораў. Творчасць самаго Быкава  — гэта праўдзівыя расповяды пра вайну і лёсы людзей падчас трагедыі. 

Работы Георгія Паплаўскага
Работы Георгія Паплаўскага / Фото: Аляксандр Пазняк

У музеі экспануюцца чатыры работы Арлена Кашкурэвіча, выкананыя ў тэхніцы эстампа — «На шчасце, на гора...»,  «Партызанскія маці»,  «Смага»,  «Развітанне».  Мастакі адзіныя ў сваім перакананні, што тэма вайны, якая пакінула свой трагічны след у свядомасці і жыцці беларускага народа,  нікога не можа пакінуць абыякавым і ніколі не страціць сваёй узрушальнай сілы.

Выстава
Выстава / Фото: Аляксандр Пазняк

Акрамя таго, на выставе ёсць ваенная перапіска. Адна з якіх належыць сям’і з Ганцавічаў – Няхаевым. Паштоўкі і пісьмы перадаюць пачуцці і адносіны паміж мужам–франтавіком і ягонай жонкай. А прадставіць дадзеную выставу можа старэйшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага краязнаўчага музея Дар’я Багуцкая.

Ваенная перапіска
Ваенная перапіска / Фото: Аляксандр Пазняк

Выстава “Вайна” будзе дзейнічаць у музеі да 25 чэрвеня. Супрацоўніца музея будзе прадстаўляць выставу ў масцы. Прыходзьце!

Выстава
Выстава / Фото: Аляксандр Пазняк

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики