weather

USD 2.5755

EURO 3.0365

RUR(100) 3.4258

search

У Бялынічах будзе расці клён, як сімвал пра Дзень беларускага пісьменства ў Ганцавічах

У парку «Ліпавы гай», што ў Бялынічах Магілёўскай вобласці, у нядзелю з`явілася кляновая алея, дзе пасадзілі клён, каля якога ўстаноўлена шыльда з надпісам «Ганцавічы 2011». Менавіта 9 гадоў таму ў нашым райцэнтры адбылося гэтае цудоўнае рэспубліканскае свята – Дзень беларускага пісьменства, дзякуючы якому наш горад расквітнеў і змяніў сваё шэрае савецкае аблічча. Такое ж свята 6 верасня прайшло і ў Бялынічах, дзе пабываў галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» Пётр Гузаеўскі. 

 Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

Аўтар гэтага артыкула на свята трапіў яшчэ напярэдадні. Дырэктар камунгаса Віктар Івулёў быў гідам і паказаў амаль што кожны куточак горада. Экскурсію правялі на аўтамабілі, а потым прагуляліся па вячэрнім горадзе.

Віктар Міхайлавіч узначальвае «Жылкамунгас» ужо 18 гадоў, і па ўсім відаць было, што справу сваю ён ведае. Простыя жыхары выказваліся пра добраўпарадкаванне і паслугі вельмі добра. Склалася меркаванне, што ў Бялынічах адносна прамысловасці няма чым асабліва пахваліцца, як і ў Ганцавічах. Праўда, калі не лічыць цэх па вытворчасці сыроў «Бабушкина крынка», але гэта не вельмі вялікае прадпрыемства.

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

Камунгас – гэта прамысловае прадпрыемства, якое ў структуры вытворчасці прамысловасці раёна дае 93% даходаў. Таму і падрыхтоўкай да свята, будаўніцтвам будынкаў і дарог у асноўным займаўся «Жылкамунгас».

Бялынічы – райцэнтр, па колькасці насельніцтва меншы, чым Ганцавічы. У горадзе жыве каля 10 тысяч чалавек, а цалкам у раёне людзей менш за 19 тысяч тысяч. А горад утульны, і што спадабалася – умоў для культурнага адпачынку і заняткаў спортам у іх больш.

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

Тут ёсць фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Друць» з басейнам, сучасным трэнажорным залам, саўнай, фітнэс-залам, більярдам, залам для гульнёвых відаў спорту і двумя тэніснымі кортамі. Да свята беларускага пісьменства не толькі адрамантавалі шэраг будынкаў, але і пабудавалі новыя. Адной з адметнасцяў стала адкрыццё новага музея, якому надалі імя мясцовага мастака Бялыніцкага-Бірулі.

Стары будынак цалкам разбурылі і на яго месцы ўзвялі новенькі, на які затрачана 3,3 млн рублёў. Для мясцовых жыхароў такія святы – гэта магчымасць атрымаць фінансаванне і змяніць стан і ўмовы ў горадзе кардынальна. Вось і ў Бялынічах пабудавалі новыя будынкі, адрамантавалі і змянілі фасады старых, з`явіліся новае кафэ, музей, абнавіліся Палац культуры, кінатэатр і шэраг іншых аб`ектаў.

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

Узвялі таксама помнікі і архітэктурныя формы да гэтага свята. Дзень беларускага пісьменства, на якое, як спяваў гурт «Крамбамбуля» – «панаехала гасцей з іншаземных абласцей». Народу было тысячы, але не так, як у Слоніме ў 2019 годзе, дзе налічылі каля 50 тысяч. Тут было ў разы менш.

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

На жаль, дэлегацыі з Ганцавіцкага раёна я на свяце не сустрэў. Хоць у планах меркавалася, што з кожнага раёна, у якіх былі ўжо такія святы, прыедзе 40–45 чалавек.

Многія ведаюць пра Бялынічы дзякуючы Бялыніцкай іконе Божай Маці. Існуе шмат паданняў пра цудатворную ікону, якую, па адной з версій, намаляваў анёл на аканіцы. Але гісторыкі лічаць, што яна была напісана невядомым мастаком у 1634–1635 гадах.

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

Дарэчы, пра ўнікальнасць іконы і пра тое, што яе ўшаноўвалі і пакланяліся ёй вернікі розных канфесій, падчас адкрыцця мастацкага музея імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі расказаў дэпутат парламента, гісторык і краязнаўца Ігар Марзалюк. Яго эмацыйны аповед і энергетыку фатографы і журналісты фіксавалі на камеры амаль бесперапынна.

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

Марзалюк адзін з нямногіх чыноўнікаў, хто выступаў па-беларуску. Здзівіла людзей, што міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, якому далі слова перад адкрыццём аднаго з новых аб`ектаў, сваю прамову чытаў з паперы дый на рускай мове. Канешне, усім зразумела, але ўсё ж Дзень беларускага пісьменства...

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

На новай сцэне амфітэатра ў велізарным парку, дзе ёсць стадыён і спартыўныя збудаванні, побач з кляновай алеяй намеснік міністра адукацыі Сяргей Рудый выступленне падрыхтаваў на беларускай мове, але праўда, чытаў з паперкі.

Каля трох гадзін дня ў парку высадзілі кляновую алею, дзе каля кожнага дрэва стаяла таблічка з назвай горада, дзе свята ўжо прайшло і ў якім менавіта годзе. Было спякотна, таму ганцавіцкі клён аўтар гэтага артыкула паліў вадой да ўрачыстай цырымоніі – перажываў, каб наша дрэўца прынялося і не засохла.

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

А сімвалічную пасадку клёна каля таблічкі «Ганцавічы» ажыццявілі намеснік міністра прамысловасці Дзмітрый Харытончык і генеральны дырэктар ДВА «Белтопгаз» Аляксей Кушнарэнка.

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

Яшчэ адзін запамінальны эпізод, які варта ўспомніць адносна Ганцавіч, здарыўся на алеі каля фантана, які таксама ўзвялі да свята. Там былі выстаўлены асобныя стэнды з інфармацыяй пра кожны горад і аб`екты, якія былі ўзведзены да Дня пісьменства. Побач стаялі інфармацыйныя шчыты пра Ганцавічы і Шклоў. І хоць цэлы дзень надвор`е ў Бялынічах вытрымала без дажджу, парывы ветру іншы раз стваралі праблемы.

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

На маіх вачах ветрык дзьмухнуў мацней – і стэнды пра Ганцавічы і Шклоў пачалі падаць. Прыгожая дзяўчына выратавала Ганцавічы і паспела злавіць стойку, а вось шкло са стэнда з таблічкай Шклова разбілася ўшчэнт. Падалі потым і іншыя «гарады». І здзіўляла, адкуль з`яўляліся работнікі камунгаса, якія ў імгненне прыбіралі і наводзілі парадак.

Дарэчы, на вуліцы ў паўтара кіламетра, дзе стаялі гандлёвыя рады і выступалі артысты, не было смецця. Аказваецца, і тут работнікі ЖКГ – а іх было 40 чалавек – сачылі за парадкам. Як высветлілася, рабілі яны гэта за невялікую дадатковую плату ў выхадны дзень.

Праграма свята была вельмі насычанай, як і на любым вялікім свяце. Уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, квэст-гульні «Скарбы князя Гальшанскага» (па творах У. Караткевіча), фестываль беларускай кухні і беларускай прадукцыі «БелаЕжа», кірмаш прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці і шмат чаго іншага.

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах / Фото: Пётр ГУЗАЕЎСКІ

За дзень адбыліся два вялікія канцэрты на галоўнай сцэне. Вечарам выступалі вядомыя беларускія зоркі Аляхно і Саладуха. Закончылася свята салютам, але не для ўсіх. А наступнай сталіцай гэтага свята стане Капыль Мінскай вобласці. І многія ганцаўчане змогуць наведаць мерапрыемства, бо гэта зусім недалёка – ад Ганцавіч усяго нейкіх 70 кіламетраў.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики