weather

USD 2.1228

EURO 2.3634

RUR(100) 3.4527

search

Вышэйшая адукацыя павінна быць платнай

Адным з крокаў рэформы сістэмы адукацыі ў Грузіі стала ўвядзенне платы за вышэйшую адукацыю. Ці дало плён такое рашэнне? Магчыма, нешта з грузінскай адукацыйнай рэформы можна выкарыстаць і для Беларусі.

“Выкладчыкі цяпер атрымліваюць заробак. Пры Шэварнадзэ лекцыі ў вну ўспрымалі хутчэй за грамадскую павіннасць”,— гэтыя словы прафесара ўніверсітэта паказваюць якая прорва паміж цяперашняй сістэмай адукацыі Грузіі і тым, што мела краіна яшчэ пятнаццаць год таму.

Мой першы суразмоўца — былы міністр адукацыі Грузіі Дзмітрый ШАШКІН. Гэты ж чалавек мінулым разам распавядаў пра рэформы войска, як такое можа быць? Справа ў тым, што спадар Шашкін узначальваў абодва міністэрствы толькі ў розныя часы.

Адукацыя як і іншыя сферы жыцця ў Грузіі на пачатку 2000-х мела бядотны стан. Іншага чакаць было б і не лагічна ад краіны, што дзесяць год правяла ва ўзброеных канфліктах і эканамічнай яме. Таму змянялі і матэрыяльную, і інтэлектуальную базу.

“Нам дасталіся школы, якія будавалі яшчэ ў савецкі час без уліку рэальных патрэбаў у памяшканнях, без энэргазберагальных тэхналогій, з вялікім адсоткам зносу. Калі мы пачалі свае рэформы, то па дзесяцібальнай шкале я б ацаніў матэрыяльную спадчыну ў 0 балаў. Цяпер я б ацаніў яе ў 6 балаў, але працы яшчэ многа, — распавядае Дзмітрый Шашкін. — Яшчэ ў нас быў праект па стварэнні класаў будучыні. У кожным раёне ў адной са школ ствараўся клас, укамплектаваны самай сучаснай тэхнікай, каб дзеці бачылі і ведалі як яно ёсць і як будзе ў далейшым. Працэс быў распісаны на гады, бо гэта, канешне, дарагое задавальненне. Звычайны рамонт адной школы абыходзіцца ў сярэднім у 300 000 долараў. Але агульныя затраты на рэформы палічыць складана. Бо ёсць абнаўленне падручнікаў, перападрыхтоўка кадраў, змена праграмы і г.д.”.

У часы кіравання Саакашвілі на адукацыю выдаткоўвалі каля 10 працэнтаў ад бюджэту краіны. Цяпер сярэдні заробак у настаўнікаў — прыкладна 280 долараў, хаця на пачатку 2000-х гадоў быў усяго 14 долараў.

Экс-міністр станоўча ацэньвае практыку стварэння “дамоў настаўніка”. У кожным раёне ёсць будынак, абсталяваны сучаснай тэхнікай, дзе настаўнікі могуць займацца самаадукацыяй, удзельнічаць ў семінарах. У гэтых дамах прадугледжаны і дзіцячы пакой, каб настаўнікі маглі пакінуць сваіх дзяцей на час заняткаў.

НЯІСНЫ ТЭРМІН “УЦЁКІ МАЗГОЎ”

Універсітэцкія будынкі ў Тбілісі, якія давялося пабачыць, выглядаюць без шыку і глянцу нават калі там відавочна быў зроблены капрамонт. Дарагога аздаблення і абсталявання я не заўважыла. Але функцыянальна аўдыторыі прыстасаваныя для лекцый, памяшканні цёплыя (візіт адбываўся позняй восенню). Ва ўніверсітэцкай сталоўцы новая сціплая мэбля. Меню збольшага грунтуецца на нацыянальнай кухні: хачапуры, стравы з фасолі, салаты, бульба-фры. Паабедаць можна прыкладна за 4 лары ці крыху менш (2 лары цяпер роўныя прыблізна 1 еўра).

Вышэйшая адукацыя ў Грузіі платная. Акрамя гэтага для паступлення ў вну патрабуецца здаць Адзіны нацыянальны экзамен. Гэта іспыт па чатырох прадметах: лагічныя навыкі, грузінскі мова і літаратура, замежная мова і экзамен на выбар.

Была ўведзеная індывідуальная сістэма фінансавання вышэйшай адукацыі, калі “грошы ідуць за вучнем” — дзяржава пакрывае навучанне студэнтаў толькі з вышэйшай паспяховасцю і калі яны належаць да бяднейшых слаёў насельніцтва. Памер гранта, якія атрымае студэнт, акурат такі залежыць ад паспяховасці здадзеных іспытаў: можна атрымаць кампенсацыю як у поўным памеры, так і на 50 %. Сума дзяржаўнай датацыі складае прыкладна 2 250 лары на год. І, калі студэнт паступае ў прыватны ўніверсітэт, дзе кошт вышэйшы, то рэшту ён мусіць даплаціць самастойна.

Падыход да адукацыйнага працэсу ў вну — заходні, то бок сістэма грунтуецца на наборы крэдытаў (крэдыт (залік) або заліковая адзінка Карнегі — залік, які выстаўляюць вучню за адзін праслуханы курс у школе або вышэйшай навучальнай установе). Грузінская сістэма вышэй адукацыі далучаная да Балонскага працэсу, што дае магчымасць студэнтам вучыцца ў еўрапейскіх універсітэтах. Удзельнікамі Балонскага працэсу з'яўляюцца 47 краін. Беларусь пакуль да адкрытай адукацыйнай прасторы не далучылася.

“Гэта быў правільны падыход. Увесь час гучала: мы патрацілі на навучанне гэтых дзяцей грошы і мусім патрабаваць, каб яны вярнуліся. Але давайце разгледзім сітуацыю: студэнт атрымаў дыплом магістра ў Масачусацкім універсітэце. У нас няма буйных хімічных прадпрыемстваў, няма базы, каб гэты чалавек адэкватна змог прымяніць свае навыкі і веды. Пасадзіць яго чыноўнікам у міністэрства? Які сэнс тады ў яго выдатнай профільнай адукацыі?” — задае рытарычнае пытанне Шашкін.

Добрая адукацыя сапраўды дае магчымасць выбару працоўнага месца з куды большым заробкам, чым у Грузіі.

“У грузін моцная сувязь са сваёй сям’ёй і, нават калі той былы студэнт будзе працаваць недзе ў Штатах, то ён перашле на радзіму больш грошай, чым зарабіў бы ў Грузіі —тлумачыць былы міністр сваю пазіцыю і эмацыйна аспрэчвае сам тэрмін “уцёкі мазгоў”. — Гэта савецкі тэрмін, калі існавала “жалезная заслона”. Свет адкрыты, няма межаў. Я сяду на самалёт і праз тры гадзіны буду ў Мюнхене. Мануфактура скончылася, глабалізм, сувязі цяпер гарызантальныя ва ўсім. Мы канкурыруем не адзін з адным, а з усім светам”.

Цікава, што восенню прэм’ер-міністр Грузіі Іраклій Гарыбашвілі агучыў супрацьлеглае меркаванне: "Саакашвілі і яго ўрад адпраўлялі за мяжу сваіх знаёмых студэнтаў, пасля чаго гэтыя дзеці альбо не вярталіся ў краіну, альбо вярталіся і працаўладкоўваліся ў прыватным сектары. У рэчаіснасці, дзяржава выкідвала грошы, якія інвеставалі ў іх. Мы памянялі гэты падыход — калі мы інвестуем у будучае пакаленне, гэтая інвестыцыя павінна вярнуцца ў Грузію, бо грошы, якія трацяцца на іх адукацыю, нам не належаць, яны належаць нашаму народу і будучаму пакаленню”.

АДУКАВАНЫЯ І БЕСПРАЦОЎНЫЯ

Прафесар Дзяржаўнага ўніверсітэта Іліі Гіа Нодзіа стрымана ацэньвае дасягненні грузінскай адукацыйнай сферы, а параўнаць яму ёсць з чым:

— Рэформа прынесла пазітыўныя вынікі. Утварыўся больш канкурэнтны асяродак, ёсць арыентацыя на якасць, змаганне ўніверсітэтаў за студэнтаў. Выкладчыкі цяпер атрымліваюць заробак. Пры Шэварнадзэ лекцыі ў вну ўспрымалі хутчэй за грамадскую павіннасць. Акадэмічная кар’ера стала больш прывабнай, адпаведна, і якасць павялічылася. Але гэтага недастаткова.

Прафесар Нодзіа наракае на яўны недахоп кваліфікаваных выкладчыкаў. Яно і не дзіўна: калі грошай за працу не плацілі, разумныя ды запатрабаваныя з’ехалі і знайшлі сваё месца пад сонцам у іншых дзяржавах.

“Але, на жаль, якасць адукацыі ў сярэдняй школе ўзрасла не так заўважна. І ў сваёй масе “матэрыял” ва ўніверсітэты прыходзіць не надта добры. Таму паўстае пытанне на каго арыентавацца: на лепшых ці большасць? Канешне, ёсць нейкая колькасць добрых студэнтаў, якія апантаныя навукай. І яны больш незалежныя, актыўныя, матываваныя, чым я ў сваёй маладосці. І тое, што нехта марыць з’ехаць вучыцца на Захад, нармальна. Добры студэнт мусіць гэтага хацець,бо якасць адукацыі там сур’ёзная. Але я не магу сказаць пра татальныя намеры іміграваць, многія хочуць вярнуцца і нешта рабіць тут”, — гаворыць прафесар Гіа Нодзіа.

Варта адзначыць, што сярод грузінаў сапраўды высокі ўзровень патрыятызму (або мне проста такія сустрэліся): маладыя людзі бачаць сябе ў Грузіі, хочуць там жыць і працаваць. Канешне, не ўсё так гладка наяве. Найперш моладзь турбуе высокі ўзровень беспрацоўя.

“Ёсць дзяржава, мы развіваемся. Але беспрацоўе, гэта сапраўды праблема ў нас, — распавядае студэнт Дяржаўнага універсітэта Іліі Бека Ліпартэліані. — Вышэйшую адукацыю ў нас атрымліваюць многія. Можа быць гэта спадчына ад савецкіх часоў. І з масавым атрыманнем дыпломаў вну ёсць праблема, бо многа быццам бы адукаваных людзей, але працы для ўсіх няма”.

Дарэчы, гісторыя гэтага студэнта вельмі цікавая. Яго сям’я жыла ў Расіі ў горадзе Іванава. Бацька нават падаваў дакументы на атрыманне грамадзянства, але ў выніку яны вярнуліся на радзіму. І, відавочна, псіхалагічны камфорт тут куды вышэйшы.

“Я не адчуваў там сябе сваім, хаця вырас у Расіі, быў свой асяродак. Але гэтая фраза ў аб’яве “здаецца толькі для рускіх”... — прызнаецца Бека.

Бека гаворыць, што хацеў бы працаваць у сферы, дзе будзе запатрабаваная яго добрая руская мова. Напрыклад, перакладчыкам ці ў турызме. Жаданне працаваць у сферы датычнай турызму выказвалі і іншыя мае суразмоўцы.

КАСМАПАЛІТЫЗМ ПРЫМЕРАНЫ ДА ГРУЗІІ

Цікавым пунктам у рэформах грузінскай адукацыі ёсць пашырэнне англійскай мовы. Чыноўнікі вялі дэбаты на гэтую тэму, але ў выніку сышліся на тым, што будучыня ў навуцы і бізнесе за англійскай мовай.

“Змянілі ўсе падручнікі па англійскай мове на брытанскія, увялі вывучэнне англійскай з першага класа. Уклалі вялікія грошы на перападрыхтоўку настаўнікаў. Да нас прыязджалі 1,5 тысячы носьбітаў англійскай мовы са Штатаў і Еўропы. Яны працавалі ў пары з нашымі настаўнікамі ў школах. Англійская мова для самаадукацыі — гэта вялізны рэсурс, вялікая магчымасць для поспеху”, — расказвае Дзмітрый Шашкін.

Цяпер каманда, што займалася рэформамі ў адукацыі, рыхтуе вялікі стратэгічны план развіцця адукацыйнай сферы на 10 год наперад. Паводле меркавання Дзмітрыя Шашкіна, дзеці ў грузінскіх школах зарыентаваныя на здачу выніковых іспытаў у школе, а іншыя дысцыпліны адыходзяць на другі план. Трэба перавесці сістэму на іншыя рэйкі: дакладна правесці мяжу над тэстамі і аб’ёмам ведаў, якія даюць у школе. Дзеці не мусяць браць дадатковыя ўрокі ў рэпетытараў, каб здаць іспыты. Сістэма мусіць быць збалансаванай, натуральна, без стратаў якасці навучання.

“Поспех чалавека залежыць ад асабістых якасцяў і ведаў. Нас у савецкія часы вучылі, што галоўнае — веды, якія даюць у школе. І мы мелі вялікую колькасць дактароў навук, юрыстаў, але куды не кінь — паўсюль дэфіцыт кадраў. То, відаць, рацыянальная амерыканская школа, якая сцвярджае, што поспех — гэта 80 % уласныя якасці і 20 % ведаў. Калі мы гаворым пра 20 % гэта не значыць, што веды не патрэбныя, проста яны мусяць быць скіраваныя на развіццё асабістых якасцяў”, — тлумачыць філасофію працягу рэформаў экс-міністр адукацыі.

Пэдагог, намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч з сутнасцю грузінскіх рэформаў у галіне адукацыі знаёмая. І ацэньвае грузінскі досвед станоўча.

— Рабіць акцэнт на англійскую мову я лічу слушнай пазіцыяй. Асабліва гэта тычыцца ўніверсітэтаў, бо англійская цяпер — мова навукі. Праўда, грузінскі досвед паказаў, што не варта цалкам пераводзіць навучанне на англійскую мову, бо іх грамадзяне мусяць думаць па-грузінску, мысліць катэгорыямі сваёй краіны. Думаю, Беларусь таксама зробіць падобныя пераўтварэнні як толькі ў нас зменіцца кіраўніцтва ў Міністэрстве адукацыі. З постсавецкіх краін я б арыентавалася на рэформы ў сферы адукацыі дзвюх краін — Эстоніі і Грузіі, бо яны паказалі найбольшы прагрэс у гэтай сферы.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы MYMEDIA/DANIDA

Крыніца: "Новы час"

О событиях и проблемах сообщайте в эту группу VIBER

comments powered by HyperComments
Из рубрики