weather

USD 2.4394

EURO 2.8764

RUR(100) 3.3218

search

Круговіцкія вучні сталі пераможцамі конкурса інтэрнэт-праектаў

Аднымі з лепшых распрацоўшчыкаў інтэрнэт-праектаў сярод школьнікаў Беларусі ў суботу 25 красавіка прызналі вучняў Круговіцкай СШ, якія атрымалі некалькі дыпломаў конкурсу інтэрнэт-праектаў «WebProg-2015» , які праводзіў механіка-матэматычны факультэт БДУ. Галоўная ўзнагарода круговіцкіх школьнікаў – дыплом у намінацыі “Лепшы медыяпраект”.

Злева направа: Дзмітрый Калей, Савелій Блінкоўскі, Аляксандр Дунчык, дэкан механіка-матэматычнага факультэта БДУ  Д.Г. Мядзведзеў.
Злева направа: Дзмітрый Калей, Савелій Блінкоўскі, Аляксандр Дунчык, дэкан механіка-матэматычнага факультэта БДУ  Д.Г. Мядзведзеў.

Нягледзячы на тое, што кругаўцы ў такім конкурсе прымалі ўдзел упершыню, сельскія навучэнцы трапілі ў спіс пераможцаў і атрымалі два дыпломы і сертыфікат.

Конкурс праводзіўся пры садзеянні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і шэрагу вядучых кампаній краіны, якія працуюць у сферы інфармацыйных тэхналогій. Па выніках конкурсу пераможцамі прызнаны больш за дзесяць каманд школьнікаў з Мінска, Гродна, Гомеля. Таму двойчы прыемна, што рабяты з Круговіч аказаліся сярод пераможцаў.

Ад Круговіцкай школы ў конкурсе ўдзельнічалі тры адзінаццацікласнікі: Савелій Блінкоўскі, Аляксандр Дунчык, Дзмітрый Калей. Кіраўнік каманды – настаўнік інфарматыкі Круговіцкай школы Андрэй Уласень. Дарэчы, Андрэй Генадзьевіч быў ўзнагароджаны сертыфікатам конкурса «WebProg-2015». Іх праект – відэаканал школы на сайце Youtube.com. Каналу ўжо тры гады. За гэты час навучэнцы знялі 22 відэаролікі, якія сталі даступнымі для шырокага кола людзей. І хоць у конкурсе ўдзельнічалі толькі тры навучэнцы, у здымачным працэсе ўдзельнічалі вучні амаль усёй школы. Яны разам пішуць сцэнарыі, падбіраюць рэквізіт, разам здымаюць і самі манціруюць відэа ў прафесійных праграмах.

Навучэнцы расказалі, што да конкурсу інтэрнэт-праектаў «WebProg-2015» рыхтаваліся тры гады. Да гэтага рабяты ўдзельнічалі і перамагалі ў розных конкурсах. У раённым конкурсе «Worldvision-2013» яны сталі пераможцамі ў намінацыі «Лепшая рэжысура нумара» і «Лепшы ролік аб краіне». Відэаролік «Хранилище утраченных ценностей» заняў 1-е месца ў абласным конкурсе «Энергамарафон-2014». Дыплом I ступені атрымалі на рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў «Мая малая радзіма».

Як патлумачылі выпускнікі, мэтай удзелу ў конкурсе было стварэнне ў далейшым на школьным сайце раздзела, дзе будзе падавацца актуальная інфармацыя для бацькоў і навучэнцаў, якая будзе дапамагаць у вырашэнні іх паўсядзённых праблем.

Удзел у конкурсе, акрамя Круговіцкай школы, прыняла таксама гімназія г. Ганцавічы. Гімназісты былі ўзнагароджаны граматай.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики