weather

USD 2.047

EURO 2.2714

RUR(100) 3.1033

search

У Хатынічах выбаркам не агучыў вынікі

Як гэта адбывалася распавёў жыхар вёскі Хатынічы Дзмітрый Бондар, які з’яўляецца дэпутатам Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў 27 склікання па Выганашчанскай акрузе, членам дабраахвотнай дружыны, кандыдатам у дэпутаты той жа акругі. Атрымаўшы ад жыхароў Хатыніч шэраг скаргаў  і заўваг па правядзенні выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў РБ 28 склікання, удзень 18 лютага  ён падаў заўвагі старшыні ўчастковай камісіі Ніне Ярашэвіч на ўчастку для галасавання №25, што знаходзіцца ў памяшканні Хатыніцкай СШ.

Фото: Ирина Домарацкая

Не атрымаўшы адказу, Дзмітрый завітаў на ўчастак падчас падліку галасоў а 20 гадзіне. Што было далей – распавёў Дзмітрый.

Камісія ў колькасці 11 чалавек, 3 назіральнікі, і я пачалі сачыць за працэдурай падліку. Аднак першая скрыня з “датэрміновымі” галасамі пасля агучаных вынікаў, як аказалася, мела больш бюлетэняў, чым павінна згодна пратаколу аб датэрміновым галасаванні ад 17 лютага (у пратаколе 345 выбаршчыкаў атрымалі па 3 бюлетэні). Лічбы былі большыя як на абласным, так і раённым Саветах.

Далей жахлівей… Агучылі падлікі “выяздной” скрыні і галасоў, атрыманых у апошні дзень. Аднак па тварах старшыні камісіі і яе сакратара было відаць, што нешта ідзе не так. Члены камісіі ператрэсвалі пачкі бюлетэняў, грукалі клавішамі калькулятараў і шапталіся.

Пасля доўгага чакання, адмовіўшы ў абвяшчэнні ўслых канчатковых вынікаў падлікаў, старшыня размясціла інфармацыю на стэндзе ў калідоры. Сакратар абвясціла, што падлік і вынік выбараў у “мясцовы Савет” адбудзецца заўтра, 19 лютага, чым збянтэжыла не толькі назіральнікаў, але і саміх членаў камісіі. Аказалася, што для яе "мясцовыя Саветы" і "сельскія Саветы" – адно і тое ж. Дзякуй вытрымцы назіральніка Міхаіла Науміка, які змог ёй і многім прысутным патлумачыць розніцу.

Старшыня камісіі, не абвясціўшы вынікаў, сказала, што ўся справа зроблена і камісія скончыла працу – тым самым зноў збянтэжыла прысутных. Беглы агляд вывешанай інфармацыі прывёў у жах: колькасць галасоў у некаторых кандыдатаў падчас датэрміновага галасавання аказаўся большым за агульную сумму за ўвесь час выбараў. Пры гэтым, нават не ішла гаворка аб пераблытанасці месцамі лікаў.

На заўвагі і прапанову разабрацца члены камісіі і старшыня не рэагавалі. Я папрасіў асноўнага наглядальніка Мікалая Науміка, які фіксаваў ход падзей з дапамогай тэлефона, засяродзіць на гэтым увагу, зрабіць фотавідэафіксацыю выяўленых парушэнняў і нестыковак, што ён і выканаў.

Старшыня камісіі Н. Ярашэвіч не дала магчымасці грунтоўна напісаць скаргу, прызываючы ўсіх прысутных пакінуць памяшканне, спасылаючыся на недахоп часу. Тым не меньш скарга была ёй уручана.

Вынікі падліку галасоў у сельскі Савет не былі падведзены ў вывешанай інфармацыі. Камісія ў разгубленасці і занепакоенасці разбеглася. Я зразумеў, што сваёй прысутнасцю сапсаваў людзям свята і надзею добра адпачыць пасля “цяжкай” і “напружанай” працы на карысць дзяржавы!

У панядзелак увечары камісія усё ж такі сабралася ізноў, але ўжо ў памяшканні сельвыканкама, па іх словах, каб папіць гарбаты.

У прынцыпе, кожны член камісіі паасобку здаецца мне неблагім чалавекам, але ж аб’яднаўшыся, у іх быццам бы спрацоўвае стадны рэфлекс і па-чалавечы становіцца шкада іх.

За чатыры гады дэпутацкай працы у Ганцавіцкім раённым Савеце мне прыходзілася дапамагаць аднавяскоўцам  у вырашэнні шматлікіх пытанняў, за што я ніколі не браў грошы. Хутчэй, наадварот, прыходзілася выдзяляць сродкі з сямейнага бюджэту маладой шматдзетнай сям’і на чарговыя дэпутацкія сесіі, радасныя і сумныя падзеі ў членаў дэпутацкага корпусу, на падарункі шматдзетным сем’ям раёна…

Членам камісіі, наколькі я ведаю, плацяць з дзяржаўнай казны за іх “сумленную” працу. Гэта значыць, што тыя, хто яе фарміруе за кошт падаткаў, адначасова з’яўляючыся выбаршчыкамі, маюць права разлічваць, што іх сродкі ідуць на карысную для ўсіх людзей працу, а не на падман саміх жа выбаршчыкаў.

Не ведаю, ці паўбавіцца ў далейшым у Хатыніцкіх выбаршчыкаў імкнення ісці на галасаванне пасля гэтага выпадку…

Па-мойму, прыклад працы камісіі на адбыўшыхся выбарах дыскрэдытуе сябе, падрывае аўтарытэт і давер з боку выбаршчыкаў да ўсёй выбарчай кампаніі. Хочацца спадзявацца, што ў далейшым, члены гэтай камісіі ніколі не будуць прымаць удзел ў выбарах на пэўных пасадах. Гэта было б лагічна, справядліва, законна і па-людску.

У маленстве прыходзілася чуць, што самае бруднае ў жыцці – грошы і палітыка. У чарговы раз упэўніваюся ў правільнасці гэтага выказвання. Бачу, што для некаторых мясцовых палітыкаў гэты першы крок атрымоўваецца не зусім чыстым.

Аб тым, колькі зарабляюць дэпутаты можна даведацца тут.

comments powered by HyperComments
Из рубрики