weather

USD 2.381

EURO 2.7028

RUR(100) 3.4695

search

Павел Севярынец: "Удзельнічаць у выбарах бессэнсоўна і шкодна". Інтэрв'ю для чытачоў "Ганцавіцкага Часа"

Напярэданні кожных выбараў, асабліва прэзідэнтскіх, заўсёды актывізуюцца і ўлада, і апазіцыя. Хоць народ ужо з апатыяй адносіцца да ўсіх палітычных кампаній. Часта даводзіцца чуць, што гэта спектакль і марная трата грошая, а нікога з лідэраў апазіцыі людзі не ведаюць. А сёлета да ўлады, акрамя Лукашэнкі, рвецца шмат прэтэндэнтаў.  Дык дзе тая апазіцыя? Хто гэтыя людзі, і чаму народ іх не ўспрымае, як альтэрнатыву дзеячаму прэзідэнту? Карэспандэнт «ГЧ» накіраваў пытанні аднаму з самых каларытных лідэраў апазіцыі, які адкрыта выступае супраць палітыкі Лукашэнкі шмат гадоў - Паўлу Севярынцу. Не думаў аўтар, што ён адкажа, бо не ўсе пытанні былі лагодныя. Але, на дзіва, ён даў развёрнутае інтэрв'ю.

 Павел Севярынец: "Удзельнічаць у выбарах бессэнсоўна і шкодна"
Павел Севярынец: "Удзельнічаць у выбарах бессэнсоўна і шкодна" / Фото: даслана П. Севярынцам

КАРОТКАЯ ДАВЕДКА:  Павел Севярынец (1976 г. нар.) з’яўляецца сустаршынёй незарэгістраванай палітычнай партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД). Вясной гэтага года ён удзельнічаў у праймерыз — выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіхвыбарах 2020 года, але зняў сваю кандыдатуру. У 2005 і 2011 гадах быў асуджаны  да абмежавання волі за пратэсты супраць дзейснага прэзідэнта. Цяпер Севярынец выступае як палітык, блогер і журналіст. З пад яго пяра ўжо выйшаў шэраг кніг.

– Павел, вы зняліся з удзелу ў праймерыз, калі апазіцыя ладзіла кампанію па вылучэнні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Чым была абумоўлена ваша пазіцыя ў той час? Якія прычыны вашага няўдзелу ў вылучэнні сваёй асобы на выбарах?

– Праймерыз задумваліся як свабодныя і справядлівыя народныя выбары, дзе людзі выбіраюць альтэрнатыву рэжыму, гэта значыць, выбары без маніпуляцый і фальсіфікацый.

І спачатку ўсё адбывалася менавіта так. Людзі ўпершыню за 26 гадоў галасавалі, а потым затойвалі дыханне перад празрыстай скрыняй, з якой пры ўсіх даставалі і паказвалі па адным бюлетэні. Было прыгожа і годна. Дзесяць гарадоў.

Але калі ў Драгічыне, Пінску, Століне дзясяткі арганізаваных райвыканкамамі лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, службоўцаў і членаў "выбарчых камісій" па ўказцы пачалі рэгістравацца на праймерыз і ўкідваць бюлетэні за Юрыя Губарэвіча — адбылася менавіта фальсіфікацыя і арганізаванае махлярства.

Адбылося тое самае, чым яны займаюцца на «выбарах» Ярмошынай. Укідваюць бюлетэняў столькі, колькі трэба, каб забяспечыць перамогу аднаго з прэтэндэнтаў.

У папярэдніх гарадах на Віцебшчыне 1-2 чыноўнікі прыходзілі «ў разведку». Пасля Бярэсця, дзе поўная зала крычала «Лукашэнка, сыходзь!» так, што сцены трэсліся, яны ўключылі машыну фальсіфікацый на поўную сілу.

Гэта не свабоднае галасаванне. Дзяржаўным службоўцам загадвалі галасаваць так, а не інакш. Ды гэта нават не таемнае галасаванне. У Століне начальства не таілася, пры людзях паказвала падначаленым, за якога кандыдата галачку ставіць.

Гэта не волевыяўленне. Гэта масавая фальсіфікацыя.

«Яны ж таксама народ». «Яны маюць права». «А якая розніца, за каго яны галасуюць»...

На штабе кампаніі мяне ашаламіла адна рэч. Прадстаўнікі большасці апазіцыйных партый хорам даказвалі мне: «Няхай галасуюць! Мы ж дамовіліся, што падтрымаем любога з пяці. Выберуць жа яны з нас!»

Прыплылі.

Калі мы згаджаемся, каб Лукашэнка, а не народ, выбіраў з нашых шэрагаў зручнага для сябе спарынг-партнёра — гэта не народнае галасаванне. Гэта атрымліваецца конкурс прыгажосці апазіцыянераў, дзе журы ўзначальвае Лукашэнка.

Такая сабе змова па змаўчанні. Разам з уладай адбракаваць суперніка, канкурэнта, «нязручнага», «занадта радыкальнага». Народ «занадта радыкальнага» падтрымлівае, і ён набірае больш, чым астатнія, разам узятыя? Тым горш для народа.

Што можна было зрабіць у адказ?

Можна было абвясціць усеагульную мабілізацыю прыхільнікаў: Людзі! Нас жа больш, чым райвыканкамаўскіх ці БРСМа! Прыходзім! Праймерыз ператвараюцца ў масавыя мірныя сходы і нават акцыі пратэсту.

Але на той момант, калі гэта стала ясна, пандэмія каранавіруса закрыла такі шлях. Сустрэчы адмяняюцца. Масавыя пратэсты немагчымыя. Пандэміі мы не маглі прадугледзець.

Можна было б на штабе кампаніі распрацаваць фільтры для недапушчэння фальсіфікацый. Якое там! «Хай галасуюць далей!»

У такіх варунках удзельнічаць у кампаніі далей не мела сэнсу. Чакаць, пакуль райвыканкамы, БРСМ ды ідэолагі ўсыплюць патрэбную колькасць галасоў у скрыні ці праз інтэрнэт за таго, "каго трэба", а калегі папляскаюць у ладкі? Вы б хацелі такога адзінага лідара апазіцыі?

Таму цяпер усё проста – ніякіх "выбараў" падчас пандэміі і масавага заражэння. Грамадскае непадпарадкаванне. Падрыхтоўка масавых мірных пратэстаў і нацыянальнай забастоўкі.

Павел Севярынец:
Павел Севярынец: / Фото: даслана П. Севярынцам

– Чаму апазіцыйных лідараў слаба ведаюць у рэгіёнах і ў іх няма ніякага ўплыву? Чаго, на ваш погляд, дамаглася апазіцыя за апошнія 25–30 год?

Ёсць праблема ў самой апазіцыі, і гэта відавочны факт. Пачынаць трэба з гэтага. Няма адзінства. Няма даверу. Няма сіл. Але гэта толькі частка праўды. Каб адказаць на другую частку праўды, крытыкам дастаткова паглядзець у люстэрка.

Па-першае, 26 гадоў гэты рэжым пераследаваў, штрафаваў, абліваў брудам і саджаў у турмы апазіцыянераў. Тым, хто не зламаўся, застаўся змагацца ў гэтых умовах, ахвяраваў сваім жыццём, дабрабытам ці свабодай, трэба казаць "вялікі дзякуй". Хаця б гэта. Яшчэ ў Мінску можна выкруціцца з працай альбо ціскам, а як выкручвацца апазіцыянеру ў невялікім райцэнтры, дзе ўсё як на далоні? 

Другое. "Няма ніякага уплыву". Калі я праводжу сотню прэзентацый у рэгіёнах Беларусі за год (на адной толькі Берасцейшчыне – у Бярэсці, Баранавічах, Пінску, Кобрыне, Пружанах, Бярозе, Століне, Івацэвічах, Жабінцы), кнігі набываюць, цэрквы запрашаюць, сотні тысяч людзей глядзяць стрымы, а людзі далучаюцца да БХД – гэта азначае "ніякага ўплыву"? 

Трэцяе. Апазіцыя трымае свой фронт, падымае сцяг пратэсту, выходзіць на вуліцы, яе б`юць – а калі б яе не было, таварышы ў пагонах прыйшлі б на кухні да людзей і пачалі б даваць 15 сутак за пасты ў сацсетках. Можна разважаць пра тое, што "эфектыўна" ці "тэхналагічна", што можна было б тое ды сёе... Станавіся побач і рабі! Пакажы, як трэба. Ахвяруй грошы і пасля спытай, ці эфектыўна яны патрачаны. Шчыра кажучы, па жыцці не слухаю ныцікаў, каторыя нудзяць, што ўсё не так. Наперад, зрабі так, як трэба! Хрысціянскія дэмакраты Берасцейшчыны Валерый Білібуха (незалежны дэпутат, што вырашае праблемы людзей на Бярозаўшчыне), Таццяна Малашчанка (якая дамагаецца беларускамоўнай адукацыі ў Баранавічах), Мікалай Падгайскі (баранавіцкі лідар Таварыства Беларускай Мовы), фермер Міхась Новік з Ружанаў (адзін супраць карумпаванай калгаснай сістэмы), Георгій Дзмітрук з Кобрына, прадпрымальнік і дабрачынца, – робяць, што могуць. Вы ім не дапамагаеце? Тады пачынайце пытацца ў саміх сябе.

Павел Севярынец:
Павел Севярынец: / Фото: даслана П. Севярынцам

– Што думаеце пра асоб, якія падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, каб балатавацца ў прэзідэнты?

Ніякіх выбараў няма, ёсць спектакль Ярмошынай, "выбары прэзідэнта Лукашэнкі" на шосты тэрмін. Удзельнічаць у гэтым без злому сістэмы фальсіфікацый, без назіральнікаў у камісіях, ды яшчэ падчас пандэміі – бессэнсоўна і часам шкодна. Тыя, хто выклікае павагу, – каманда Статкевіча, Ціханоўскі, можа, хтосьці з партыйцаў, якія проста троляць сістэму. Астатнія – гэта ці "спецыяльна абучаныя", ці наіўныя, ці проста адчайныя людзі. Увогуле вялікае пытанне, як удзел у выбарах сумяшчаецца з каранавірусам.

Павел Севярынец:
Павел Севярынец: / Фото: даслана П. Севярынцам

– Хто або што цяпер можа супрацьстаяць А. Лукашэнку? На колькі COVID-19 можа перашкодзіць прэзідэнцкай кампаніі?  Што можа дапамагчы змяніць беларускага лідара?

Памяняць Лукашэнку могуць толькі Госпад Бог і беларускі народ. Народ, які, паводле Канстытуцыі, з`яўляецца крыніцай улады у Рэспубліцы Беларусь. Калі мы самі – як народ, як апазіцыя, як асобы – будзем гатовыя ўзяць адказнасць за гэтую краіну, Бог нам яе дасць.

Каранавірус сцэнару Лукашэнкі не перашкода, пандэмія падчас "выбараў" для яго, наадварот, дадатковая магчымасць. Але абвал эканомікі, выкліканы вірусам, працуе на злом сістэмы. Эканамічны байкот рэжыму, калі мы перастаём трымаць уклады ў кішэнным "Беларусбанку", запраўляцца на "Белнафтахіме", затарвацца ў "Кароне" ці "Еўраопце", набываць нешта ў "Табакерках", ва ўсіх ягоных алігархаў, здольны аслабіць Лукашэнку і адначасова ўзмацніць незалежны бізнес.

Хопіць карміць рэжым!

Калі пандэмія сціхне, назапашанае абурэнне непазбежна выбухне масавымі маніфестацыямі пратэсту. Іншых спосабаў змяніць гэты рэжым дэманічнага страху ўжо не засталося.

Наколькі моцны патэнцыял пратэсту – паказвае Бярэсце. Нават ва ўмовах пандэміі, пад пагрозай заражэння, у масках, ва ўмовах арышту лідараў людзі гатовы пратэставаць.

Задача Лукашэнкі – зліць аграмадны народны пратэст у свой спектакль пад назвай "выбары". Вы пратэстуеце? Ладна, пратэстуйце. Галасуйце за "апазіцыянераў" (іх будзе некалькі, свежанькіх,  на выбар). Палямантуйце, ды яшчэ паскубіцеся паміж сабой. Усё роўна "падлічаць" так, як трэба. Фініта.

Калі не ламаць сістэму фальсіфікацый праз масавыя акцыі пратэсту – нават у зборы подпісаў і пікетах ва ўмовах выхаду з вірусу толку няшмат. Усё адно нікога з рэальных супраціўнікаў не зарэгіструюць.

Таму ўжо ў ліпені большасць пратэстных сілаў (народны пратэст, прынцыповыя байкотчыкі, незарэгістраваныя апазіцыянеры) з`яднаюцца вакол непрыняцця спектаклю.

А далей – толькі нацыянальная забастоўка з палітычнымі патрабаваннямі. Лукашэнка, сыходзь! Далоў Ярмошыну і ўсіх фальсіфікатараў! Патрабуем вызвалення палітвязняў і свабодных выбараў! Перамен!

Людзям хочацца проста "прагаласаваць" і тым зрабіць сваю частку працы. Не атрымалася – апазіцыя вінаватая. Я ж "галасаваў". Не, сябры. Выбараў няма. Давядзецца зрабіць крок пратэсту.

Скажаце, забастоўка, а чым сям`ю карміць?.. Запасаемся бульбай, крупамі, робім закаткі. З голаду не памром. А што, лепш, каб вас яшчэ пяць гадоў кідалі на з`ядзенне смерці, як цяпер?

Шырокая нацыянальная забастоўка ператвараецца ў масавыя маніфестацыі, прычым па ўсёй краіне. Найбольш эфектыўныя рэгулярныя акцыі (напрыклад, штонядзелі, як у Брэсце) – на піку яны могуць перарасці і ў штодзённыя. Арышты лідараў будуць спробай патушыць пажар бензінам.

Калі маніфестацыі набяруць размах, стане непазбежным раскол наменклатуры. Магчымае ўмяшанне Масквы і спроба скарыстацца пратэстам. Адзінае, што ўратуе Беларусь у такой сітуацыі – яднанне ўсіх пратэстных сілаў у адзіны магутны фронт. Прычым яднанне на нацыянальнай платформе і ясным маральным падмурку.

Паслядоўная пазіцыя няўдзелу, грамадзянскага непадпарадкавання, нацыянальнай забастоўкі і, як вынік, масавых маніфестацыяў з незалежніцкім стрыжнем вызначыць лідараў народнага пратэсту. Палітыкаў. Блогераў. Прафсаюзных дзеячаў. Вулічных трыбунаў. Тых, хто страціў у пандэміі блізкіх.

Такім чынам, сцэнар адзіны – Плошча і аб`яднаны беларускі рух.

Сэлфі з абароны Курапатаў ад забудовы і дзейнасці рэстарана
Сэлфі з абароны Курапатаў ад забудовы і дзейнасці рэстарана / Фото: даслана П. Севярынцам

– Ці можа запуск новай АЭС у Астраўцы стаць трывалай "падушкай" для беларускай эканомікі альбо гэта непрадуманы ход для дзяржавы? Ці патрэбна АЭС ўвогуле Беларусі пасля Чарнобылю?

Астравецкая АЭС – гэта не праект Лукашэнкі. Гэта праект Пуціна, які ў апошнія гады палохае свет ядзерным апакаліпсісам.

Тое, пра што мы з вамі гаворым, – гэта не энэргетыка. Гэта стратэгічная ідэя расійскага Генеральнага штаба – размясціць каля самай мяжы з ЕС, бліжэй да Калінінграда, на накірунку верагоднага ўдару па Еўропе, атамную электрастанцыю. З аднаго боку, перашкодзіць энэргетычнай сінхранізацыі Літвы, Латвіі і Эстоніі з ЕС, з другога – стварыць ядзерную пагрозу на гэтым стыку. З 2010 да 2013 года Расія збіралася пабудаваць для гэтых мэтаў Калінінградскую або Балтыйскую АЭС. У 2013 годзе Пуцін знайшоў іншы варыянт: паабяцаў Лукашэнку 10 мільярдаў долараў, каб "Росатам" пабудаваў АЭС у Астраўцы. У тым жа 2013-ым Пуцін замарозіў будаўніцтва пад Калінінградам.

Давайце цяпер паглядзім, што гэта за месца такое, Астравец.

Яшчэ ў 1990-ыя на замову з Масквы, для патрэбаў эканомікі СССР рыхтаваліся будаваць Беларускую АЭС, і Акадэмія навук БССР ацаніла 70 патэнцыйных пляцовак для будаўніцтва. Вядучыя  акадэмікі паставілі свае подпісы пад вынікамі даследавання. А вынікі такія: самая кепская для будаўніцтва АЭС пляцоўка – Астравецкая. Стаіць на разломах зямной кары. Былі землятрусы. Каля яе – магільнік сібірскай язвы.

Пасля Чарнобыля праект Беларускай АЭС, канечне, быў адкладзены. Але вось праз 25 гадоў Пуціну і яго генералам спатрэбілася ядзерная станцыя на мяжы з ЕС. І што вы думаеце? Усплывае праект АЭС у Астраўцы. На самай кепскай пляцоўцы!

У Беларусь вятры дуюцьпераважна з Балтыкі. Калі штосьці здараецца ў Астраўцы, да Мінска воблака даходзіць за некалькі гадзін. Вільня – 45 кіламетраў па прамой. 10 кіламетраў да мяжы з ЕС. Пра гэта з фактамі ў руках распавядае прафесар Георгій Лепін. Але Лукашэнка Лепіна не слухае. Ён слухае Пуціна.

У 2013 годзе пачалі будаваць АЭС у Астраўцы. Па-савецку, як і Чарнобыль.

Пастаянныя інцыдэнты. Рабочым рэгулярна не выплачваюць заробак – як яны працуюць, можаце ўявіць. Ужо 5 чалавек на будоўлі загінула. Два разы білі рэактар – адзін раз грохнулі ў слуп на чыгунцы, пакуль перавозілі; другі раз, у ліпені 2016-га, рэактар упаў з вышыні некалькіх метраў. Ядзерны рэактар! Інфармацыю хавалі. Пасля таго як з`явіліся сведчанні, вымушаны былі прызнаць праблему, мяняць рэактар, замоўчваюць дэталі дагэтуль. Вам гэта нічога не нагадвае?

Незалежныя спецыялісты, калі пачынаеш гаварыць пра Астравецкую АЭС, задаюцца пытаннем: навошта гэта Лукашэнку? Навошта псаваць адносіны з Літвой і ЕС? Навошта мяняць расійскі газ на расійскі уран? Навошта палохаць людзей другім Чарнобылем?

Прадаць электрычнасць у ЕС не так проста. Сваёй электраэнэргіі ў Беларусі лішак. Давядзецца зачыняць два гарады – Навалукомль з 13 тысячамі чалавек і Белаазёрск з 12 тысячамі – пабудаваныя для абслугоўвання двух буйнейшых цеплавых электрастанцый. Год таму Лукашэнка сам на пасяджэнні ўрада паставіў пытанне рубам: ніхто, кажа, мне не патлумачыў, навошта нам АЭС і як яна ўбудуецца ў энэргетычную сістэму.

У 2018-ым годзе мы правялі шэраг акцый супраць АЭС у Астраўцы. Быў масавы Чарнобыльскі шлях у Мінску ў гадавіну Чарнобыля. Распачаўся Астравецкі шлях – планаваліся кожны месяц акцыі ў гарадах ад Мінска да Астраўца. Да Астраўца не дайшлі. Удзельнікаў затрымлівалі прэвентыўна, здымалі з транспарту, судзілі і давалі вялізныя штрафы.

Лукашэнка падаўляе любы пратэст у Беларусі супраць Астравецкай АЭС. АЭС Беларусі не трэба, але пратэставаць супраць яе нельга. Чаму? Масква...

Дык для чаго была пабудавана Аставецкая АЭС? Скрасці частку з 10 мільярдаў расійскага крэдыту? Магчыма. Але ж ёсць больш танныя і бяспечныя спосабы, чым ядзерны рэактар у чарнобыльскай краіне. А навошта Пуціну, які зараз выкручвае рукі Лукашэнку за любы крэдыт у сотню мільёнаў, даваць на АЭС у Беларусі ў дзясяткі разоў больш? Сапраўдны адказ ведаюць у Крамлі. Астравецкая АЭС – гэта стратэгічны праект Крамля. На Астравецкай АЭС асноўны корпус супрацоўнікаў камплектуюць спецыялістамі з Расіі.

А вось за тое, што Лукашэнка дазволіў Беларусі стаць пляцоўкай для ядзернага шантажу суседзяў, яму давядзецца адказваць.

Падчас прэзентацыі кнігі
Падчас прэзентацыі кнігі / Фото: даслана П. Севярынцам

– Што асабіста збіраецеся рабіць вы падчас выбараў прэзідэнта? Чым будзеце займацца?

Пакуль народны каранцін – гартуем сілы. Вяду стрымы, наладжваю кантакты з тымі, хто далучыўся падчас кампаніі, арганізоўваю суполкі хрысціянскай дэмакратыі (за апошнія два месяцы мы ахапілі больш як як трыццаць гарадоў і мястэчак Беларусі, у тым ліку на Берасцейшчыне – Лунінец, Драгічын, Ляхавічы, Мікашэвічы). Рыхтую да друку адразу тры свае кнігі – "Алесь Чаркашын" пра вашага земляка з Бярэсця, медыка і капелана, які загінуў за нашу і вашу свабоду, абараняючы Украіну ад агрэсіі; другі том рамана "Беларусалім" і, разам са славутым майстрам Змітром Герасімовічам – шыкоўную ілюстраваную "Ісус Хрыстос гаворыць па-беларуску: 33 доказы" (зараз шукаем спонсараў і выдаўца). Пасля таго, як спадзе пандэмія, – выхад на масавыя мірныя пратэсты. Падрыхтоўка эканамічнага байкоту і нацыянальнай забастоўкі. Лукашэнка мусіць сысці. Тое, што ён робіць – гэта злачынства.

Павел, Вольга і Францішак Севярынцы
Павел, Вольга і Францішак Севярынцы / Фото: даслана П. Севярынцам

– Якім бачыце будучае Беларусі праз 10 год?

Беларусь вартая свабоды. У крызісе, які навальваецца, павінны перамагчы не Лукашэнка альбо Расія, а беларускі рух. Мы мусім выявіць свае найлепшыя якасці – мужнасць, руплівасць, годнасць. І тады мары здзейсняцца. Вольная і незалежная краіна, дзе норма – не страх, хлусня, крадзеж, п`янка, а свабода, праўда, справядлівасць, любоў і вера ў Бога. Беларусь здзівіць свет – духам абнаўлення, светлымі людзьмі і сваёй прыгажосцю.

Верым, можам, пераможам!

 

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики