weather

USD 2.6352

EURO 3.0778

RUR(100) 3.329

search

Павел Латушка: "Існаванне краіны без беларускай мовы немагчыма"

Дзевяць год назад у Ганцавічах прайшоў Дзень беларускага пісьменства на якім пабывала шмат цікавых, у тым ліку высокапастаўленых гасцей. Адзін з наведвальнікаў нашага раённага цэнтра быў тагачасны міністр культуры Павел Латушка.

 Павел Латушка падчас размовы з прэсай
Павел Латушка падчас размовы з прэсай / Фото: kp.by

Тады ён выступіў з прамовай і пакінуў запіс у кнізе гасцей Алеі пісьменства ў Ганцавічах. Дарэчы тады ў горадзе з’явілася шмат шыльдаў на роднай мове.

А ў 2010 годзе палітык наведаў наш краязнаўчы музей і пакінуў у ім свой памятны надпіс. У музейнай кнізе напісана: “"Шаноўныя сябры! Вялікі вам дзякуй за добрую працу на карысць нашай роднай беларускай культуры. Здароўя вам, дабрабыту і добрага настрою".

Пра Паўла Латушку вядома, што ён вялікі аматар і карыстальнік роднай мовы. Акрамя беларускай і рускай мовы, палітык валодае польскай і англійскай мовай. Працаваў доўгі час амбасадарам у еўрапейскіх краінах.

Мы даслалі яму запыт у Instagram, каб даведацца ад Паўла Паўлавіча яго стаўленне да мовы і пра тое, што Ганцавіцкі раён — адзіны па краіне згодна перапісу насельніцтва 2019 года, дзе больш за 90% насельніцтва вызначаюць беларускую мову  роднай, а ў сельскай мясцовасці так і зусім 95.8%.

Падчас наведвання Ганцавічаў у 2011 годзе Павел Латушка адзначыў, што свята пісьменства "ужо ўпісана ў лік важнейшых падзей краіны".

"Вельмі важна, што мы звяртаемся да нашых вытокаў, каранёў, пісьменства, якімі мы можам ганарыцца яшчэ з часоў Ефрасінні Полацкай, Сымона Буднага, Купалы, Коласа, Караткевіча, Быкава і многіх іншых прадстаўнікоў нашай культуры", — сказаў падчас свята Павел Латушка.

Міністр культуры Павел Латушка астаўляе запіс у кнізе гасцей Алеі пісьменства
Міністр культуры Павел Латушка астаўляе запіс у кнізе гасцей Алеі пісьменства / Фото: Віталь Герасіменя

Цяпер палітык даслаў нам адказ, дзе выказаў сваё стаўленне да роднай мовы, а таксама выказаў свае адносіны да стаўлення саміх ганцаўчан і жыхароў раёна да роднай мовы. Павел Паўлавіч напісаў:

“Мова з'яўляецца крыніцай душы народа. Вельмі важным з'яўляецца шанаваць іншыя мовы, іншыя культуры, але любіць сваю родную. Уявіць сабе існаванне Рэспублікі Беларусь без беларускай мовы — немагчыма. Гэта падмурак, гэта аснова існавання і дальнейшага развіцця беларускай нацыі , беларускага народу.

Вельмі важна тое, што ў рэгіёнах і менавіта ў Ганцавічах, столькі людзей падтрымлівае беларускую мову, нашы крынічныя словы: словы Купалы, словы Караткевіча, Багдановіча, словы нашых песняроў, нашых дзядоў і прадзедаў. Беларуская мова ў маім жыцці грала вельмі важную ролю, яна з'яўляецца мовай сучаснасці, яна дае магчымасць жыць і развівацца. З'яўляецца мовай будучыні. Будучыняй для вольнай і свабоднай Беларусі”.

Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным горадзе Полацку.

Павел Латушка па магчымасці наведваў усе культурніцкія мерапрыемствы падобнага роду. Цяпер ён часова пражывае ў Польшчы.

У гэтым годзе Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Бялынічы Магілёўскай вобласці. У ім адбылася перадача эстафеты наступнай сталіцы Дня беларускага пісьменства. У 2021 годзе ёю будзе горад Капыль Мінскай вобласці.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики