weather

USD 2.1105

EURO 2.3515

RUR(100) 3.2605

search

Нашы грошы: гісторыя ўзлётаў і падзенняў

Змяняліся выявы, нулі і сам выгляд банкнотаў. Колькі разоў заяўлялася пра хуткае пажыранне яго расійскім рублём. Але нягледзячы ні на што, беларускі рубель застаецца адным з сімвалаў незалежнасці нашай краіны.

Купоны, нажніцы і жывёлы

Калі ляснуў Савецкі Саюз, у Беларусі яшчэ пэўны час курсавалі савецкія рублі. У час усеагульнага дэфіцыту, каб абараніць беларусаў ад вывазу тавараў у краіны былога СССР, наш урад са студзеня 1992 года ўвёў купонную сістэму. Каб разлічыцца за нейкі тавар у краме, ужо недастаткова было мець толькі «драўляныя» рублі. Пакупнік мусіў даць прадавачцы яшчэ і аркуш з купонамі. Сімвалам таго часу сталі нажніцы, якімі касіркі шпарка выстрыгалі патрэбную колькасць купонаў. А выдаваліся купоны на працы разам з заробкам ці ў ЖКГ.

Нядоўгая эпоха купонаў скончылася 25 мая 1992 года. У гэта дзень у абарачэнні з’явіліся першыя разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Новыя грошы хадзілі разам са старымі — савецкімі рублямі. Адзін беларускі разліковы білет быў роўны дзесяці савецкім рублям.

Як і ў прыбалтыйскіх краінах, на першых нашых грошах змяшчаліся выявы жывёлаў. Іх выканаў мастак Канстанцін Хацяноўскі. На банкноце наміналам 1 рубель «скакаў» заяц. Дзякуючыя гэтаму за беларускімі грашыма надоўга замацавалася неафіцыйная назва «зайчыкі». Самы малы намінал — 50 капеек — змяшчаў вавёрку, а самы буйны — 100 рублёў — зубра. На трох рублях «жылі» бабры, на пяцёрцы — ваўкі, на дзясятцы — рысі. 25 рублёў упрыгожвала выява лася, а на 50-ці месціўся мядзведзь. Адваротны бок быў аднолькавага тыпу і змяшчаў Пагоню. Пазней у сувязі з інфляцыяй з’явіліся новыя наміналы — 200, 1000 і 5000 рублёў — але замест жывёлаў на іх былі краявіды Мінска.

Час станаўлення

У канцы 1992 года Украіна сышла з рублёвай зоны, перайшоўшы на грыўны. Дзеля абароны свайго рынка ў Беларусі з 10 лістапада разлік савецкімі рублямі за харчовыя тавары (разам з алкаголем і тытунёвымі вырабамі) быў забаронены.

Праз тое, што самым малым наміналам беларускіх грошай былі 50 капеек (5 савецкіх рублёў), усе цэны былі акругленыя да гэтай лічбы.

У ліпені 1993 года Расія, не папярэдзіўшы былыя рэспублікі Савецкага Саюза, вывела з абароту на сваёй тэрыторыі савецкія грашовыя знакі. Хваля савецкай «грашовай макулатуры» пагражала нашай краіне. Таму згодна з пастановай Саўміна ад 26 ліпеня 1993 года адзіным плацежным сродкам у Беларусі стаў беларускі рубель. Нарэшце «зайчыкі» зрабіліся паўнавартаснымі грашыма, бо дагэтуль падлік вёўся ў савецкіх рублях.

На думку Станіслава Багданкевіча, урад тады спазніўся з прыняццем пастановы, бо кіраўніцтва Беларусі не хацела выходзіць з зоны саюзнага рубля. Калі б нацыянальная валюта была ўведзеная адразу пасля абвяшчэння незалежнасці, наша краіна пазбегла б шалёнай інфляцыі і нават здолела б захаваць грашовыя ўклады насельніцтва.

А так Беларусь захлыналася ў хвалях савецкага рубля, які імкліва таннеў праз некантраляваны выпуск у эмісійных цэнтрах былых саюзных рэспублік. Незалежная грашова-крэдытная палітыка дазволіла спыніць гіперінфляцыю (курс даляра ЗША ўвесь 1995 год трымаўся на адзнацы 11 500 рублёў)

Але цэны працягвалі прапісвацца па-старому, 1:10, таму заставалася блытаніна ў розніцы наміналаў сапраўдных і напісаных на банкнотах. Пасля перамогі Аляксандра Лукашэнкі на першых прэзідэнцкіх выбарах была праведзеная і першая ў гісторыі краіны дэнамінацыя. З 20 жніўня 1994 года з цэннікаў у крамах знік адзін нуль, і беларускія грошы зраўняліся з наміналам па прынцыпе «як бачым так і плацім».

У той год была ўведзеная ў зварот 20-тысячная купюра з выяваю Нацбанка. Упершыню ў беларускай гісторыі на ёй з’явіўся подпіс старшыні Нацыянальнага Банка Станіслава Багданкевіча. Той подпіс як бы сведчыў, што грашовая адзінка стабільная. Гэтая купюра была апошняй з выявай дзяржаўнага герба — Пагоні.

Лёс «нямецкіх» грошай

У 1993-1994 гг. Нацыянальны банк надрукаваў у Германіі новыя банкноты, якія мусілі замяніць «зайцоў» і стаць сапраўднай нацыянальнай валютай. Прапанаваную на той час назву «талер» Вярхоўны Савет не падтрымаў, а зацведзіў «беларускі рубель». На банкнотах былі выявы выбітных беларускіх дзеячаў — Францыска Скарыны, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы.

Як расказаў Станіслаў Багданкевіч, новыя грошы планавалася ўвесці ў зварот пасля зніжэння інфляцыі да 3-5%. Меркавалася прывязаць рубель да даляра ЗША ў суадносінах 1:1. Банкноты былі прывезеныя ў Мінск і пакладзеныя ў сховішча Нацбанка. На выгляд купюры былі падобныя да нямецкай маркі. Пазней, на думку Станіслава Багданкевіча, банкноты былі знішчаныя — праз «Пагоню» і яго подпіс на купюрах.

Нулі замест «Пагоні»

Пасля рэферэндуму 1995 года «Пагоню» больш не змяшчаюць на новых банкнотах. Надпіс старшыні Нацбанка Станіслава Багданкевіча з’яўляецца яшчэ на 50-тысячнай купюры. Прыпыненая на нейкі час інфляцыя ізноў даецца ў знакі жыхарам краіны. Каб палегчыць разлікі, у 1996 годзе ўводзіцца новая банкнота вартасцю 100 тысяч рублёў з выяваю тэатра оперы і балета. За ёю ў 1998 годзе — банкнота наміналам паўмільёна рублёў з малюнкам Палаца прафсаюзаў. У той год пачалася замена тысячных і пяцітысячных купюраў, якія яшчэ ўтрымлівалі «Пагоню», на такія самыя, толькі з лічбамі замест вершніка. А вось банкнота вартасцю 20 тысяч рублёў са старажытным гербам ВКЛ працягвала курсаваць. У абароце таксама «хадзіў» і 100-рублёвы зубр — апошняя банкнота з першага выпуску 1992 года.

У пачатку 1999 года Нацбанк выпусціў банкноту ў адзін мільён рублёў з выяваю Нацыянальнага мастацкага музея. Але ўжо на момант выхаду яна была роўная ДВУМ далярам ЗША! Улетку выпускаецца беларуская купюра з самым вялікім за ўсе часы наміналам — пяць мільёнаў рублёў (роўная на той час $7).

1 чэрвеня 1999 сышла «на пенсію» 100-рублёвая купюра з зубром, якая пратрымалася ажно сем гадоў. Разам з ёю былі прыбраныя з абароту банкноты 200 і 500 рублёў. Змяншэнне дробязі на руках не зменшыла інфляцыі. Ад нулёў на цэнніках мільгацела ў вачах. Таму не дзіва, што ў канцы года ўлады абвясцілі пра хуткую дэнамінацыю.

Фінансавае абразанне

Міленіум для беларусаў запомніўся яшчэ і значнай з’яваю. 1 студзеня 2000 года былі ўведзеныя ў абарот новыя купюры вартасцю 1, 5, 10, 20, 50, 100, 1000, 5000 рублёў. Новы рубель быў роўны тысячы старых. Выявы на банкнотах засталіся амаль без зменаў, а вось колер быў іншы.

Але дэнамінацыя ізноў не спыніла інфляцыю. Праз год, у 2001-м, жыхары Беларусі атрымалі на рукі банкноту ў 1000 рублёў, у 2002 — 20 тысяч і 50 тысяч. З 15 ліпеня 2005 у абароце з’явілася 100-тысячная купюра, якая шэсць гадоў была самай вялікай купюрай краіны. На ёй, дарэчы, ізноў з’явіўся подпіс старшыні Нацыянальнага банка — гэтым разам Пятра Пракаповіча. Цікава, што замест дзяржаўнага герба на банкноце змешчаны герб Радзівілаў.

Пасля 2010 года ў беларускім партманэ можна знайсці аднолькавыя купюры двух наміналаў з рознымі надпісамі. Замежным калекцыянерам іх дагэтуль прадаюць іх як «купюры з памылкамі». Віною таму ўвядзенне новых правіл беларускай граматыкі, пасля чаго слова «пяцьдзесят» пачало пісацца як «пяцьдзясят». Старыя купюры вартасцю 50 і 50 тыс. рублёў раптоўна сталіся носьбітамі памылак. 29 снежня 2010 Нацыянальны банк увёў папраўленыя банкноты, але і старыя засталіся ў абароце.

Абвал

Перыяд адноснай фінансавай стабільнасці (да якой беларусы пачалі ўжо і прывыкаць) скончыўся амаль адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У сакавіку 2011-га ў краіне пачаліся праблемы з набыццём валюты, якія імгненна прывялі да абясцэньвання беларускага рубля. Толькі ў канцы года ўрад здолеў хоць неяк стабілізаваць фінансавую сістэму. Аднак у той год была зафіксаваная самая высокая інфляцыя за апошнія дзесяць гадоў — цэны на спажывецкія тавары павялічыліся на 108,7%!

Каб палегчыць гандлёвыя разлікі гатоўкаю, 12 сакавіка 2012 года ў абарот была ўведзеная купюра вартасцю 200 тысяч рублёў з подпісам новага старшыні Нацбанка — Надзеі Ермаковай. А з 1 сакавіка 2013 года спыняецца прыём банкнотаў наміналам 10 і 20 рублёў.

comments powered by HyperComments
Из рубрики