weather

USD 2.41

EURO 2.6772

RUR(100) 3.4096

search

У чым ганцаўчанка вінаваціць урача-педыятра

Скаргі на доктара – гэта хутчэй выключэнне з правіл. І калі чалавек адважваецца на гэта, то, як правіла, нешта яго закранула вельмі моцна. Відаць, такая сітуацыя здарылася і ў выпадку, пра які расказала ганцаўчанка Вера Лапіч.

Яе чатырохмесячная ўнучка трапіла ў рэанімацыю Ганцавіцкай райбальніцы, потым у рэанімацыю Баранавіцкай дзіцячай паліклінікі. На момант друку газеты дзіцятка з маці знаходзяцца на лячэнні ў Баранавічах.

У тым, што ў дзяўчынкі пагоршылася здароўе, яе бабуля Вера Лапіч лічыць вінаватай урача-педыятра. Яна напісала скаргу кіраўніцтву Ганцавіцкай райбальніцы і патрабуе службовай праверкі.

Жанчына звярнулася і ў рэдакцыю “ГЧ”, папрасіўшы надрукаваць у газеце аб тым, як гэта адбылося і чаму яна патрабуе разбіральніцтва.

«Мая ўнучка зараз у бальніцы ў Баранавічах. З рэанімацыі яе перавялі і пайшла на папраўку, а на выхадных зноў стала горш: дзіця ванітавала, не ела, урачы вымушаны былі капельніцу з глюкозай ставіць, – расказала Вера Анісімаўна. – Я не хачу, каб да такой сітуацыі даводзілі і іншых, бо калі маўчаць, то ў медыцынскіх картках будуць з’яўляцца дзіўныя запісы, а ўрачы яшчэ і абвінавачваць вас будуць, што недагледзелі дзяцей».

Жанчына пабывала ў галоўнага ўрача райбальніцы Вадзіма Сашко і скаргу зарэгістравала. Акрамя разбіральніцтва ў правільным медыцынскім лячэнні, Вера Лапіч патрабуе замяніць урача-педыятра Таццяну Гушчэню на іншага доктара.

Як расказала ганцаўчанка, 10 лютага ў 19.00 гадзін да яе прывезлі ўнучку Лізавету Гурман, якой у нядзелю споўнілася 4 месяцы, бо дачка Наталля накіроўвалася на сесію на вучобу ў г. Гомель. Дзіця трохі кашляла, а раніцай паднялася тэмпература.

«У 8.00 гадзін 11 лютага я выклікала ўчастковага педыятра Таццяну Гушчэню на дом. У 12.00 гадзін яна прыехала. Урач паслухала дзіця і сказала, што ёсць хрыпы з правага боку і мы можам працягваць лячэнне амоксіцылінам. Ніякага іншага лячэння яна не прапанавала. На наступны дзень, 12 лютага, стан дзяўчынкі быў такім жа.

13 лютага ўрач зноў прыехала, паслухала і сказала, што хрыпаў няма, але дыханне пакуль цяжкаватае, – расказала Вера Анісімаўна. – Пад вечар у дзяўчынкі паднялася тэмпература, і я патэлефанавала да Таццяны Андрэеўны. З’явіцца на выклік яна не пажадала і перадала работнікам аптэкі рэцэпт на больш моцны антыбіётык (зінат). Па рэкамендацыі ўрача мы яго далі дзяўчынцы. На нейкі час тэмпература знізілася, потым зноў падымалася.

14 лютага каля 9 гадзін доктар Т. Гушчэня прыехала і сказала, што баіцца пагаршэння стану здароўя дзяўчынкі і выпісала напраўленне на шпіталізацыю. На сваёй машыне мы адвезлі дзіця ў бальніцу. Унучку адразу паклалі ў рэанімацыю і ў той жа дзень адправілі ў г. Баранавічы, дзе таксама паклалі ў рэанімацыю.

Я лічу, што несвоечасовае і няякаснае лячэнне ўрача прывяло да пагаршэння стану дзіцяці. Але што мяне ўразіла больш за ўсё, дык гэта запісы ў медыцынскай картцы дзіцяці», – сказала Вера Лапіч.

Па словах жанчыны, у ёй прыклеены лісткі «агляд педыятра», у якіх напісана, што ад шпіталізацыі яна катэгарычна адмовілася і што доктар прызначала нейкія прэпараты. У медыцынскай картцы маецца запіс аб аглядзе ў 9.30 12 лютага, дзе яна піша аб здавальняючым стане і працягу лячэння тымі ж прэпаратамі. Але ў рэчаіснасці ніякага агляду ўрач не праводзіла, бо ўвогуле яна тады не прыходзіла.

«Напісаць, што я катэгарычна адмовілася!? Як так можна? Ды пра тое, што дзіця трэба везці ў бальніцу, урач ні слова не сказала, – абураецца Вера Анісімаўна. – Я ж не адна тады была. Другая бабуля дзіцяці, Надзея Серафімаўна Гурман, прысутнічала, калі Таццяна Гушчэня аглядала дзяўчынку. Таксама ў картцы напісана пра прызначанае лячэнне прэпаратамі: ібуфен, амбраксол і яшчэ нейкі прэпарат. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Ні пра што падобнае ўрач нам не казала».

Аўтар артыкула папрасіў урача-педыятра Таццяну Гушчэню пракаментаваць сітуацыю і адказаць на пытанні, чаму ў медыцынскай карце з’явіліся запісы аб адмове ад шпіталізацыі. Урач патлумачыла, што за 25 гадоў працы гэта, напэўна, першы выпадак, што на яе напісалі скаргу.

«Я не ведаю, што адказаць і чаго на мяне так раззлаваліся… Дзіця пакашлівала, але стан быў здавальняючы. Няўжо яго трэба было ў першы дзень класці ў бальніцу, каб яно там ад другіх заразілася?» – сказала Таццяна Андрэўна.

Па словах урача-педыятра, у тыя дні было па 15 выклікаў, з іх пяць дзяцей да аднаго года. Яна выказала шкадаванне, што гэтае дзіцятка трапіла ў бальніцу. Астатнія дзеткі ўсе паправіліся.

«Я казала, што дзіцяці ўсяго тры месяцы і ніхто не дасць гарантыю, што яму стане лепш ці горш. А сілком жа я не буду прымушаць класціся ў бальніцу, бо дзіцё толькі закашляла, – сказала ўрач-педыятр. – Я напісала тлумачальную запіску і калі нешта парушыла, то панясу пакаранне».

Чаму ж з’явіліся запісы ў медыцынскай картцы, зразумелага адказу атрымаць не ўдалося. Галоўны ўрач Ганцавіцкай ЦБР Вадзім Сашко адказаў, што па скарзе праводзіцца праверка і пасля вынясення камісіяй рашэння заяўніца атрымае адказ.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики