weather0

USD 2.005

EURO 2.3648

RUR(100) 3.3615

search

Каб пісаліся вершы, трэба душой трапятаць

Прыгожая, ветлівая, добразычлівая, шчырая, спагадлівая – гэтымі эпітэтамі можна ахарактэрызваваць цудоўную жанчыну – паэтку з в.Хатынічы Ніну Кавальчук.

Фото: Cветлана Малышко

Здаецца, няма ў свеце нічога, з чым бы не яна не справілася: складаць вершы, гадаваць дзецей, завіхацца па гаспадарцы – ўсё “гарыць” ў яе руках. Сакрэтамі, як ісці па жыцці, не губляючы веры і аптымізма, жанчына дзеліцца з чытачамі “Ганцавіцкага часу”.

Усё сваё жыццё Ніна Кавальчук жыве ў роднай вёсцы, там, дзе нарадзілася – у Хатынічах. З’явілася яна на свет 57 гадоў назад у простай вясковай сям’і. Бацька Уладзімір Пічыц быў плотнікам і разьбяром па дрэву. Маці Вольга шчыравала ў калгасе, даглядала вялікую гаспадарку, выхоўвала пяцёра дзяцей. Ніна была другой па ліку ў сям’і Пічыцаў. Старэйшым быў брат Коля, а пасля Ніны нарадзіліся яшчэ два браты і сястрычка.

Паэтычны шлях пачаўся з маленства

Першай спробай скласці верш сталі некалькі радкоў, напісаных ў чацвёртым класе, прысвечаныя рэспубліцы Узбекістан.

Настаўніца дала заданне знайсці звесткі пра гэтую рэспубліку, а я малая была, забегалася, загулялася, і забылася пра заданне. Схамянулася толькі тады, калі прыйшла пара ісці на ўрокі. Што рабіць? І вось я напісалі нейкія наіўныя чатыры радочкі, якія потым прачыталі са сцэны. Але я нікому так і не прызналася, што гэта я іх напісала”,- рассказала паэтка.

Першыя вершы пісаліся на рускай мове, і толькі потым дзяўчына пачала пісаць вершы і па-беларуску. Паэзія маніла Ніну, самымі любімымі ўрокамі ў школьнай праграме былі ўрокі літаратуры.

Ніякая фізіка, хімія, матэматыка не маніла мяне так, як вершы. Асабліва, калі іх задавалі вывучыць на дом”, - расказала Ніна Уладзіміраўна. І вось пад ўражаннем творчасці знакамітых аўтараў і з-пад яе ручкі на паперы ўзнікалі вершы, якія яна хавала “у стол”.

Я нікому не паказвала свае вершы, нават лепшай сяброўцы. Саромелася”, - сказала яна.

Надрукавацца упершыню давялося толькі ў 1981 годзе, калі яе верш “Летуценніца” з’явіўся на старонках раёнай газеты.

Я ўпершыню прызналася жонцы брата мужа, што пішу вершы. А яна параіла паслаць іх ў газету, сказала, што калі я сама не зраблю гэтага, то тайком ад мяне  напіша ліст у рэдакцыю. І я яе паслухала, - сказала паэтка. – Праз два тыдні мой веш быў надрукаваны. Я была пад ўраджаннем: як жа так, чаму? Мне думалася, што каб стаць паэтам, павінна прайсці шмат часу, што гэта трэба заслужыць. Я была на сёмым небе ад шчасця”.

Першы надрукаваны верш даў назву паэтычнаму зборніку, які быў выдадзены ў 2005 годзе. Шчырыя вершаваныя радкі таленавітай самадзейнай паэткі палюбіліся землякам. У хуткім часе яе зборнікі разляцеліся па ўсёй Беларусі, па блізкім і далёкім замежжы.

Творчасць Ніны Кавальчук даўно ўжо выйшла за рамкі самадзейнай, стала прафесійнай. У жанчыны – прыроджаны талент, яна валодае ўменнем бачыць свет сваімі вачамі, задумваецца аб дні сённяшнім і будучым,  перажывае за лёс блізкіх, з вялікай любоўю яна піша пра родную вёску і Радзіму.

У маладосці ёй прапанавалі вучыцца на журналіста, але яна адмовілася.

Дзеці з рук не сходзілі, ніўкі, соткі,гаспадарка, у лесе прападала  – калі было вучыцца?” – патлумачыла свой выбар Ніна Кавальчук.

Аднак недахоп адукацыі сёння ніякім чынам не адбіваецца на яе творчасці. Вершы Ніны Кавальчук часта з’яўляюцца на літаратурных старонках раёных газет, друкаваліся ў газетах “Чырвоная змена”, “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, “Знамя юнасці”, часопісах “Першацвет”, Алеся”. Дарэчы, у літаратурным конкурсе, які праводзіла Алеся, Ніна Кавальчук стала пераможцай.

Паэтычным радкам знайшлося дастойнае месца і на старонках кнігі “Паміж Бобрыкам і Ланню”, якая з’яўляецца паэтычнай візітоўкай Ганцаўшчыны.

Як расказала сама паэтка, вершаў на беларускай і рускай мове ў яе назбіралася на некалькі зборнікаў. Адны з іх ўжо надрукаваны ў зборніку “Летуценніца”, але яшчэ больш за 200 чакаюць свайго часу.

Але хто надрукуе? Гэта трэба грошы, а іх, на жаль, няма”, - патлумачыла паэтка.

Па словах Ніны Кавальчук, яе вершы можна пачытаць ў інтэрнэце. Сын нядаўна  падараваў ёй ноўтбук, і яна пачала вучыцца камп’тэрнай грамаце. Зарэгістрыравалася ў аднакласніках. Там у яе група “Летуценніца”, дзе і размешчаны ўсе напісаныя вершы. Таксама паэтка закінула свае вершы на рускі сайт “Стихи.ru”.

Іх ужо прачыталі больш за паўтары тысячы чалавек. Чытайце, мне будзе прыемна”, - сказала яна.

Ніна Кавальчук сказала, што яе вельмі радуе, калі вершаваныя радкі прыхозяцца да душы чытачу. Бо кожны верш – любімы.

Я ўсе свае вершы люблю,нелюбімых няма. Проста ёсць слабейшыя, ёсць мацнейшыя. Нашто ж я іх пісала, каб не любіць?”- сказала паэтка.

Пытаюцца часта, які верш найлепшы?

Ды ёсць хіба ў маці нялюбыя дзеці?

Мне блізкія ўсе,і апошні, і першы,

Хачу, каб ад іх больш цяпла было ў свеце.

Піша яна начамі, калі бяссоніца. Апошні верш таксама з’явіўся такой бяссоннаю ноччу напачатку снежня.

Як спаць, калі вершы самі рояцца ў галаве? Аловак і папера заўсёды ляжаць паблізу. Пішу пра ўсе, што бачу,пра што думаю,  што кранае душу: пра дзяцей, унукаў, пра свой дом і вуліцу. Наогул, пішу пра жыццё”.

Жаночае шчасце Ніны Кавальчук: муж, дзеці, унукі

У Ніны Кавальчук, як некалі ў бацькоў, цяпер і ў самой вялікая сям’я: з мужам Віктарам яны нарадзілі чатырох сыноў, яшчэ двое дзяцей у іх пад апекай.

Муж паэткі – яе аднагодка, ён вучыўся ў паралельным класе з Нінай. Як расказала паэтка, у школе яна з ім не была знаёмая. “У нашым класе сорак вучняў, у іхнім – таксама сорак. Згубіліся”, - пасміхаецца Ніна Уладзіміраўна.

Пасля школы хлопец паехаў вучыцца, дзяўчына пайшла працаваць на будоўлю. Іх дарожкі некаторы час не перасякаліся.

“Мы пазнаёміліся, калі мне было ўжо 19 гадоў, на Новы год, - расказала Ніна Кавальчук. - З вялікай кампаніяй дзяўчат мы пайшлі ў клуб. Там счапіліся з другой кампаніяй і пачалі гуляць ў сняжкі. Я штурхнула аднаго хлопца, ён упаў у сугроб. Але я і тады яго на разглядзела.  А потым ён падышоў да мяне і запрасіў на танец. Я не хацела, бо спяшала святкаваць Новы год, але ён сказаў: “А за тое, што снег кінула?” Я згадзілася, і з тых пор мы разам”.

Сустракаліся маладыя паўтара года, а потым зладзілі вяселле. Дзеці пайшлі адзін за адным – чатыры хлопцы.

“Я ўсё не губляла надзею нарадзіць дачушку”, –  прызналася паэтка. Аднак праблемы са здароўем не дазволілі больш “шукаць” дзяўчынку,   урачы катэгарычна забаранілі ёй нараджаць дзяцей.

Выйсце знайшлося. “Мы параіліся з мужам і вырашыліся выгадаваць прыёмную дзяўчынку”.

Ніна Кавальчук памятае, калі малая першы раз назвала яё мамай – якраз калі яны вязлі яе дамоў у Хатынічы з  дзіцячага дома г. Мінска.  Пад ўраджаннем пачуццяў яна напісала верш,ад якога выступаюць слёзы на вачах.

Гісторыя яшчэ аднаго “птаха”, якога ўзялі пад сваё крыло Ніна і Віктар, не меньш сумная.

Гэта было амаль сем гадоў таму назад. Ніна Кавальчук у той час  працавала сацыяльным работнікам па доглядзе за старымі людзьмі, але сур’ёзныя праблемы са здароўем застаўлялі задумвацца аб тым, каб кінуць працу.

І тут ёй патэлефанавалі з райвыканкама і прапанавалі выгадаваць яшчэ аднаго хлопчыка, бацькоў якога пазбавілі бацькоўскіх правоў,  а яго самога павінны былі направіць з Ганцавіцкага пратулка ў дзіцячы інтэрнат ў Пінску.

“Муж катэгарычна сказаў: вырашай, ці праца, ці хлопчык, сумяшчаць не дам. Я месяц думала, не спала,а потым вырашыла: чаму б і не? Так у нас з’явіўся Максімка”.

Яна з цеплатой узгадвае пра хлопчыка. “Калі ў нас у сям’і  ідзе спрэчка, на каго падобны з’явіўшыся на свет чарговы ўнук, ён без ценю сумнення кажа: у нашу пароду, на нас падобны!” – усміхаеца жанчына.

Наогул, у сям’і Кавальчук імя Максім – папулярнае. Чатыры хлопцы маюць гэта імя: два сыны паэткі, і два ўнукі. Дачка Вольга назвала свойго сыночка ў гонар брата, а яшчэ аднаго ўнука Крысціяна ў царкве перахрысцілі як Максіма.

У Ніны і Віктара Кавальчук восем унукаў: чатыры дзяўчынкі і чатыры хлопчыкі. Старэйшая ўнучка ўжо ходзіць ў дзевяты клас, а малодшаму Крысціану будзе годзік толькі ў марце.

Твар Ніны Кавальчук, калі яна гаворыць пра сям’ю, нават свеціцца ад шчасця. Відаць, што яна любіць іх і ганарыцца.

Пра мужа кажа: “Цяжка было жыць, так. Усяго хватала, і добрага, і дрэннага, але мы ўсё перажылі, ўсё адолелі, і жывём душа ў душу. Сямейнае жыццё – гэта цяжкая кожнадзённая праца. Я зразумела, што не трэба засмучацца ад цяжкасцяў, а заўважаць толькі харошае”.

Яна нязменна хваліць мужа за яго залатыя рукі  і працавітасць. З гонарам расказвае, што з металалому сабраў трактар, на якім і цяпер зарабляе грошы.

“Зносіў дадому адусюль жалезкі ўсялякія, складваў на двары. Суседзі казалі, здай, а ён упарты. Памятаю, як укапаў чатыры слупы і на іх “насадзіў” кузаў. А потым праз некаторы час  наш трактар выехаў са двара, як раз калі нам было па 34 гады”, - расказала яна.

Хлопцы таксама выраслі ў бацьку – працавітыя і дамавітыя, разумныя, хоць і не скончылі інстытутаў. “Калі ім было вучыцца? Яны ж сразу пасля школы пайшлі на свой хлеб, грошы зарабляць, бо бачылі, як нам з бацькам цяжка”, - з сумам зазначыла матуля.

Але потым заганарылася: “Затое ўсе сыны сабе хаты пабудавалі, самі, сваімі рукамі, нікога са стараны не запрашалі. Вось якія мае хлопчыкі працавітыя, с залатымі рукамі! Мы вырасцілі добрых дзяцей”.

Ніна Кавальчук сказала, што марыць пакінуць памяць дзецям аб іх вялікай сям'і, таму вельмі любіць збіраць фотаздымкі ад свайго дзяцінства да гэтых часоў. “Ужо шосты фотаальбом падаравалі. Няхай  дзецям застанецца памяць”, –  сказала паэтка.

Из рубрики
comments powered by HyperComments