weather12

USD 1.9382

EURO 2.3128

RUR(100) 3.3656

search

Ці ўключаць старадаўнія могілкі ў Малькавічах у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей?

На пачатку 2016 года выйшаў чарговы 13-ы выпуск зборніка навуковых паведамленяў і артыкулаў «Архіварыус», у якім надрукаваны матэрыял кандыдата гістарычных навук, ураджэнца вёскі Дзяніскавічы Дзяніса Лісейчыкава «Надмагільныя камяні з “рускімі” надпісамі XVI–XVII стагоддзяў каля в. Малькавічы Ганцавіцкага раёна». Прапануем увазе чытачоў нашай газеты скарочаны варыянт дадзенага артыкула.

Агульны выгляд старажытных могілак у вёсцы Малькавічы
Агульны выгляд старажытных могілак у вёсцы Малькавічы / Фото: Виталий Герасименя

Старыя могілкі каля вёскі Малькавічы мала вядомыя шырокаму колу навуковай грамадскасці. Звесткі аб іх адсутнічаюць у энцыклапедычных выданнях савецкага часу, прысвечаных помнікам гісторыі і культуры Брэсцкай вобласці. Не ўнесены яны і ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Нашу ўвагу на гэты помнік звярнуў галоўны захавальнік фондаў Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея і адміністратар інтэрнэт-рэсурса «Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал» Віталь Герасіменя, які абследаваў могілкі і зрабіў іх падрабязную фотафіксацыю.

Агульны выгляд старажытных могілак у вёсцы Малькавічы
Агульны выгляд старажытных могілак у вёсцы Малькавічы / Фото: Виталий Герасименя

Могілкі знаходзяцца на адлегласці 1 км на ўсход ад вёскі ва ўрочышчы «На агародах». Яны размешчаны на невысокай градзе ў пойме ракі Цна. Вышыня ўзвышша каля 3 м, дыяметр каля 20–30 м.

На паверхні могілак захавалася каля сотні камянёў і надмагільных помнікаў. У чэрвені 2015 г. аўтар разам з В. Герасіменем правёў абследаванне названага помніка. Увыніку на некаторых камянях былі знойдзены інскрыпцыі і малюнкі, якія дазваляюць зрабіць высновы аб часе вырабу асобных надмагілляў і аб часе функцыянавання саміх могілак.

На трох камянях маюцца выявы розных варыянтаў крыжоў і фрагменты надпісаў. Два надмагіллі ўтрымліваюць надпісы па-старабеларуску: «[Клейнавы знак] | Лѣт(а) бо(жого) нар(оженя) | ҂афпе (1585) ро(кү) | Наста|сьѧ» (далей будзем зваць гэты камень «Настассяй», і «І(су)с [Выява крыжа] Х(ристо)с. | Рокү | бож(ого) нарож(еня) | а(…) (1…) рокү | тутъ положо|(н)и методъ (К)о|марови|чъ» (далей будзем зваць гэты камень «Камаровіч»).

Верагодна, надпісы і выявы маюць і некаторыя іншыя надмагіллі. Паколькі за сотні гадоў многія з іх былі перакуленыя, разбітыя, закапаныя альбо папросту «ўраслі» ў зямлю, то без правядзення раскопак адшукаць іншыя помнікі эпіграфікі на малькавіцкіх могілках немагчыма.

Надмагільны камень «Настасся»
Надмагільны камень «Настасся» / Фото: Виталий Герасименя

Надмагільны камень «Камаровіч»
Надмагільны камень «Камаровіч» / Фото: Виталий Герасименя

На жаль, да нашага часу захавалася зусім мала надмагілляў канца XVI – пачатку XVII ст., якія ўтрымліваюць надпісы на старабеларускай («рускай») мове, каб прааналізаваць іх змест, вылучыць шаблоны напісання, разам з апісанымі ў краязнаўчай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст. прыкладамі нам удалося налічыць не больш за паўтара дзясяткі «рускіх» надмагілляў азначанага перыяду.

У фармуляры складання надпісаў на «рускіх» надмагіллях другой паловы XVI – пачатку XVII ст. можна вылучыць некалькі элементаў, наяўнасць якіх залежала ад фінансавых магчымасцей заказчыка і ад яго месца ў сацыяльнай структуры грамадства.

Большая колькасць прысутных на надмагіллі элементаў сведчыць пра большую значнасць (заможнасць) асобы: 1. Дата (год) пахавання; 2. Імя; 3. Прозвішча; 4. Пасада; 5. Выява крыжа; 6. Выява родавага герба; 7. мастацкае аздабленне; 8. Біяграфічныя звесткі; 9. Літаратурныя прыёмы складання тэксту.

Асобна трэба ўлічваць, да якога тыпу надмагілля адносіцца камень паводле месца захавання — унутрыхрамавага альбо прыхрамавага. Надмагілле «Настасся» мае тры з пералічаных элементаў (год, імя, выяву клейнавага герба), надмагілле «Камаровіч» — чатыры (год, імя, прозвішча, выяву крыжа). Абодва адносяцца да прыхрамавага тыпу надмагілляў.

Адна з першых згадак вёскі і маёнтка Малькавічы (Малкавічы) датуецца 1526 г. У той час разглядалася спрэчка паміж уладальнікам Малькавічаў Юрыем Іллінічам і ўладальнікам суседняга маёнтка Лунін (Лулін) Янам Пенькам за права валодання паляўнічымі ўгоддзямі на сумежных землях. На жаль, ніякіх дакладных звестак аб самім маёнтку і яго жыхарах у тэксце дакумента не ўтрымліваецца.

Існаванне ж могілак цесна звязана з дзейнасцю царквы, якая існавала ў Малькавічах як мінімум з першай паловы XVI ст. Дакладных звестак аб гэтым мы не маем. Аднак, аналізуючы этапы фарміравання парафіяльнай сеткі цэркваў на беларускіх землях у гэты перыяд, можна сцвярджаць, што разглядаемыя намі могілкі ўяўляюць сабой тое, што ў крыніцах называецца пагостам – месцам, на якім размяшчаліся найбольш старажытныя храмы. Працэс пераносу будынкаў цэркваў з пагоста непасрэдна ў вёскі ў цэлым завяршыўся да канца XVI ст., аднак месцамі, асабліва па ўсходзе беларускіх зямель – полацкай епархіі – храмы на пагостах фіксуюцца яшчэ ў сярэдзіне XIX ст.

Найбольш ранняя дакладная звестка аб гэтай мясцовасці датуецца 28 лютага 1612 г. У гэты час адбылося размежаванне зямель Станіслава Кішкі і Яна Крачатоўскага ў раёне вёсак Малькавічы і Велута Навагрудскага павета.

Пры падрабязным апісанні межаў прыгадваюцца некалькі «астравоў» сярод балот на правым беразе р. Цна ў накірунку ад Малькавічаў да Велуты: «Востраў Лаза, востраў Ютычаў, востраў Казляноўскі, востраў Пагосцкі, востраў Салом’я, востраў Дубаў да вострава Селішча» (паколькі дакумент быў актыкаваны ў кнігах Пінскага земскага павятовага суда 23.09.1798, то пісар запісаў старабеларускі тэкст польскім «транслітам». У актавых кнігах ён запісаны ў такім выглядзе: «Ostrow Łoza, Ostrow Jutyczow, Ostrow Kozlanowski, Ostrow Pohoski, Ostrow Solomja, Ostrow Dubow do Ostrowa Seliszcza». Пад назвай «востраў Пагосцкі» якраз і фігуруюць старыя малькавіцкія могілкі. Гэта гаворыць аб тым, што ў пачатку XVII ст. будынак царквы хутчэй за ўсё ўжо знаходзіўся ў вёсцы.

Малькавіцкая царква належала да юрысдыкцыі Кіеўска-Віленскай мітрапаліцкай епархіі і знаходзілася на паўднёвым яе ўскрайку. Суседнія з Малькавічамі парафіі ў Хатынічах, Луніне і Малой Плотніцы належалі ўжо да юрысдыкцыі Пінска-Тураўскіх епіскапаў. Пратакол генеральнай візітацыі Малькавіцкай царквы 1696 г. нічога не гаворыць аб дакладнай лакалізацыі храма і могілак. Стан парафіі на той час быў нездавальняючы. Не з лепшага боку характарызавалася візітатарам асоба тагачаснага святара Яна Навіцкага: «Сам святар нічога не ўмее. На саборах ніколі не быў, наконт чаго атрымліваў позвы (у кансісторскі суд. — Д. Л.), паводле якіх не з’яўляўся». Верагодна, малькавіцкая парафія і царква не лічыліся надта прэстыжнымі ўжо ў той час.

На плане 1855 г. будынак царквы адзначаны на новым месцы, непасрэдна ў вёсцы. Зусім лаканічна гаворыць аб будынку і месцазнаходжанні храма візіта Малькавіцкай царквы за 1820 г.: «Месца знаходжання гэтай царквы ў лясах і балотах, дзе матэрыялаў каменных не маецца».

Пры гэтым не ўдакладняецца канкрэтнае месца. Не фіксуе візіта і наяўнасць асобнай капліцы на старым царковішчы, адзначаецца толькі наяўнасць капліцы ў суседняй в. Люсіна. Тытул Малькавіцкай царквы паводле візіты 1820 г. – Св. Юрыя (Георгія), калятарам царквы запісаны Рудольф Тызенгаўз, апісанне разлегласці прыхода – у даўжыню 17 вёрст, ад бліжэйшай царквы ў в. Бастынь знаходзіцца за 7 вёрст, усяго ў прыходзе 160 дамоў, 837 душ (408 мужчын, 429 жанчын). Кліравыя ведамасці царквы за 40-я гг. ХІХ ст. і больш позні перыяд фіксуюць наяўнасць на тэрыторыі парафіі яшчэ адной капліцы – у в. Макава.

Дынаміку змен колькасці парафіян можна праілюстраваць наступнымі лічбамі: 1844 г. — 129 дамоў, 1128 душ (518 мужчын, 610 жанчын), 1851 г. — 134 дамы, 1149 душ (536 мужчын, 613 жанчын), 1864 г. — 112 дамоў, 995 душ (446 мужчын, 549 жанчын), усе яны ў той час з’яўляліся ўжо падданымі памешчыкаў Патоцкіх.

Самыя раннія з захаваных метрычных кніг аб памерлых Малькавіцкай царквы за 1791–1813 гг. фіксуюць тры месцы пахавання: «на Малкавіцкіх могілках», «пры Люсінскай капліцы» і «пры Макаўскай капліцы». Дзе канкрэтна размяшчаліся «Малкавіцкія могілкі», дакументы не паведамляюць.

Пахаванні на старых малькавіцкіх могілках працягваліся і ў больш позні час. Самае позняе з захаваных на сённяшні дзень надмагілляў датавана 1907 г. увогуле, тры самыя познія надмагіллі сведчаць, што на могілках у той час хавалі немаўлят (19 снежня 1905 г. – Віталь Багно, 1 снежня 1905 г. – Галіна Цвяткова, 13 лютага 1907 г. – Мікалай Цвяткоў).

Магчыма, на той час існавала нейкая мясцовая традыцыя памерлых дзяцей хаваць менавіта на гэтых старых могілках. Позніх надмагілляў усяго некалькі, і яны рэзка адрозніваюцца ад астатніх паводле знешняга выгляду і часу вырабу. Ставіліся яны, відавочна, прадстаўнікамі мясцовых «вышэйшых колаў». 9-месячны Віталь Багно (Багон), які памёр ад запалення лёгкіх 19 снежня 1905 г., быў сынам памочніка начальніка раз’езда Люсіна Вільня-Ровенскай чыгункі Івана Сільевіча Багона.

Святар адмыслова не пазначаў у метрычных кнігах дакладнае месца пахавання. Насупраць запісаў аб месцы пахаванняў, адпетых у малькавіцкай царкве ў пачатку ХХ ст., паўсюль маецца стандартны запіс: «На мясцовых могілках» (рус. – «На местных кладбищах»). Такая ж нататка пастаўлена і насупраць запісу аб смерці вышэйзгаданага Віталя Багно.

Адзначаныя ў самым пачатку артыкула дзве асобы, надмагіллі якіх захаваліся найлепш – Настасся (без прозвішча) і Мяфодзі Камаровіч – верагодна, належалі да прывілеяваных саслоўяў навакольных зямель. Па-першае, знайсці дастаткова вялікі камень для вырабу надмагілля ў гэтым рэгіёне практычна немагчыма.

Найбліжэйшая мясцовасць, дзе фіксуецца наяўнасць т.зв. эрратычных валуноў, гэта ваколіцы вёсак Дзяніскавічы, Шашкі, Малыя і Вялікія Круговічы – прыблізна 20 км ад месцазнаходжання малькавіцкіх могілак. Па-другое, неабходна было заплаціць за працу майстру, каб той адшліфаваў паверхню каменя і выбіў патрэбны тэкст. Усё гэта маглі сабе дазволіць найперш самыя знатныя ў парафіі асобы – калятары, шляхта і ўласна прадстаўнікі духавенства.

Астатнія парафіяне Малькавіцкай царквы ў лепшым выпадку ставілі па сваіх памерлых сваяках звычайны валун без надпісу альбо толькі з выявай крыжа. Менавіта такія помнікі складаюць абсалютную большасць на могілках.

Як бачна, у выпадку з Настассяй майстар не зафіксаваў на камені яе прозвішча. Між тым гэтая жанчына з’яўлялася важнай асобай на тэрыторыі парафіі Малькавіцкай царквы. На нашу думку, надмагілле належыць жонцы альбо дачцэ малькавіцкага святара другой паловы XVI ст. У святарства ritus graeci беларуска-літоўскіх зямель у гэты перыяд у цэлым яшчэ не склалася традыцыя пазначаць устойлівыя прозвішчы на пісьме.

На камені Мяфодзія Камаровіча, як можна бачыць, страчаны некаторыя фрагменты тэксту, у тым ліку першая літара прозвішча. Можна дапусціць, што першай літарай тут можа з’яўляцца не К, а Т альбо С. Аднак для Т, якую рэзчык піша ў варыянце перагорнутай Ш (Т), пры такой шчыльнасці літар на камені проста не было месца.

Прозвішча ж Самаровіч у гэтай мясцовасці альбо прылеглых тэрыторыях дакументы XVI – пачатку XVII ст. не фіксуюць. Камаровічы ж, наадварот, зафіксаваны ў дакументах метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. У перапісе войска ВКЛ 1528 г. адзначаны два носьбіты прозвішча Камаровіч: Мітка (Міцька) Камаровіч, баярын Навагрудскага павета, і Ігнат Камаровіч, баярын Пінскага павета, якія не маюць сваіх людзей і мусяць ехаць на вайсковую службу самі. На жаль, дакладнае месца пражывання гэтых асоб не адзначана.

Мяфодзі Камаровіч з аднолькавай доляй верагоднасці мог з’яўляцца нашчадкам аднаго з іх. Аднак у дакументах аб дваранскім паходжанні роду Камароў-Стахоўскіх з фонду Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу падрабязна распісаны ўсе нашчадкі таго самага пінскага баярына Ігната Камаровіча (Камара). Асобы з іменем Мяфодзі ў іх не зафіксавана. Найбольш верагодна, што Мяфодзі Камаровіч з’яўляецца нашчадкам баярына Навагрудскага павета Міткі (Міцькі) Камаровіча.

Аналіз надпісу на помніку Мяфодзія наводзіць нас на цікавую гіпотэзу аб часе вырабу надмагілля. Як бачым, у тэксце адсутнічае дакладны год пахавання, літарай «а» (1) адзначаны толькі нумар тысячагоддзя. Далей да слова рокү адсутнічаюць тры літары, якія б мусілі азначаць нумар стагоддзя, дзесяцігоддзя і года.

Скрупулёзны агляд структуры каменя дазваляе сцвярджаць, што мы маем справу не са знішчэннем фрагмента надпісу – рэзчык спецыяльна пакінуў лакуну ў гэтым месцы. Так было зроблена, магчыма, паводле жадання заказчыка. На выказаную думку наштурхоўвае прыклад іншых помнікаў таго ж перыяду – надмагілля луцкага і астрожскага ўніяцкага епіскапа Кірылы Цярлецкага, а таксама надмагілля жонкі мінскага бурмістра Марыі Маслянкі.

Кірыла Цярлецкі, як вядома, памёр у 1607 г. Між тым на надмагільным помніку выбіты толькі дзве кірылічныя літары а і х (1 і 6), якія азначаюць нумар тысячагоддзя і стагоддзя. Помнік багата і па-майстэрску аздоблены.

Відавочна, уладыка Кірыл замовіў яго незадоўга да смерці – у самым пачатку XVII ст. пасля яго ж смерці паводле нейкай прычыны душапрыказчыкі ўладыкі не парупіліся, каб майстар выбіў на надмагіллі дакладны год трагічнай падзеі. У выпадку з каменем Мяфодзія Камаровіча, на нашу думку, адбылася такая ж гісторыя.

Час замовы помніка самім Мяфодзіем прыпадае, напэўна, на 1590-я гады — менавіта таму майстар не пазначыў на камяні нават нумара стагоддзя. Смерць жа адбылася верагодней за ўсё ў тыя ж 1590-я гады — калі б Камаровіч перажыў 1599 год, ён, мабыць, папрасіў бы майстра дадаць на помнік нумар стагоддзя — літару Х (6). такім жа чынам тлумачыцца і наяўнасць адной толькі літары А (1000) у даце смерці Марыі Маслянкі, надмагілле па якой замаўлялася ў майстра ў самым канцы XVI ст.

У ходзе абследавання намі старых Малькавіцкіх могілак выявілася яшчэ адна праблема. Паводле сведчанняў галоўнага захавальніка фондаў Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея Віталя Герасімені, восенню 1998 года спецыялістамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Аддзела археалогіі каменнага і бронзавага вякоў праводзілася археалагічнае даследаванне Ганцавіцкага раёна.

У пералік наведаных аб’ектаў трапілі і дадзеныя могілкі, але спецыялісты не змаглі прачытаць змест надпісаў на надмагіллях. Магчыма, прычына гэтага, што дадзеным пытаннем займаліся спецыялісты «профільнага» аддзела археалогіі. Між тым для прачытання зместу надпісаў неабходна валодаць навыкамі ў палеаграфіі XVI–XVII стагоддзяў і вопытам архіўнай, а не палявой археалагічнай работы.

Сюжэты аб наяўнасці камянёў з надпісамі даволі часта з’яўляюцца на форумах розных краязнаўчых сайтаў, і з-за адсутнасці палеаграфічных навыкаў у іх апісальнікаў ствараюцца легенды, якія пасля тыражуюць сродкі масавай інфармацыі.

Так, нядаўна на канале «Сталічнае тэлебачанне» прайшоў сюжэт аб наяўнасці ў парку в. Манькавічы Столінскага раёна камянёў, якія былі перавезены са столінскага касцёла і якія ўтрымліваюць надпісы на грэцкай мове. Журналісты разам з мясцовымі краязнаўцамі агучылі стандартную ў такіх выпадках легенду: гэта камяні-абярэгі, якія лічацца «бліжэйшымі сваякамі падобных камянёў у Барысаве (відаць, маюцца на ўвазе «Барысавы камяні». — Д. Л.)» на самай справе гэта надмагільныя камяні другой паловы XVIII ст.: «NИ [Выява крыжа] КА | ҂аѱп|е (1785) | Гри|гори». Большасць камянёў з «незразумелымі» надпісамі якраз і з’яўляюцца надмагіллямі XVI–XVIII стст., а, магчыма, і больш ранняга перыяду.

Зварот па экспертызу ў кампетэнтныя ўстановы дазволіць у будучым пазбягаць падобнай міфатворчасці.

Такім чынам, старыя могілкі каля вёскі Малькавічы ўяўляюць сабой пагост — месца знаходжання найбольш старажытнай Малькавіцкай царквы, якая была перанесена непасрэдна ў вёску ў канцы XVI ст. Як вынікае з аналізу тэкстаў надмагілляў, пахаванні тут адбываліся як мінімум з 1585 г. і да самага пачатку ХХ ст. Надмагіллі пачатку XX ст. сведчаць, што на той час паводле мясцовай традыцыі тут хавалі немаўлят.

Аўтар артыкула Дзяніс Лісейчыкаў побач з каменем «Настасся»
Аўтар артыкула Дзяніс Лісейчыкаў побач з каменем «Настасся» / Фото: Виталий Герасименя

Два надмагіллі ўтрымліваюць добра чытабельныя тэксты надпісаў на старабеларускай («рускай») мове канца XVI – пачатку XVII ст., якія былі пастаўлены па асобах, што належалі да прывілеяваных пластоў грамадства. Аналіз зместу надпісаў і параўнанне малькавіцкіх камянёў з іншымі прыкладамі вядомых «рускіх» надмагілляў канца XVI – пачатку XVII ст. зямель былога Вялікага Княства Літоўскага дазваляе сцвярджаць наступнае.

Фармуляр складання надпісаў (наяўнасць 3–4 элементаў з 9 магчымых) сведчыць аб тым, што заказчыкі помнікаў належалі да катэгорыі асоб з даволі вялікімі фінансавымі магчымасцямі. Практыка замаўлення надмагілляў у майстра пры жыцці заказчыка, уласцівая беларуска-літоўскім землям разглядаемага перыяду, была характэрнай і для ваколіц Малькавічаў. Камяні дастаўляліся ў Малькавічы з адносна вялікай адлегласці – каля 20 км.

На падставе ўсяго пералічанага вышэй мясцовым уладам Ганцавіцкага раёна мэтазгодна ініцыяваць працэс уключэння старых могілак каля в. Малькавічы ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Два найбольш каштоўныя надмагіллі 1585 і 1590-х гг. заслугоўваюць таго, каб папоўніць фонды Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея і, несумненна, будуць з’яўляцца аднымі з найбольш каштоўных прадметаў у экспазіцыі па гісторыі хрысціянства на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна.

Из рубрики
comments powered by HyperComments